ЯПІСКАПЫ Й СЬВЯТАРЫ ПОЛЬСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ
Ў ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ Й ПРЫ ПОЛЬСКІМ ВОЙСКУ НА ЗАХАДЗЕ
Падчас апошняе вайны й пасьля яе пасялілася ў Вялікай Брытаніі шмат беларусаў. Адныя прыехалі сюды разам з польскім войскам, пераважна пасьля выязду з СССР у 1942-43 гадох, а іншыя зь Нямеччыны на кантрактавыя працы, як так называныя "displaced persons" або "перамешчаныя асобы". Сярод гэтых людзей былі ня толькі праваслаўныя вернікі, але таксама япіскапы й сьвятары, якія падлягалі пад юрысдыкцыю Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (ПАПЦ). Варта тут успомніць, што паводле сьпісу насельніцтва Польшчы з 09.12.1931 году, у Польшчы было 3,8 мільёны праваслаўных, а гэта 11,9% ад усяго насельніцтва. У 1939-м годзе праваслаўных было прыблізна 4,2 мільёны. Беларусы складалі палову вернікаў ПАПЦ. Дык гісторыя ПАПЦ ёсьць нашай беларускай гісторыяй.
Галавою ПАПЦ на чужыне падчас вайны й некалькі гадоў пасьля яе быў япіскап Сава. Дзеля таго, што Польшча з камуністычным урадам па вайне апынулася ў сфэры ўплыву Савецкага Саюзу, сярод япіскапаў і сьвятароў ПАПЦ павінна было паўстаць пытаньне, да якой юрысдыкцыі яны павінны падлягаць, ці да Варшаўскага мітрапаліта, ці да якое іншае. Справа прыналежнасьці да Варшаўскага мітрапаліта сталася яшчэ і больш складанаю дзеля таго, што епархіі Горадзенская і Наваградзская (япіскапа Савы) і Віленская (япіскапа Мацьвея) апынуліся ў СССР пад юрысдыкцыяй Маскоўскага патрыярха.
Польскі экзыльны ўрад у Лёндане, напэўна, меў сваю апінію ў гэтай справе, але ня маючы доступу да архіваў вельмі цяжка сказаць, якім менавіта было стаўленьне да гэтага пытаньня польскага экзыльнага ўраду.
Таксама дакладна няведама, да якое царкоўнае юрысдыкцыі падлягаў сьв. памяці япіскап Сава перад сваёю сьмерцю. Аўтару гэтага артыкула не ўдалося таксама ўстанавіць да якое юрысдыкцыі падлягаў сьв. памяці япіскап Мацьвей. Адныя кажуць, што ён належаў да ПАПЦ, а іншыя інфармуюць, што да Грэцкай Царквы. Асабіста я думаю, што ён належаў да Грэцкай Царквы.
Хоць у ПАПЦ у Вялікай Брытаніі былі два япіскапы й сьвятары, не пакінулі яны па сабе ніводнай собскай царквы. Сьвятыя літургіі адпраўлялі пераважна ў англіканскіх цэрквах. Некалі ПАПЦ мела свой собскі парафіяльны дом у Лёндане, у якім жылі кватаранты. Пасьля сьмерці япіскапа Мацьвея дом той прадалі.
У маіх артыкулах, надрукаваных раней у "Беларусе" і "Ніве" , я трохі ўспамінаў пра япіскапа Мацьвея і сьвятара Ўсевалада Яськова, падрабязна апісаў жыцьцё а. Міхаіла Бажэр'янава ў Афрыцы.

Япіскап Сава (Георгі Саветаў)
Па паходжаньні япіскап Сава быў расейцам. У свой час быў ён афіцэрам царскага войска. Пасьля грамадзянскай вайны апынуўся ў Югаславіі, дзе вучыўся ў духоўных установах. Ужо як духоўная асоба прыехаў ён ў Польшчу ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя. Быў япіскапам Горадзенскім і Наваградзкім аж да вайны ў 1939-м годзе. Варта тут успомніць, што япіскап Сава ня быў адзіным сьвятаром, якога палякі запрасілі прыехаць у Польшчу. Так, з Рыму быў запрошаны япіскап Георгі Ярашэўскі, дзе ён жыў са сваім сябрам князем Шэвалавым (колішнім галоўным пракуратарам Сьвяцейшага Сыноду ў Маскве і сябрам Распуціна). Япіскап Георгі (потым архіяпіскап, мітрапаліт) быў прыхільнікам стварэньня аўтакефаліі ў Польшчы. Загінуў ён вельмі трагічнай сьмерцю, 27.02.23 яго застрэліў фанатык архімандрыт Смарагд.
