ТАЯ, ШТО ПАЛАНІЛА СЭРЦА ВАЯРА
Бірута, дачка Гедыміна і жонка Давыда Горадзенскага
Ішоў 1299-ы год. У віленскім палацы князя Гедыміна сьвята. Сёньня адзначаецца паўналецьце ягонай улюбёнай дачкі Біруты. У палацы поўна гасьцей. Запрошаныя ня толькі самыя блізкія ды родныя. Прыехалі ў Вільню на сьвяткаваньне і больш далёкія ды не такія значныя. Усе стаяць ля дзьвярэй, адкуль неўзабаве павінна выйсці тая, у чый гонар і сабраліся зараз усе гэтыя людзі. Госьці ціха перамаўляюцца паміж сабою, адчуваецца нейкае хваляваньне, нібы гэта кожнага зь іх, а не Біруту, будуць зараз віншаваць.
І вось нарэшце яна зьявілася ў дзьвярох побач са сваім знакамітым бацькам. Гедымін нікому не перадаручыў такі прыемны свой абавязак: прайсьці побач з дачкою ў такі ўрачысты дзеля яе дзень. Сёньня Бірута прыгожая, як ніколі, хоць яна і заўсёды зьдзіўляла ўсіх, хто меў магчымасьць яе бачыць, сваёй прыгажосьцю і пяшчотнасьцю. Аднак зараз яе маладосьць, прыгажосьць ды цнатлівасьць выклікалі ўсеагульны ўздых захапленьня. Бірута поруч са сваім бацькам ідзе да месца, дзе яна павінна будзе сядзець за ўрачыстым сталом. Ідзе, асьцярожна пераступаючы маленькімі ножкамі ў аксамітных чаравічках, пашытых лепшым майстрам менавіта дзеля гэтага дня. Бірута трошкі хвалюецца, разумее, што сёньня яна - у цэнтры ўсеагульнай увагі. Яна не павінна зганьбіць ні сваю ўласную рэпутацыю, ні, тым больш, ніводным словам, ніводным рухам не павінна нашкодзіць свайму вялікаму бацьку. Шмат разоў дзяўчына рэпетавала гэтую цырымонію разам са сваімі шматлікімі нянькамі. Вывучыла ўсё да апошняга кроку. Але ўсё-ж хвалявалася. Раптам нешта нядобрае здарыцца зь яе адзеньнем, ці яна спатыкнецца аб які-небудзь каменьчык на падлозе!
Але ўсё адбылося так, як было патрэбна. Пасьля прамоваў ды віншаваньняў усе паселі вакол велізарнага стала. Урачыстая вячэра ў гонар князёўны пачалася. Бірута сядзела за сталом вельмі сьціпла: ня мела сьмеласьці напачатку нават вочы падняць ад свае талеркі, адчувала, што на яе скіраваныя ці ня ўсе позіркі прысутных. Шчокі гарэлі, і ад гэтага Бірута яшчэ больш папрыгажэла.
І раптам яна адчула, што нехта занадта ўважліва ўглядаецца ў яе твар. Князёўна ня вытрымала і зірнула на таго, хто быў такім нахабным. І ледзь стрымалася, каб не паказаць свайго ўражаньня ад таго, што яна ўбачыла. Ці больш дакладна, ад таго, каго яна ўбачыла. Проста насупраць яе сядзеў хлопец, зусім малады, хіба трошкі старэйшы за яе. Ен не адрываў свайго позірку ад твару князёўны, але гэты ягоны ўтрапёны позірк не раздражняў дзяўчыну. Хучэй, наадварот, калі-б побач не было столькі людзей, столькі ўважлівых староньніх вачэй, яна-б таксама не адводзіла позірку ад прыгожага, мужнага твару незнаёмца. Але побач было столькі народу, што Бірута зрабіла над сабою намаганьне і зноў апусціла вочы ў талерку.
Маладога ваяра, што ня мог адарваць сваіх вачэй ад юнай князёўны, звалі Давыдам. Праз некалькі гадоў імя яго, вядомае ў гісторыі як Давыд Горадзенскі, будзе грымець па ўсіх абшарах Вялікага Княства Літоўскага і далёка за яго межамі. Князь Давыд быў сынам Нальшанскага князя Доўманта, таго самага, што, помсьцячы за жонку, забіў Міндоўга. Доўмант пасьля гібелі Міндоўга вымушаны быў уцякаць у Пскоў. Там ён ажаніўся з унучкаю Аляксандра Неўскага Марыяй. Ад шлюбу Доўманта і Марыі нарадзіўся сын Давыд. Княжыч яшчэ ў дзяцінстве паказаў, што зь яго можа атрымацца нядрэнны ваяр, што пасьля і спраўдзілася насамрэч. Усё дзяцінства хлопца прайшло ў Пскове. І невядома, якім чынам склаўся-б ягоны лёс, але ў Пскове нечакана надарылася велізная бяда: пачаўся мор. Ен скасіў амаль цэлы горад. Нябожчыкаў фактычна не было каму хаваць. Гэты мор забраў і бацькоў Давыда: князя Доўманта і княгіню Марыю. Перад сьмерцю бацькі завяшчалі сыну вярнуцца ў Вялікае Княства Літоўскае.
