ЯПІСКАПЫ Й СЬВЯТАРЫ ПОЛЬСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ
Ў ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ Й ПРЫ ПОЛЬСКІМ ВОЙСКУ НА ЗАХАДЗЕ

Айцец Серафім Краскоўскі
Айцец Серафім Краскоўскі быў беларусам родам зь Віленшчыны. У сьвятары быў рукапакладзены яшчэ да вайны 1939-га году. Перанёс зьдзекі ў высылцы й на катарзе ў СССР. Разам з польскім войскам выехаў з СССР у Іран ў 1942-м годзе. Па прыезьдзе ў Ірак направіў сваю асабістую эвідэнцыю/дакумэнтацыю і пачаў адпраўляць Божыя службы.
З Іраку праз Палестыну, Эгіпет і Міжземнае мора прыплыў у Італію, дзе быў капэлянам 2-й Варшаўскай панцэрнай дывізіі. Быў на фроньце. Усюды адпраўляў Сьвятыя літургіі. Па вайне, у 1947-м годзе, прыехаў у Ангельшчыну, дзе далей вёў душпастырскую працу. На жаль, захварэў на псыхіятрычную хваробу, быў у шпіталі. Памёр і пахаваны ў Ангельшчыне.

Айцец Вячаслаў Тарановіч
Айцец Вячаслаў быў беларусам. Падчас вайны быў на Бацькаўшчыне. Па прыезьдзе ў Ангельшчыну пасяліўся ў Лёндане. Адпраўляў Божыя літургіі ў Лёндане і іншых гарадох, дзе жылі праваслаўныя вернікі. Цяжка працаваў фізычна, каб зарабіць на пражыцьцё. Потым, праз даўжэйшы час, адпраўляў Божыя літургіі ў лёнданскай беларускай праваслаўнай царкве Сьв. Еўфрасіньні Полацкай.
У Ангельшчыне меў жонку і дачку. Памер і пахаваны каля Лёндану.

Айцец ...? Макарэвіч
Айцец ...? Макарэвіч быў сьвятаром яшчэ да вайны. Быў беларусам. Па прыбыцьці ў Ангельшчыну (пасьля вайны) пасяліўся ў Лёндане. Пасьля сьмерці япіскапа Савы айцец Макарэвіч займаўся справамі ягонай (Савы) спадчыны. Засталося няведамым, які быў канчатковы вынік гэтай ягонай працы.
Айцец Макарэвіч з Ангельшчыны выехаў у ЗША, дзе быў сьвятаром у беларускай праваслаўнай парафіі. Далейшы ягоны лёс мне няведамы. Ня ведаю таксама, дзе і як ён жыў у ЗША. Можа хто зь беларусаў у ЗША мог-бы напісаць больш пра айца Макарэвіча?

Айцец ...? Пятручык
Айцец Пятручык таксама прыехаў на Блізкі Ўсход з польскім войскам з СССР. Як мне казалі людзі, якія ведалі айца Пятручыка, рукапалажэньне яго ў сьвятары адбылося на Блізкім Усходзе. Пасьля вайны ён ведамым нам шляхам праз Эгіпет, Міжземнае мора, Італію прыехаў у Ангельшчыну. Пасяліўся ў Лёндане. Абслугоўваў праваслаўныя парафіі па ўсёй Ангельшчыне, дзе не было праваслаўных сьвятароў. Далейшы ягоны лёс застаецца няведамым.
Дзеля паўнаты ўспомню, што быў ён да вайны праўдападобна выкладчыкам праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў Берасьці.

Айцец Арсені Кажанеўскі
Айцец Арсені быў украінцам з Валыні. Быў у глыбіні СССР адкуль з польскім войскам выехаў у Іран. Потым, як амаль усе жаўнеры гэтага войска, прыехаў у Ангельшчыну. Пасяліўся ў горадзе Лідс (Leeds). У сьвятарства быў рукапакладзены ўжо ў Ангельшчыне.
Айцец Арсені быў добрым чалавекам, добрым мужам, бацькам і сьвятаром. Ведаў, як трэба абыходзіцца зь людзьмі. Меў сваю парафію ў Лідс, але езьдзіў і ў іншыя гарады, як Манчэстэр, Болтон, Сток-он-Трент, каб весьці душпастырскую працу. Быў вельмі паважаным сьвятаром.
Памёр і пахаваны ў горадзе Лідс. Засталася дачка.

