Янка ЮХНАВЕЦ
3.11.1921 - 6.01.2004
Новы год пачаўся з новых стратаў: на Сьвяты вечар адышоў Янка Юхнавец. Ен ціха жыў, спакойна памёр, пражыўшы чатыры гады ў пустэльні сваёй хваробы: ужо не з жывымі, але яшчэ не сярод мёртвых. Засталася ўдава, сын, кнігі, а таксама рукапісы, якія абавязкова будуць надрукаваныя - проза, паэзія, драмы, дзёньнікі, пераклады... Толькі й без таго відавочна, што сёньня мы страцілі аднаго з найбольш адметных беларускіх філёзафаў і паэтаў - таямнічага, загадкавага, непараўнальнага Янку Юхнаўца.

"Ня ведаю, як будзе доўга
маё жыцьцё цягнуцца ў маім целе.
Ужо тыдзень (дні лічыць я навучыўся),
хаджу да мора слухаць хвалі,
і для яды зьбіраць
на бераг вымытыя мушлі.
На камень сеўшы адпачыць,
цяпер ня чую шум анёльскіх крылаў.
Адно мора плюскочыць каля ног,
іх сьцюдзяніць, як зямля карэньне...
хачу я гутарыць із сабой,
слаць вітаньні абы каму за небакрай:
ці Богу, ці нябачнай дзесьці далёкай хвалі.
Хачу ў пуцявіну мора апусьціцца,
каб знайсьці адгукі мае гамонкі...
Па ўзьбярэжжы (ніколі мне ня думалася)
сьцелецца прывольле, што працы просіць.
Дыханьнем глыбокім яго хвалюе неба,
пра якое я маўчаў калісьці...
Душу кранаю думкамі й развагамі,
ад іх, мой Божа, не адступлю напэўна.
Ня быўшы маленцам (ранейшае, здаецца, перажыта),
я ўжо скараюся жыцьцю й спадзеву іншаму...
Адзінотны - я. Мне помач, Божа, трэба.
Не аднойчы Цябе я патурбую просьбаю
з вуснаў грэшных, але набожна шчырых.
Павер:
душа мая ня ўсім убралася,
што пакінуў тут на зямлі вялікай.
У кажнай сьцені дрэва,
побач нат зы мной,
я падслухоўваю ціхату Тваю,
але помач толькі:
- Адам, Адам, разважай, хвалюйся.
Схаваўся голас мой у грудзях морскіх...
Заходам сонца (так было калісьці)
ня чую гімнаў Боскіх.
Як і раней, я перад Табой укленчаны,
але мальбе цяперашняй словаў не стае.
Не стане мне райскіх кволасьцяў ды радасьцяў,
каб імі пахваліць Цябе
за дайнасьці штодзённыя.
Я чую гутарку сваю -
яна суродзіч маіх пачуцьцяў няўветных.
І думкі яны, як-бы кручаліны,
схаваныя ў заросьнях.
Але за імі падкрадлівы іду
ступаньнем першым першага чалавека.
Калі толькі гутаркай ды думкамі адолею
я асягнуць і час і быцьцё зямное,
ракой прыплыўнай буду поўніць мора
жыцьця вускрослага із цудамі патаёмнымі,
не векавіста бязьіменнымі... ".
(Янка Юхнавец "Адам і Ева")

Выказваем шчырыя спачуваньні Віктару ГУРСКАМУ з нагоды сьмерці маці.
Сябры й знаёмыя