Сьцягваньне з-за мяжы ў Польшчу праваслаўных япіскапаў (расейскага паходжаньня!) было заплянаванае польскім урадам. Хадзіла аб тым, каб новаствораная царкоўная гіерархія была прапольская, выконвала дэкрэты полькага ўраду і дамаглася ў Маскоўскага патрыярха дазволу на залажэньне аўтакефаліі ў Польшчы. Хадзіла, напэўна, і аб тым, каб царкоўныя ўлады не былі нацыянальна павязаныя са сваімі вернікамі, беларусамі й украінцамі.
Праваслаўныя япіскапы, якія не пагаджаліся з палітыкаю польскага ўраду адносна праваслаўнае царквы былі альбо перасьледаваныя (япіскап Горадні й Пінска), альбо выдаленыя з Польшчы (япіскап Уладзімер), альбо пераведзеныя ў манастыр (япіскап Панцеляймон Ражноўскі да Жыровіч)...
Да вайны палякі вялі моцную палянізацыю праваслаўнае царквы. Хацелі ўвесьці польскую мову ў літургіі й казаньнях. Дзеля гэтага ўжо нават надрукавалі "літургіконы" ў полькай мове. У гэтай палянізацыйнай акцыі праваслаўной царквы наперадзе была Горадзеншчына. Ня ведаем, якое было стаўленьне япіскапа Горадзенскага і Наваградзкага Савы да гэтай сумнай і прыкрай справы. Але можна падазраваць, што ён быў супраць палітыкі полькага ўраду і рыма-каталіцкага касьцёлу. Довадам гэтага няхай будзе тое, што япіскап Сава быў адным зь сямі падпісчыкаў (мітрапаліт, тры архіяпіскапы й тры япіскапы) мэмарандуму-пратэсту ад 16.06.1938 году да польскага ўраду аб антыхрысьціянскіх акцыях супраць праваслаўных вернікаў і праваслаўнай царквы на Холмшчыне. Мэмарандум пачынаўся так: "Страшныя падзеі, што сталіся апошнім часам у Люблінскім ваяводзтве, напоўнілі страхам усіх праваслаўных вернікаў у Польшчы. За кароткі час зьнішчана больш за 100 праваслаўных цэркваў, частка якіх існавала яшчэ ад часоў полькіх каралёў..." і г. д. А заканчваўся мэмарандум так: "І мы выказваем тут той горкі наш смутак перад вышэйшаю ўладаю хрысьціянскай Польшчы, што такая страшная несправядлівасьць з патаптаньнем Хрыстовай праўды й любові сталася нам - хрысьціянам у хрысьціянскай дзяржаве."
Чаму такія зьдзекі над праваслаўнаю царквою рабіліся ў Польшчы ў 1938-м годзе? Можа дзеля таго, што быў гэта юбілейны год - 950-годзьдзе хрышчэньня Русі, і палякі хацелі па-свойму паказаць праваслаўным, што яны думаюць аб гэтым юбілеі. А можа хацелі, каб збыліся словы вершыка: "...Wiwat nasza przyjazn stara - Polak, Rusin jedna wiara…" (Няхай жыве нашае старое сяброўства - паляк, русін адное веры.) Ня трэба тут удакладняць, аб якой "адной веры" йдзе тут гаворка, не аб праваслаўнай.
Пасьля гэтага адступленьня вернемся да апавяданьня пра япіскапа Саву. Калі пачалася вайна, ён быў за мяжою. Потым прыехаў у Вялікую Брытанію, і быў прызначаны на вайсковага япіскапа - капэляна Польскага войска замяжою ў ранзе генэрала.
Акрамя праваслаўных жаўнераў у Польскім войску ў Вялікай Брытаніі й на Блізкім Усходзе (Палестына, Ліван) было шмат праваслаўных у частках Польскага войска, створаных у СССР. Былі там (у СССР) і сьвятары, як, напрыклад, айцец Курылас зь Львова. Далейшы лёс ягоны нам, на жаль, невядомы.
Сярод праваслаўных сьвятароў ПАПЦ пры Польскім войску ў СССР паўстала кананічнае пытаньне: ці падчас Божых службаў успамінаць маскоўскага патрыярха Сяргея і мясцовых япіскапаў. Сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні мітрапаліт Сяргей выясьніў у лісьце ад 15.12.1941 году да польскага амбасадара ў СССР Станіслава Кота. Але палякам трэба было ведаць кананічнае становішча ПАПЦ, і яны зьвярнуліся па параду да япіскапа Савы.
