Вольга БУРНОС
(19.X.1933 - 8.XI.2003)

Нарадзілася Вольга Бурнос на палескай Беларусі ў вёсачцы Вядо Івацэвіцкага раёну ў сялянскай сям'і й была трэцяй сярод трох братоў і трох сясьцёр.
Адразу па прыезьдзе ў Аўстралію зь Нямеччыны, пажыўшы некалькі гадоў ў горадзе Вайалла (штат Паўднёвая Аўстралія),Вольга, ці Соня, як яе тады называлі, пазнаёмілася з Міхасём Бурносам. Сяброўства перайшло ў глубокае адчуваньне неабходнасьці жыць разам, і ў 1952-м годзе яны згулялі вясельле. Трошкі пазьней, пераехаўшы ў Адэляйду, прынялі царкоўны шлюб, які адслужыў а. Беразоўскі. Нейкі час здымалі пакой ў сваіх знаёмых, а потым, сабраўшы грошы, купілі свой мураваны дом, у якім і пражылі ўсё сваё жыцьцё.
Менавіта тады Соня пачала ўдзельнічаць у беларускім нацыянальным жыцьці, асабліва ў канцэртах, якія тады арганізоўвалі сябры парафіі БАПЦ разам зь лідэрамі грамадзка-культурнага жыцьця з мэтаю збору грошай на будаўніцтва сваёй беларускай царквы ў Адэляйдзе. Тыя першыя канцэртныя воплескі не пакідалі яе ўсё астатняе жыцьцё.
Неўзабаве аб Вользе пачулі й беларусы Сыднэю зь Мэльбурнам. На 1-й Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі (1975, Мэльбурн) Вольга Бурнос зьвярнула на сябе ўвагу ўсіх прысутных чыстатою голасу і дэкляматарскім талентам. Тады яна чытала напісаны Янкам Ролсанам верш, які ён прысьвяц іў той Сустрэчы. Пад кіраўніцтвам яе мужа адэляйдскія харысткі пасьпяхова сьпявалі беларускія народныя песьні, якіх у іхным рэпертуары было каля сотні. На 2-й Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі (1977, Сыднэй) мастацкі аўтарытэт Вольгі яшчэ больш замацаваўся. А да 3-й Сустрэчы Вольга ўжо падрыхтавала творы на сваю музыку.
Ад 1987-га году, калі Міхась Бурнос стаў настаяцелям царквы ў Адэляйдзе, усе сталі называць Соню Бурнос матушкай Вольгай. Працавітая і шчырая, яна ўзяла на свае плечы дагляд кветак, якіх было даволі шмат, ды шмат іншых справаў, якіх хапала каля царквы.
Вядомы беларускі лідэр сп. Акавіты заўважыў мне аднойчы: "Такіх беларусак, як Соня,мала. І іх трэба шукаць, а знайшоўшы, трымаць і не адпускаць…"
Ня толькі сваім голасам была вядомая Вольга сярод беларусаў Аўстраліі. Яна вельмі прыгожа і шмат вышывала, як для сябе, так і для многіх іншых беларускую нацыянальную вопрадку, ручнікі, царкоўнае ўбранства.
Некалькі гадоў таму яна цяжка захварэла, але нават і тады працавала для беларускай грамады: сшыла новы бел-чырвона-белы сьцяг для Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі.
Матушку Вольгу пахавалі на праваслаўнай дзялянцы магілак Centennial Park 12-га лістапада 2003-га году. Абрад пахаваньня выканаў а. Яўген (Квасьнюк), настаяцель прыходу Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у Адэляйдзе. Слова ад царкоўнага камітэту беларускай царквы ў Адэляйдзе сказаў Мікалай Кандрусік. Ен выказаў глыбок аеспачуваньне а. Міхасю Бурносу, сям'і спачыўшай. Таксама сп. Кандрусік прыпомніў тыя дні, у якія вернікі парафіі арганізоўвалі разам з матушкай Вольгай многія царкоўныя і грамадзкія імпрэзы, адзначыў яе вялікі ўнёсак у царкоўнае жыцьцё.
Нялёгка было гаварыць а. Міхасю, але, сабраўшыся зь сіламі, ён распавёў прысутным аб матушцы Вользе, жанчыне, зь якою дзялілі яны вясёлыя і цяжкія дні сумеснага, такога няпростага жыцьця. На заканчэньні ён прыпомніў, як у той час, калі ён спаў дома адзін, а матушка была ў шпіталі, яна разбудзіла яго сваім клічам - Міхась! Цяжкія прадчуваньні ахапілі яго, якія хутка падцьвердзіліся тэлефонным званком з шпіталю.
У Адэляйдзе стаяў сонечны, бязвоблачны дзень. Ціхія парываньні ветрыка разносілі над могілкамі сьпевы беларускага царкоўнага хору.
Ад імя кіраўніцтва Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі выказваю свае глыбокія спачуваньні а. Міхасю, родным і блізкім сьветлай памяці Вольгі Бурнос, усім тым, хто дзеліць зь сям'ёю Бурнос гэтую вялікую страту.
Віктар КАВАЛЕЎСКІ