Айцец Іван Сотнікаў
Айцец Іван Сотнікаў быў расейцам і быў рукапакладзены ў сьвятары, здаецца, ужо ў Вялікай Брытаніі. Жыў у горадзе Эдынбургу (Шкотыя), дзе меў сваю парафію. Ад часу да часу езьдзіў у шпіталь у мясцовасьць Пэнлей (Penley) у Валіі, дзе сярод хворых і абслугі былі праваслаўныя людзі.
Памёр і пахаваны ў Эдынбургу.

Айцец Міхаіл Бажэр'янаў
Айцец Міхаіл Бажэр'янаў быў расейцам. У сьвятары быў рукапакладзены яшчэ да вайны. Паходзіў зь Вільні. Разам з жонкаю быў вывезены на катаргу ў глыбіню СССР. Сам, бяз жонкі, выехаў у Іран з поьскім войскам. Жонка гэтага сьвятара таксама была ў транспарце, накіраваным у Іран. Але, на жаль, у вельмі драматычных абставінах яна не змагла прыехаць у Іран. Дзеля гэтага айцец Міхаіл меў вялікую крыўду да палякаў.
Ад 1942-га году аж да сьмерці ў 1946-м годзе жыў і вёў вельмі актыўную душпастырскую і выдавецкую працу ў лягеры Тэнгэру (Tengeru) каля гарадка Аруша (Arusha) ў Танзаніі. Яго дзейнасьць у Афрыцы заслугоўвае на грунтоўнае апісаньне. Я гэтага тут не раблю, бо ўжо трохі апісаў яго жыцьцё ў Афрыцы ў артыкуле ў газэце "Рунь" нумар 29 за студзень 2000-га году.
Айцец Міхаіл памёр 20.08.1946 году ў шпіталі ў Дар-эс-Салям (Dar es Salaam) у Танзаніі. Там і пахаваны.

Айцец Мікалай Краўчанка
Аб айцу Мікалаю ведама вельмі мала. Ен успамінаецца ў часапісе "Polski Zolnierz Pravoslavny" ("Польскі Праваслаўны Жаўнер") нумар 10-11 (12-13) за 1946-ы год. Часапіс выходзіў у Італіі. Там на бачыне 16-й пішацца, што айцец Мікалай быў настаяцелем R.O.P.I. парафіі ў Барлэтта (Barletta) ў Італіі. Барлэтта знаходзіцца каля Адрыятычнага мора недалёка ад горада Бары (Bari). Абрэвіятуру R.O.P.I. расшыфраваць не ўдалося.
Далейшы лёс гэтага сьвятара застаецца няведамы.

Айцец ...? Курылас
Амаль нічога няведама і пра гэтага сьвятара. Ягонае прозьвішча ўспамінае польскі амбасадар ў СССР Станіслаў Кот у тэлеграме ад 05.01.1942 году "хаця ёсьць капэлянам Курылас зь Львову і каля трох тысячаў жаўнераў, набажэнства праваслаўнае ня можа пакуль адбывацца з-за адсутнасьці літургічных кнігаў і рэчаў. Будзем гаварыць у гэтай справе зь мясцоваю царквою. Але, калі-б згода мела хаця-б цень няяснасьці, тады скарыстаем з камплекту, замоўленага ў Стамбуле..."
Аднак набажэнствы для праваслаўных жаўнераў у СССР адбываліся, як, напрыклад, у Бузулуку (на ўсход ад Саратава), аб чым успамінае ксёндз Рышард Грабскі. Вось што ён піша: "...Прыйшлі да вялікае залі ў драўляным бараку, у якім жывуць жаўнеры. У кожную нядзелю і на сьвяты ўсталёўваюць тут алтар, прыходзяць жаўнеры й цывільныя асобы, каб удзельнічаць у Сьв. імшы. Дзеля таго, што былі пры штабе войска таксама сьвятары праваслаўнай веры, пасьля нашай імшы (каталіцкай, М. Ш.) праваслаўны сьвятар (у польскім арыгінале "поп", М. Ш.) адпраўляў Сьвятую літургію для сваіх вернікаў."
Цытаты ўзятыя з польскай кнігі пад назваю "W sowieckim osaczeniu" ("У савецкім асяжэньні"), выдадзенай ў 1991-м годзе ў Лёндане, аўтарам якое ёсьць З. С. Сямашка.