У тэлеграме з ЗША япіскап Сава паведамляў: "Трэба ўспамінаць імя Сяргея (маскоўскага патрыярха, М. Ш.). Гэта астатняе не перасуджвае справы аўтакефаліі, але ёсьць патрэбным з кананічных поглядаў..." Тут ўсё ясна, але словы "гэта астатняе не перасуджвае справы аўтакефаліі..." патрабуюць паясьненьня.
Справа ў тым, што паводле праваслаўных конанаў, каб стварыць аўтакефалію, треба мець згоду Маці-Царквы. А для праваслаўных вернікаў, якія апынуліся ў Польшчы паводле Рыскай дамовы 1921-га году, Маці-Царквою была Руская Праваслаўная Царква. Аб гэтым добра ведала ня толькі новапаўсталая царкоўная гіерархія ў Польшчы, але і польскі ўрад. Дзеля гэтага праваслаўныя япіскапы й польскі ўрад зьвярнуліся да маскоўскага пратрыярха Ціхана з просьбаю аб ягонай згодзе на залажэньне аўтакефаліі ў Польшчы. Патрыярх Ціхан пагаджаўся на вялікую аўтаномію, але на поўную аўтакефалію згоды не даваў. Выбару не было. Палёнафільскія праваслаўныя япіскапы й польскі ўрад тады зьвярнуліся з такою просьбаю да канстантынопальскага патрыярха. Усяленскі патрыярх даў сваю згоду на залажэньне аўтакефаліі ў Польшчы ў 1924-м годзе.
Масква аднак новастворанае аўтакефаліі не прызнавала праз гады яе існаваньня і ўважала яе, як некананічную. Ужо пасьля вайны, калі ўладу ў Польшчы ўзялі камуністы, Масква... узнала аўтакефалію ў Польшчы ў 1948-м годзе. Адным словам было так: як у Польшчы правіла санацыя, дык Масква не прызнавала аўтакефаліі, але, калі ўладу захапілі камуністы, дык тады Масква аўтакефалію прызнала. Каментары тут не патрэбныя.
У вышэй памянутай тэлеграме япіскап Сава наказвае падлеглым яму сьвятарам не ўспамінаць у набажэнствах імя Дзіянінія, тады мітрапаліта і галавы ПАПЦ, да якога і ён сам падлягаў! Вельмі цікавы й дзіўны наказ. З-за адсутнасьці архіўных матэрыялаў мы ня ведаем, ці быў гэта асабісты наказ япіскапа Савы ці польскага ўраду. Чым кіраваўся япіскап Сава? Пытаньне, ці было гэта згодна з кананічным правам праваслаўнай царквы, пакіну для абмеркаваньня тэолягам. Аднак успомню, што адзін польскі гісторык у Ангельшчыне (З. С. С-ко) падазрае, што прычынаю для неўспамінаньня Мітрапаліта Дзіянісія падчас літургіяў было тое, што падчас нямецкай акупацыі ён харатанізаваў у япіскапы двох украінскіх сьвятароў без папярэдняй згоды польскага ўраду да чаго ён (Дзіянісій) быў забавязаны дакрэтам польскага ўраду ад 1938-га году. Зьвярніце ўвагу, што мітрапаліт ПАПЦ ня меў права харатанізаваць сьвятароў у япіскапы без дазволу сьвецкіх людзей, у гэтым выпадку польскага ўраду!!!
Аўтар гэтага артыкула спатыкаўся і гутарыў зь япіскапам Саваю ў Палестыне і ў Ангельшчыне. Зрабіў ён тады добрае ўражаньне.
Па вайне япіскап Сава жыў у Лёндане, адпраўляў Божыя літургіі, меў вялікую парафію. Памёр і пахаваны ў Лёндане.

Япіскап Мацьвей (Сямашка)
Не атрымалася нам даведацца адкуль быў родам япіскап Мацьвей. Паводле адных зьвестак быў ён родам з Холмшчыны, а паводле іншых з Браслаўшчыны. Да Другой сусьветнай вайны быў япіскапам Віленскім. Япіскап Мацьвей разам зь япіскапам Цімафеям Шрэтэрам (па вайне архіяпіскапам Беластоцкім, а потым Мітрапалітам Варшаўскім) былі прыхільнікамі палянізацыі праваслаўнай царквы ў перадваеннай Польшчы.
Палянафільства япіскапа Мацьвея праяўлялася і пазьней, на эміграцыі ў Ангельшчыне. Ен адпраўляў малебны за Польшчу, падпісваўся пад зваротамі на збор грошай для польскіх грамадзкіх эміграцыйных установаў, як прыкладам, тэатру. На колькі мне ведама, не рабіў япіскап Мацьвей заклікаў зьбіраць грошы на пабудову ці куплю сваёй собскай праваслаўнай царквы ў Лёндане.
