СЬВ. ПАМЯЦІ АЛЁША ГУРЫН
12.ІІ.1924 - 27.VІІІ.2002

Алёшу Гурына, які жыў у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі, ведала ўся беларуская грамада. Ен быў ейным актыўным сябрам, браў удзел у грамадзкім і рэлігійным жыцьці. Алёша належаў да камітэту, што кіруе курортным селішчам Бэлер-Менск, увесь час сьпяваў у царкоўным хоры, а некалі і ў сьвецкім, калі той быў. У Алёшы быў добры голас, бас прыемнага тэмбру.
Сьмерць неспадзявана забрала яго ад сям'і. У глыбокім смутку засталіся жонка Маруся, дочкі Ліля й Рыта зь сем'ямі, сястра Надзя Сіцько з мужам Мікалаем ды ўсе далейшыя сваякі, сябры й супрацоўнікі. Аляксей нарадзіўся ў багатай сям'і Віктара й Марыі Гурынаў у Антопалі на Берасьцейшчыне. Гэтае мястэчка (цяпер гарадзкі пасёлак) да верасьня 1939-га году было пад Польшчаю. Бацькі мелі вялікую зямельную гаспадарку. Частка Гурынавай зямлі была пад забудовамі мястэчка, за што сям'я Гурынаў атрымоўвала плату. Пасьля прыходу Саветаў Гурынаў "раскулачылі", маёмасьць разграбілі. У часе нямецкае акупацыі (1941-44 г.г.) Антопаль знаходзіўся пад украінскай адміністрацыяй.
Яшчэ пры Польшчы Алёша пайшоў у пінскую гандлёвую школу, якую скончыў у 1942-м годзе. У 1944-м годзе Гурыны эвакуаваліся ў Нямеччыну, апрача старэйшага жанатага сына й замужняй дачкі. Гэтыя апошнія апынуліся пасьля ў Польшчы, дзе й памерлі. Па вайне сям'я Гурынаў жыла ў ДП-лягеры. Там памёр Алёшаў бацька. А маці з сынам і дачкою эмігравалі ў 1950-м годзе ў Злучаныя Штаты.
Яшчэ ў Нямеччыне Алёша пазнаёміўся з Марусяй Дульскай. Па прыбыцьці ў Амэрыку, у Саўт-Рывэр, яны пажаніліся, сталіся на новым месцы, разам зь іншымі суродзічамі, актыўнымі й шанаванымі ўдзельнікамі свайго рэлігійна-грамадзкага асяродку. У ім цяпер будзе балюча неставаць Алёшы Гурына.
Абрад пахаваньня выканаў настацель царквы сьв. Еўфрасіньні Полацкай а. Стаўрас. Пагодным летнім днём на саўтрывэрскім Беларускім могільгіку сям'я й шматлікія сябры разьвіталіся зь нябожчыкам ускладаньнем кветак на ягоную дамавіну.
Вечная яму памяць.

СЬВ. ПАМЯЦІ ЛЕАНАРД НОРЫК
4.7.1929 - 28.9.2002

Пасьля цяжкай хваробы адыйшоў ад нас адзін з актыўных і даўгагадовых сябраў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Выказваем спачуваньні родным й блізкім памерлага.