Браніслаў ДАНІЛОВІЧ (20.ХІ.1908-29.ІХ.2003)

Служыў беларускай справе

Адыйшоў у вечнасьць беларускі жаўнер, грамадзкі й культурны дзеяч на эміграцыі Браніслаў Даніловіч. Нарадзіўся ён у Ашмяншчыне, адкуль паходзілі, між іншым, такія ведамыя беларускія дзеячы як Станкевічы, каталіцкі сьвятар Франьцішак Чарняўскі, Юльян Саковіч ды іншыя. У 30-ыя гады вучыўся ў Барунаўскай настаўніцкай сэмінарыі, створанай польскімі ўладамі на месцы зачыненай беларускай. Зь асьветы быў настаўнікам. З маладых гадоў браў актыўны удзел у беларускім незалежніцкім руху. У міжваенны перыяд належаў да Грамады. У сувязі зь цяжкім эканамічным становішчам у санацыйнай Польшчы выехаў шукаць працы ў Латвію. Шмат хто зь ягоных беларускіх равесьнікаў потым ужо не вярталіся на бацькаўшчыну: ехалі далей - у Заходнюю Еўропу.
У Латвіі Браніслаў Даніловіч пазнаёміўся зь ведамым прыхільнікам беларускай справы баронам Энгельгардам. Зь ім напачатку нямецка-савецкай вайны выехаў у Нямеччыну. Быў перакладчыкам у той экіпе беларускіх дзеячаў, якія працавалі зь нямецкімі ўладамі пры вызваленьні польскіх жаўнераў-беларусаў зь лягероў для ваеннапалонных.
У 1941-м годзе зь ініцыятывы беларускіх палітычных дзеячаў у Нямеччыне быў створаны пры вэрмахце беларускі вайсковы аддзел. Камандзірам аддзелу прызначылі маладога афіцэра Ўсевалада Родзьку. Гэтая беларуская вайсковая адзінка якраз і ёсьць той славуты Першы Беларускі Штурмовы Зьвяз, зь якім беларускія назалежніцкія дзеячы зьвязвалі вялікія надзеі. Думалі, што стане ён пачаткам да стварэньня ўласнага беларускага войска. Зрэшты не без падставаў. Гэткім чынам у Першую сусьветную вайну пры аўстрыяцкім войску арганізоўваў свае польскія вайсковыя аддзелы Ю. Пілсудскі. На пачатку вайсковых дзеяньняў яны перайшлі расейска-аўстрыяцкую мяжу і пачалі змаганьне за незалежнасьць сваёй бацькаўшчыны, даючы пачатак стварэньню рэгулярнага польскага войска.
Браніслаў Даніловіч быў адным з найбольш актыўных у Першым Беларускім Штурмовым Зьвязе. Дарэчы, гэта яму належыць аўтарства папулярнай у гады Другой сусьветнай вайны песьні "Гэта йдзе Першы Зьвяз наш штурмовы Беларусь, родны край бараніць...". Яна ўвайшла ў залаты фонд беларускай жаўнерскай песьні на эміграцыі.
У пачатку нямецка-савецкай вайны беларускі вайсковы аддзел быў скарыстаны вэрмахтам у якасьці дэсанту. Пасьля заняцьця нямецкім войскам Беларусі жаўнеры Першага Беларускага Штурмовага Зьвязу яшчэ да прыходу Радаслава Астроўскага стваралі першую цывільную адміністрацыю. Вось-жа Браніслаў Даніловіч быў прызначаны ў цывільныя ўлады на Смаленшчыне. Працаваў ён там да 1943-га году і пазьней быў эвакуяваны ў Нямеччыну. Напрыканцы 1940-х гадоў з тысячамі ўцекачоў-беларусаў выехаў настала ў Злучаныя Штаты Амэрыкі.
На эміграцыі Браніслаў Даніловіч быў заўсёды актыўны ў беларускім руху. Ен браў удзел у аднаўленьні Рады БНР. Актыўна дзеіў пры арганізацыі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і ў Задзіночаньні беларуска-амэрыканскіх вэтэранаў. Быў сябрам Галоўнай Управы БАЗА і спрычыніўся да арганізацыі яго аддзелу ў Нью Джэрзы. Як шчыры беларус і патрыёт Браніслаў з асаблівай любоўю і пашанаю адносіўся да нашай роднай мовы. Быў сябрам рэдкалегіі газэты "Беларус" і адным зь яе нязьменных фундатараў.
Па веравызнаньні рыма-каталік, ён ад пачатку эміграцыі й да апошніх дзён свайго жыцьця належаў да вернікаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Быў зьвязаны з парафіяй Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд Парку. Праз усё сваё жыцьцё служыў беларускай справе. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст Брансўіку.
Антон ШУКЕЛОЙЦЬ