Пасьля сьмерці япіскапа Савы япіскап Мацьвей ачоліў ПАПЦ у Вялікай Брытаніі. Пасяліўся і жыў у Лёндане. Рукапалажыў у сьвятары некалькі асобаў.
Паміж япіскапамі Саваю і Мацьвеем не было добрых суадносінаў, што і зразумела, зважаючы на палянафільства апошняга.
Памёр япіскап Мацьвей у 1985-м годзе ў Лёндане, дзе й пахаваны. Зь яго сьмерцю ПАПЦ у замежжы фактычна перастала існаваць.

Айцец Іоан Савіч
Айцец Іоан Савіч быў беларусам родам з-пад Лунінца. Быў гэта культурны, сьціплы сьвятар. Да 1939-га году быў ён вайсковым капэлянам у польскім войску. У тым-жа 1939-м годзе пакінуў Польшчу і праз Балканы, Міжземнае мора прыбыў у Палестыну, дзе і далей быў капэлянам.
У 1942-43-м гадох прыехала ў Палестыну з СССР з польскім войскам шмат праваслаўных жаўнераў і некалькі сьвятароў. Айцец Іоан быў прызначаны галоўным капэлянам на Бліжнім Усходзе. З польскім войскам пад камандаваньнем генэрала Андэрса выяхаў ён у Італію. Там захварэў і вярнуўся назад у Палестыну.
У Палестыне пасяліўся ў грэцкім манастыры ў Сьвятым Горадзе Ерусаліме. Часам браў удзел у служэньні Сьвятой літургіі ў расейскай праваслаўнай царкве Сьв. Марыі Магдалены ў Гефсіманіі. У Ерусаліме я часта зь ім сустракаўся і гутарыў.
Па вайне айцец Іоан прыехаў у Ангельшчыну, дзе палучыўся з жонкаю і дачкою, якія прыехалі зь Нямеччыны. Пасяліўся ў Лёндане. Спачатку дапамагаў служыць у ПАПЦ, а потым у Расейскай Зарубежнай Царкве. Памёр і пахаваны ў Лёндане.

Айцец Усевалад Яськоў
Айцец Усевалад Яськоў быў расейцам і да вайны меў сваю парафію на Віленшчыне. Быў вывезены ў глыб СССР. Потым разам з польскім войскам выехаў у Іран. Быў вайсковым капэлянам на Блізкім Усходзе. Разам з войскам выехаў у Італію. У Італіі пасьля выезду айца Іоана Савіча абняў пазыцыю галоўнага капэляна. Пры канцы 1940-х гадоў прыехаў у Ангельшчыну і пасяліўся ў Манчэстэры.
У Манчэстэры заложаная была вялікая парафія, настаяцелем якой і стаў айцец Усевалад. Парафія называлася "Усеславянскаю", бо прыхаджанамі былі беларусы, расейцы, украінцы ды трохі сэрбаў. Назоў "Усеславянская" ня мае нічога супольнага з рэлігіяй, дык называць парафію гэтым словам было, на маю думку, дзіўным выбарам.
У паваенны час людзі на чужыне хадзілі ў царквы рэгулярна дзеля задавальненьня сваіх духоўных патрэбаў. Акрамя гэтага царквы была цэнтрамі, дзе спатыкаліся знаёмыя, блізкія, аднаверцы. Так было і ў манчэстарскай парафіі.
Праз некалькі гадоў колішняя вялікая парафія апусьцела, і айцец Усевалад пастанавіў выехаць у ЗША. Яго вернікамі ў ЗША (Рокфорд) былі пераважна беларусы. Але і ў Амэрыцы айцец Усевалад не знайшоў шчасьця, аб чым скардзіўся і пісаў у лістах. А скардзіўся "на всех і на вся..." Як даўга быў айцец Усевалад настаяцелем у ЗША я ня ведаю. Але хіба ня вельмі доўга.
Ужо ў ЗША айцец Усевалад быў узьведзены ў сан архімандрыта зь імём Вісарыён. Памёр ён у ЗША. У Ангельшчыне заставалася дачка.
Я больш падрабязна апісаў жыцьцё айца Усевалада/Вісарыёна ў артыкуле, надрукаваным у нумары 373 газэты "Беларус" у верасьні 1990-га году.

Працяг у наступным нумары.

19.01.1945 г. Ерусалім, Гефсіманія. Каля царквы Сьв. Марыі Магдалены група праваслаўных жаўнёраў, пераважна Беларусаў, у польскім войску. Пасярэдзіне а. Ўсевалод Яськоў.