Людміла МАХНЮК
(2.ІІ.1932 - 25.ХІ.2003)

Люду Махнюк Бог абдарыў талентамі: яна мела прыгожы голас і здольнасьць да маляваньня. На працягу некалькіхдзесяцігодзьдзяў прыхаджане беларускай праваслаўнай царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры цешыліся вялікім царкоўным хорам, у якім гучэў Людзін звонкі сапрана. Сьпявала Люда і ў сьвецкіх беларускіх хорах. А наведнікі калектыўных мастацкіх выставак, што адбываліся кожнага сакавіка ў суседняй з царквою залі Беларуска-Амэрыканскага Грамадзкага Цэнтру, з прыемнасьцю аглядалі Людзіны малюнкі беларускіх краявідаў. Прываблівала яе да сябе і рэлігійная тэматыка. У капліцы імя адзігітрыі Смаленскае Божае Маці ў Бэлеры (беларускі цэнтар адпачынку ў штаце Нью-Ерк) вісіць ейная выява Божае Маці. У памяткавым альбоме, у якім задакумэнтаваныя саўтрывэрскія мастацкія выстаўкі, зьмешчана выказваньне Люды Махнюк пра мастацтва. У гэтых словах адлюстраваная цікавая частка ейнага сьветагляду: "Мастацтва- гэта душа. Яна перадае гледачу супакой або трывогу, часам радасьць, сьмех, смутак, навейвае ўспаміны пра мінулае, пра далёкую Бацькаўшчыну, ейныя звычаі й легенды, перадае палітычныя і рэлігійныя пачуцьці".
У душы сваёй Люда насіла Бацькаўшчыну і ейныя традыцыі. Нарадзілася яна ў Скідзелі на Горадзеншчыне ў сям'і праваслаўнага сьвятара. Ейны бацька а. Антон Каліноўскі быў сьведамым беларусамі дзеля гэтага польскія ўлады не давалі яму магчымасьці даўжэй пабыць на адным прыходзе. Месца жыхарства сям'і мянялася адно за адным: Скідзель, Мілейчыцы на Палесьсі, Валеўка каля Наваградка. У 1942-м годзе ў Валеўцы а. Антон трагічна загінуў ад кулі ворагаў беларушчыны. Матушка Лідзія засталася ўдавою з трыма дзяцьмі.
Людзіна мама была мастачкай, ейныя абразы ўзбагачалі выстаўкі на эміграцыі, упрыгожвалі беларускія цэрквы. У саўтрывэрскай царкве Сьв. Еўфрасіньні стаіць выканане ёю Расьпяцьце-Галгофа.
Люда, узгадаваная ў патрыятычнай сям'і, захавала глыбокую любасьць да ўсяго роднага. Прывязанасьць да свайго была замацаваная вучобай у беларускай школе, вышкаленьнем у беларускім скаўтынгу, удзелам у беларускіх хорах ды ў сужыцьці з мужам-беларусам Алегам Махнюком. Не дажыла яна адзін год да 50-х угодкаў жанімства.
Працавала Люда да выхаду на пэнсію ў бібліятэцы Ратгерскага ўнівэрсытэту. Жыцьцё сваё пражыла шчодра, ахвяроўваючы здольнасьці й для сям'і, і для грамадзтва. Апошнія некалькі гадоў хварэла, быўшы пад апекаю мужа й дзвьюх замужніх дачок, цешылася двума ўнукамі.
Абрад паховінаў выканаў а. протапрасьвіцер Стаўрас, настаяцель прыходу Сьв. Еўфрасіньні Полацкай, красамоўна прыгадаўшы важную ролю ў жыцьці сьв. пам. Людмілы - жонкі, маці, бабулі, прыхаджанкі, сяброўкі, таленавітае й шчодрае асобы.
За памінальнымі сталамі ў Беларуска-Амэрыканскім Грамадзкім Цэнтры сабраліся сям'я, сябры, супрацоўнікі нябожчыцы. Словамі ўспаміну падзяліўся сп. Міхась Сенька, шматгадовы актыўны прыхаджанін царквы. Ен выказаў спачуваньні сям'і й сябрам нябожчыцы, у тым ліку дочкам Ноне Азарцы, ейнаму мужу Юрку і ўнукам Хрыстафору й Марку, Алісе Д'іКосма й мужу Франку, сястры Леаніле Татум ды брату Алегу Каліноўскаму. Цёплыя словы пра сьв. пам. Людмілу прагучэлі ў вершы, які напісала й прадэклямавала сп-ня Віла Ляўчук.
Пахаваная нябожчыца на могільніку царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры. Вечная ёй памяць.
(Я.З.)