Сьв. пам. пратапрасьвіцер Васіль КЕНДЫШ
(16.03.1908 - 01.10.2003)
пакліканы Богам на вечны спачынак 1-га кастрычніка 2003-га году. Нарадзіўся а. Васіль 16-га сакавіка 1908-га году ў вёсцы Чарапы каля Клецку Нясьвіскага павету. Скончыў беларускую гімназію ў 1929-м годзе, меў вялікія цяжкасьці з атрыманьнем працы. У гэты час быў актыўным у зарганізаваньні беларускага хору і беларускіх драматычных гурткоў. Па доўгім беспрацоў'і атрымаў працу мэльяратара, а па сканчэньні гэтага праекту пераехаў у Пятркоў у Польшчы, дзе дапамагаў дзядзьку ў вядзеньні млына. Па павароце з акупаванай немцамі Польшчы быў арыштаваны бальшавікамі й інтэрнаваны, але па пэўным часе адпушчаны. Вярнуўшыся дадому, працаваў у Горнаўскай сямігадовай школе настаўнікам, а пасьля дырэктарам. У гэты час ажаніўся з сьв. пам. Марыяй Яскевіч, якая таксама працавала настаўніцай у гэтай школе. Пераехаўшы ў Стоўпцы далей працаваў настаўнікам і скончыў Настаўніцкі інстытут у Беластоку. Браў актыўны ўдзел у арганізаваньні беларускіх адміністрацыйных структураў падчас акупацыі немцамі нашага краю.Працаваў на розных пасадах у Баранавічах, Нясьвіжы, Клецку.
Айцец Васіль быў гарачым патрыётам, адданым змагаром за правы нашага шматпакутнага народу. З малых гадоў найбольшаю ягонаю мараю было дажыць да сьветлага часу заіснаваньня Беларусьсю дзяржаўнай незалежнасьці. Для гэтага ён працаваў і на эміграцыі. Быў адным з актыўных арганізатараў беларускага эміграцыйнага жыцьця і беларускае нацыянальнае царквы ў новай краіне, іх арганізацыях і структурах кіраўніцтва. І калі пайшоў на шлях служэньня Богу ў сьвятарскім чыне, аддаўся гэтаму ўсёю душою.
Як чалавек а. Васіль меў лагодную натуру, стараўся не пакрыўдзіць нікога, пачынаючы зь сям'і й усіх, каго спатыкаў на дарозе свайго даўгага жыцьця. Няхай Бог літасьцівы будзе ласкавы да яго.
Вольга ЯСКЕВІЧ
З жалем паведамляем,
што на 70-м годзе жыцьця
адыйшла ў вечнасьць
Сьв. пам. Эмілія ШНЭК
(18.03.1933 - 13.10.2003)
Эмілія нарадзілася ў Варшаве ў Польшчы. У пачатках беларускага жыцьця ў Аўстраліі Міля, як мы ўсё яе па-сяброўску называлі, будучы жонкаю ведамага дзеяча Ўладзімера Шнэка (Случанскага), шмат часу і стараньняў аддавала нашай агульнай беларускай дзейнасьці. Прымала ўдзел ува ўсіх падрыхтоўках нашых нацыянальных сьвяткаваньняў і зьяўлялася сяброўкаю амаль усіх беларускіх арганізацыяў у Мэльбурне.
У смутку засталіся дзьве дачкі Люся і Рэня, унук Дэран і ўнучка Пэнэлопа (Пэні), дзеці старэйшай дачкі Люсі.
Вечная табе памяць, Міля.
Алег ШНЭК
Міхась РАЕЦКІ
Нарадзіўся наш бацька 2 лістапада 1927 году ў Менску, а памёр 22 кастрычніка 2003 году ў горадзе Пэрце ў Заходняй Аўстраліі.
Ен прыехаў у Пэрт 22 кастрычніка 1950 году і быў адным з заснавальнікаў Аб'еднаньня Беларускіх Вэтэранаў у Кэлмскат у 1951 годзе. У 1958 годзе арганізацыя стала Беларускім Аб'еднаньнем у Заходняй Аўстраліі. Наш бацька быў старшынём, сакратаром, скарбнікам гэтае арганізацыі.
Працоўная кар'ера таты прайшла ў Government of Western Australia's Water Corporation, дзе ён пачаў працаваць зваршчыкам, а на пэнсію выйшаў сябрам адміністрацыі.
Тата сустрэў і пазьней ажаніўся 18 кастрычніка 1953 году з нашаю маці Вераю Кавалец. Нарадзілі двое сыноў, Міхася ў 1957 годзе і Антона ў 1963.
Беларуская справа і Радыё адыгралі вялікую ролю ў татавым жыцьці. Ён заўсёды зьбіраў інфармацыю пра Беларусь праз кароткахвалёвае радыё і газэты для беларускай грамады ў Пэрце і для свае радыёпраграмы. Тата пачаў рыхтаваць і весьці беларускую праграму на радыё 6NR мясцовага ўнівэрсытэту (Curtain University) у 1984 годзе і працягваў гэтую працу на незалежным радыё 6EBA FM. На працягу дваццаці гадоў ён як кіраўнік, дырэктар і вядучы даносіў інфармацыю, музыку і культуру да беларускай грамады, а таксама і для слухачоў іншых нацыянальнасьцяў. Гэтая праграма існуе на радыё да сёньняшняга дня.
Тата заўсёды быў гатовы падтрымліваць беларускія справы ва ўсім сьвеце, быў сапраўдным беларускім патрыётам, якім мы вельмі ганарымся, і памяць пра якога будзе заўсёды жыць у нашых сэрцах. Як тата заўсёды казаў: "Жыве Беларусь!"
Антон РАЕЦКІ
З сумам паведамляем, што 9 жніўня 2003 году адыйшла ў лепшы сьвет сьв. пам.
Вольга КАНАНЧУК. Выказваем шчырыя спачуваньні яе родным і блізкім.