Такім чынам, сямнаццацігадовы Давыд патрапляе на радзіму свайго бацькі. За гэты час тут адбыліся вялікія зьмены, і Нальшанскае княства ўжо належала князю Гедыміну. Да яго і зьвярнуўся юны Давыд па дапамогу. Было нешта прыцягальнае ў асобе маладога князя, што Гедымін ня толькі пакінуў яго пры сваім двары, але і вельмі хутка даверыў сваё войска. Давыд праз вельмі непрацяглы час стаў фактычна другім чалавекам у княстве пасьля самога Гедыміна.
Вось таму і быў запрошаны Давыд на сьвяткаваньне паўналецьця князёўны Біруты. Любімая дачка князя Гедыміна адразу паланіла сэрца юнага ваяра. Праз некаторы час закаханыя ўступілі ў шлюб. Гэты шлюб вітала ўся сям`я вялікага князя Гедыміна, і гэты шлюб вітала ўся дзяржава. Гэта быў вельмі рэдкі выпадак, калі шлюб у такой сям`і быў вітаны як палітычная ўдача і як шлюб па каханьню.
Гедымін і ўся ягоная сям`я ў гэты час яшчэ былі паганцамі. Бірута перад сваім шлюбам павінна была першаю прыняць хрысьціянства і памяняць сваё імя на хрысьціянскае. Але закаханаму Давыду гэтак спадабалася імя сваёй нарачонай, што ён угаварыў яе не мяняць яго. Неўзабаве маладая сям`я пакідае Вільню і пераяжджае ў Горадню. Гедымін прызначае свайго зяця горадзенскім кашталянам.
Гэта быў час неспакою. Вялікае Княства Літоўскае ўмацоўвалася, і гэта не давала спакою яго ворагам. Таму ваяваць прыходзілася часта. І гэта быў зорны час для Давыда як для палкаводца. Бірута чакала мужа з паходаў, хвалявалася, як і патрэбна было сапраўднай вернай жонцы. У гэты час на Горадню некалькі разоў нападаюць крыжацкія войскі. У 1305-м годзе горад пасьпяхова вытрымлівае аблогу крыжакоў пад кіраўніцтвам Конрада Ліхтэнхагена з Брандэнбургу. Праз два гады на Горадню напаў Эберхард фон Вірненбург з Круляўца. Абодва разы горад выстаяў, дзякуючы ваярскаму таленту свайго кашталяна Давыда. Падчас абедзьвюх аблогаў Горадні Бірута стаяла на сьценах замку побач са сваім мужам і гэтым надавала мужнасьці яго ваярам. Дзеля сваёй княгіні, якую ўсе любілі, давыдавыя ваяры гатовыя былі толькі перамагчы.
Паходы зьмяняліся паходамі. Давыд ніколі не хаваўся за сьпіны сваіх падначаленых. Гэта быў сьмелы, рашучы палкаводзец і яму надзвычай шанцавала. Каханьне да Біруты, відаць, абараняла і ахоўвала сьмелага ваяра ў бясконцых баёх. Кожны раз, выпраўляючы мужа ў чарговы паход, Бірута шаптала яму: "Я буду чакаць!" І Давыд, па-просту, ня меў права загінуць. Ен павінен быў перамагчы й вярнуцца ў свой шчасьлівы дом.
Бірута была незвычайнаю жанчынаю. Князёўна, дачка вялікага князя Гедыміна, жонка таленавітага палкаводца, яна заставалася вельмі добраю, спагадліваю жанчынаю, якую любілі ўсе: і бацька, і муж, і дзеці, і яе ўласныя чалядніцы, і нават ваяры, што падпарадкоўваліся яе мужу. Гэта было ўвасабленьне сапраўднай жаноцкасьці, хоць у тыя часы гэта было неяк нават і не прынята.
Давыд і Бірута не маглі наталіцца сваім шчасьцем. Праходзілі гады за гадамі, яны сталелі, але каханьне іх не зьмяншалася, а толькі ўмацоўвалася. Яны адносіліся адзін да аднаго, нібы толькі ўчора пабраліся шлюбам. Набліжаныя жартавалі, што Давыд раніцою сьпяшаецца расправіцца ў баі з крыжакамі, каб вечарам быць дома з жонкаю і дзецьмі. І гэта было вельмі падобным да праўды, бо тыя бітвы, якімі ён кіраваў, сканчаліся амаль вокаімгненна. Давыд і Бірута нібы адчувалі, што шчасьце іх будзе такім нядоўгім.