На 95-м годзе жыцьця, пасьля шасьцёх гадоў нямогласьці, адыйшоў у вечнасьць у г. Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі, сьв. пам. Браніслаў Даніловіч. Абрад пахаваньня выканаў а. Вячаслаў, настаяцель царквы Жыровіцкай Маці Божай (БАПЦ) у Гайленд-Парку. Нябожчык пахаваны на беларускім могільніку ў Іст-Брансўіку.
У разьвітальным слове над магілай памерлага сп. Антон Шукелайць, Старшыня БАЗА, адзначыў Даніловічава даўгагадовае і самаахвярнае служэньне беларускай нацыянальнай справе. У часе Другой сусьветнай вайны нябожчык быў беларускім жаўнерам, а таксама аўтарам (словаў і музыкі) папулярнай ваяцкай песьні, якую найбольш памятаюць па зваротцы:
Гэта йдзе Першы зьвяз наш штурмовы,
Беларусь, родны край бараніць.
Хоча скінуць чужыя аковы
Ў родным краі, каб вольнаму жыць.
Жыўшы ў Амэрыцы, нябожчык браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, працягам дзесяцігодзьдзяў уваходзіў ва ўправы нью джэрзыйскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, а таксама вэтэранскай арганізацыі.
Сьв. пам. Браніслаў Даніловіч, чалавек каталіцкага веравызнаньня, быў сталым наведнікам праваслаўнай царквы ў Гайленд-Парку. Як і іншыя навакольныя беларусы-каталікі, што моляцца ў гэтай царкве, ён высока цаніў беларускасьць Багаслужбаў. Ад імя ўсіх іх сп. Шукелайць падзякаваў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве ў асобе а. Вячаслава за духовую апеку над імі.
Пасьля кароткай надмагільнай малітвы й жалобнага гімну "Сьпі пад курганам героляў" сп. Янка Азарка, старшыня мясцовага сэктару Рады БНР, перадаў жонцы нябожчыка адзін з двух бел-чырвона-белых сьцягоў, якімі была накрытая дамавіна. Другі сьцяг, як сказаў сп. Шукелайць, будзе перасланы на Бацькаўшчыну, дзе далей трывае змаганьне за вольную Беларусь.
Янка ЗАПРУДНІК

Клара ПАПУЦЭВІЧ (ПАНУЦЭВІЧ)
25.06.1910 - 29.09.2003

Яшчэ на адную асобу паменела ў шэрагах беларускай паваеннай эміграцыі. Пасьля сьмерці спн. Зоры Кіпель, ведамай беларускай грамадзкай і культурнай дзеячкі, гэтым разам сумная вестка прыйшла з Чыкага, на 94-м годзе жыцьця адыйшла ў вечнасьць Ірэна Папуцэвіч.
Нарадзілася яна 25-га чэрвеня 1910-га году ў сямьі нацыянальна-сьведамых беларусаў Эдварда і Валерыі Будзькаў. У міжваенны перыяд вучылася ў Віленскай Беларускай Гімназіі, а пасьля пасьпяховага яе заканчэньня - ва ўнівэрсытэце Стэфана Баторага. Брала чынны ўдзел у Беларускім Студэнцкім Саюзе, дзе займалася ў драматургічным гуртку. Мела выключны музычны слых і добры голас. Сьпявала ў ведамым беларускім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. У гады Другой сусьветнай вайны была зьвязаная зь беларускім незалежніцкім ды грамадзка-культурным рухам. У 1944-м годзе эвакуявалася на Захад. Напачатку знаходзілася ў Нямеччыне. Празь нейкі час настаўнічала ў беларускай гімназіі ў лягеры ДыПі ў Ватэнштаце. Напрыканцы 1940-х гадоў разам зь сямьёю перабралася ў ЗША, дзе брала актыўны удзел у культурным і грамадзкім жыцьці беларускай эміграцыі. З красавіка 1951-га году была сябрам Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады ў Чыкага. Дзеіла ў беларускай жаночай арганізацыі, якая была створаная пры аддзеле беларусаў ў штаце Іллінойс. Актыўна ўдзельнічала ў зарганізаваньні беларускай каталіцкай парафіі Хрыста Збаўцы ўсходняга абраду. Праз доўгі час сьпявала ў царкоўным хоры ды вяла суботнюю школку. Удзельнічала ў беларускіх пілігрымках у Лайл. У 1959 - 1986 гадох актыўна дапамагала пры наладжваньні беларускіх выставаў у Музэі Навукі й Індустрыі ў Чыкага. Жыцьцёвая спадарожніца і паплечніца Вацлава Папуцэвіча, беларускага грамадзкага і культурнага дзеяча ў ЗША. Паховіны адбыліся 4-га кастрычніка на рыма-каталіцкіх могілках Сьв. Вацюка ў ваколіцах Чыкага.
Юры ШАЛЬЦ