Забыты сьвятар
Аўтар гэтага артыкула спадкаў прыпадкова ў Іерусаліме ў 1943-м годзе праваслаўнага сьвятара, здаецца, архімандрыта. Я меў зь ім вельмі кароткую гутарку. А ні імя, а ні прозьвішча цяпер ня памятаю. А людзі, якія яго ведалі, паўміралі. Яго звольнілі з польскага войска генэрала Андэрса, з-за чаго меў ён крыўду на палякаў.

Выдавецтвы ПАПЦ за мяжою
Выдавецкая дзейнасьць ПАПЦ замяжою была сьціплая. На гэта ёсьць некалькі прычынаў: адсутнасьць фінансавай базы, недахоп адпаведных кадраў, частыя пераезды жаўнераў і цывільных асобаў.
Сёньня нам ведамыя наступныя выданьні:
- "Ziarenko Prawoslawnie" ("Праваслаўнае Зернятка"). Часапіс выдаваўся на польскай мове ў 1942-м годзе ў Тэгеране. Выдаваў яго айцец Міхаіл Бажэр'янаў.
- "Promyk Prawoslawny" ("Праваслаўны Прамень"). Часапіс выходзіў на польскай мове на паперы фармату А4. Выдаваў яго айцец Міхаіл Бажэр'янаў ў лягеры Тангеру, каля Арушы, у Танзаніі. Часапіс выдаваўся тры гады аж да 1946-га году. Маюцца дзьве копіі гэтага часапіса, нумары 7 (48) і 8 (49) за красавік 1945-га году.
- розная царкоўная літаратура, дапаможнікі на царкоўнаславянскай мове напісаныя польскім правапісам, якія выдааваў айцец М. Бажэр'янаў.

-"Modlitewnik Prawoslawny" ("Праваслаўны Малітоўнік"), выдадзены ў Найробі ў Кеніі ў 1944-м годзе. Малітоўнік уклаў і апрацаваў айцец М. Бажэр'янаў. 188 бачынаў. Напісаны пераважна на царкоўнаславянскай мове польскім правапісам. (Вышэйназваныя выданьні былі апісаныя больш дэтальна ў нумары 29 газэты "Рунь" за студзень 2000-га году.)

-"Krotki Prawoslawny Modlitewnik" ("Кароткі Праваслаўны Малітоўнік") быў выдадзены ў 1945-м годзе ў Рыме духавенствам ПАПЦ, якое было пры польскім войску. 35 бачынаў. Малітоўнік на царкоўнаславянскай мове, напісаны кірыліцаю з паралельным перакладам на польскую мову. На пачатку малітоўніка ёсьць фатаграфія япіскапа Савы, ікона Госпада Нашага Ісуса Хрыста і ікона Сьвятой Пачаеўскай Божай Маці. Малітоўнік канчаецца польскім нацыянальным гімнам "Яшчэ Польшча не загінула..."

-"Polski Zolnierz Prawoslawny" ("Польскі Праваслаўны Жаўнер"). Ужо сама назва гаворыць, што гэты часапіс быў прызначаны для праваслаўных жаўнераў польскага войска. Часапіс на паперы фармату А4 выдаваўся ў 1944-45-х гадох у Італіі на польскай мове. Артыкулы былі на розныя тэмы. Між іншых была там і хроніка праваслаўнага жыцьця замяжою. Выйшла найменш 13 нумароў. Маю адную копію нумару 10-11 (12-13) за кастрычнік-лістапад 1946-га году.

На вялікі жаль па няведамых прычынах япіскапы Сава і Мацьвей не пакінулі па сабе ніякіх царкоўных архіваў, зь якіх можна было-б больш даведацца зь гісторыі ПАПЦ на чужыне. Што такія архівы былі, у гэтым няма сумніву. Але дзе яны падзеліся?
Аўтар гэтага артыкулу добра разумее, што яго апісаньне ПАПЦ на чужыне ня ёсьць а ні грунтоўнае, а ні поўнае. Ен не карыстаўся ніякімі архівамі, пісаў з памяці. Але быць можа гэты артыкул дасьць штуршок для другіх людзей, якія служылі ў польскім войску замяжою, дапоўніць ці ўдакладніць гісторыю ПАПЦ за межамі Польшчы.

Міхаіл ШВЭДЗЮК, Ангельшчына