Пратапрэсьвіцер Васіль КЕНДЫШ
(16.03.1908 - 01.10.2003)

Адыйшоў на вечны супакой пратапрэсьвіцер БАПЦ Васіль Кендыш, ведамы беларускі рэлігійны й грамадзкі дзеяч на эміграцыі.
Нарадзіўся 16-га сакавіка 1908-га году ў вёсцы Чарапы Слуцкага павету. Паходзіў зь сям'і Юстыны й Мікалая Кендышаў. Зь дзяцінства сьпяваў у царкоўным хоры. Скончыў чатыры клясы расейскае школы. У 1924-29 гадох вучыўся ў беларускай гімназіі ў Клецку. Потым навуку прадоўжыў у Вышэйшай тэхнічнай школе ў Вільні. Пэўны час працаваў у слонімскім павеце. За арганізацыю беларускіх гурткоў па вёсках трапіў пад нагляд польскай дэфэнзівы й у хуткім часе страціў працу. Ад 1936-га году жыў у сваякоў. Пасля верасьня 1939-га году працаваў настаўнікам. У гады Другой сусьветнай вайны настаўнічаў у стаўпецкім павеце. Браў удзел у беларускім незалежніцкім руху. Належаў да Беларускай Самапомачы. У гэтым часе ажаніўся з Марыяй Яцкевіч. З 1944-га году - на эміграцыі. Быў у лягерох ДыПі ў Нямеччыне, дзе працаваў настаўнікам. Быў адным з заснавальнікаў газэты "Бацькаўшчына", сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Удзельнічаў у аднаўленьні БАПЦ на эміграцыі.
У верасьні 1949-га году эміграваў у ЗША. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім ды царкоўным жыцьці. У сьвятары быў рукапакладзены 10-га студзеня 1968-га году ў Гайленд Парку. У 1968-73 служыў настаяцелем парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд Парку. На 2-м Саборы БАПЦ (1972 г.) быў абраны сакратаром Кансысторыі. Пазьней ачольваў парафію Сьв. К. Тураўскага ў Брукліне, дзе заставаўся да 1981-га году. За самаахвярную сьвятарскую працу быў адзначаны царкоўнымі ўзнагародамі. У 1996-м годзе выйшоў на заслужаны адпачынак. Аўтар шэрагу публікацыяў у перыядычным друку на эміграцыі, прысьвечаным гісторыі БАПЦ.
Абрад паховінаў адслужыў а. Якіў (УПЦ у ЗША) і а. Вячаслава (БАПЦ) у ўкраінскай царкве г. Гартфорд (штат Канэктыкут). Пахаваны на могільніку г. Спрынгфілд (штат Масачусэтс).

Аляксандар НІКАНОВІЧ
30.10.42 - 23.09.03

З Канады дайшла да нас сумная вестка аб тым, што нечакана адыйшоў у вечнасьць сьв. пам. Аляксандар Нікановіч. Нарадзіўся ён у вёсцы на Беласточчыне ў сямьі праваслаўных беларусаў. Скончыў школу, працаваў і быў актыўным абаронцам праваслаўнае царквы на Беласточчыне.
У 1984-м годзе апынуўся ў Канадзе, дзе адразу ўключыўся ў рэлігійнае жыцьцё парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ ў Таронта. У 1990-м годзе быў абраны Старшынём Парафіяльнае Рады й на працягу некалькіх гадоў шмат прылажыўся да рамонту царквы ды царкоўнага маёнтку ''Слуцак''. Быў высьвечаны ў іпадыякана і шмат гадоў прыслугоўваў на Багаслужбах, а таксама разам з сьв. пам. Уладыкам Мікалаем адведваў іншыя парафіі БАПЦ (у Монтрэалі, Кліўлендзе, Галенд Парку і Дэтройце). У 1997­2001-м гадох дапамагаў парафіі Св. Еўфрасіньні Полацкай (Канстантынопальскага Патрыярхату) у Таронта. У 2001­02-м гадох зноў прыслугоўваў у царкве Св. К. Тураўскага, рыхтаваўся прыняць сьвятарскі сан. Заўсёды быў шчырым, ветлівым і сьведамым беларусам і ніколі не адмаўляў, калі царкве была патрэбная дапамога.
Пахаваны ў Таронта. Абрад паховінаў выканаў а. Аляксандар (з царква Сьв. Е. Полацкай). Пакінуў у смутку жонку і двух сыноў. Няхай Госпад выбачыць ягоныя грахі. Вечная памяць!
Кансысторыя БАПЦ, ЗБК