Калі ў добрай і памяркоўнай Біруты не было ворагаў, дык у Давыда іх было зашмат. Крыжакі, якія атрымлівалі ад яго паразу за паразай, проста марылі расправіцца са знакамітым вялікакняскім палкаводцам. Пакуль што мары іх не збываліся, бо Давыд заўсёды апярэджваў крыжакоў. Ен руйнаваў іхныя пляны, чым уводзіў проста ў лютасьць і жах. Расправіцца з Давыдам у баі было немагчыма: ён быў настолькі сьмелым ды прадбачлівым, што проста спаралізоўваў крыжакоў. Калі перамога не прыходзіць у праўдзівым баі, тады заўсёды зьвяртаюцца да нейкай хітрасьці, плятуць інтрыгі. Так было і з Давыдам Горадзенскім.
Настае 1324-ы год. Давыд у чарговым паходзе. Тры рыцары з Тэўтонскага ордэну, дамовіўшыся, таемна праводзяць у ваколіцы Горадні атрад, які складаўся з шасьцісот чалавек. Яны ноччу, хаваючыся, бяруць у аблогу ўвесь горад. Гэта зрабіць не так цяжка: усё войска ў паходзе разам з Давыдам, на абарону горада пакінуты невялікі атрад. Відавочна, што і гэты, зусім нешматлікі атрад, адолеў бы крыжакоў, бо кожны з давыдавых ваяроў быў варты дзесятка ворагаў, але на іх напалі зьнянацку, нібы драпежнікі. Атрад быў перабіты. Крыжакі ўвайшлі ў горад. Ім патрэбны быў палац Давыда, дзе ў гэты час знаходзілася Бірута з малодшымі дзецьмі. Двое старэйшых у гэты час гасьцявалі ў Вільні ў дзядулі Гедыміна. Гэта іх і выратавала. У палацы, акрамя Біруты і дзяцей, былі некалькі ахоўнікаў ды слугі. Усяго трыццаць восем чалавек. І гэтыя трыццаць восем чалавек супрацьстаялі шасьцістам крыжакам некалькі гадзін запар. Яны біліся за сваю княгіню як ільвы. Але сілы былі няроўнымі. І вось дзьверы ў пакой, дзе хаваліся княгіня і дзеці, з грукатам расчыніліся. Некалькі крыжакоў, пераскокваючы праз цела апошняга княжацкага ахоўніка, уварваліся ў спачывальню Біруты. І яны вымушаныя былі працягваць бой, бо іх зь мячом сустрэла сама тоненькая, слабая княгіня і яе дзеці. Дзеці, і нават самы малодшы сын, якому зусім нядаўна споўнілася толькі шэсьць гадоў, акружылі маці й былі гатовыя біцца да канца. Жонка і дзеці Давыда Горадзенскага загінулі ў баі. Акрамя крыжакоў у палацы не засталося ніводнага жывога чалавека.
Крыжакі абрабавалі палац і падпалілі яго. Але адзін з рыцараў, уражаны сьмеласьцю і вернасьцю Біруты, загадаў спачатку вынесьці з палацу яе цела і целы яе дзяцей.
Калі Давыду паведамілі, што Бірута і дзеці забітыя, ён ужо вяртаўся з паходу дамоў. Стомлены конь, нібы адчуваючы, што ў гаспадара здарылася бяда, нёсься нібы вецер. За Давыдам ледзь пасьпявала ўсё ягонае войска. І вось роднае папялішча. Давыд ня верыць сваім вачам. На сырой зямлі ляжыць яго Бірута, побач - чацьвёра дзяцей. На твары Біруты спакой: яна да апошняй хвіліны заставалася вернай свайму Давыду.
Давыд нахіліўся над роднымі целамі, пацалаваў усіх па чарзе. Паправіў скрываўленую кашульку на малодшым. Яго ваяры стаялі трошкі воддаль. Яны маўчалі. Кожны зь іх быў гатовы помсьціць за сваю княгіню да апошняй кроплі ўласнай крыві. Цішыня стаяла такая, што ажно зьвінела ў вушох. І раптам ад жудаснага крыку здрыганулася паветра, а напалоханыя коні захрыпелі. Гэта быў крык не чалавека, а параненага зьвера. Давыд ускочыў на свайго каня і паімчаў. Ен імчаў на новую бітву.
Зараз імя Давыда Горадзенскага наводзіла на крыжакоў проста містычны жах. Паходы яго пачасьціліся, і ён амаль нікога ня браў у палон. Крыжакі гінулі тысячамі. Кіраўніцтва тэўтонскага ордэну, супраць якога найчасьцей і хадзіў з паходамі Давыд, ня ведала, якім чынам расправіцца зь непераможным ваяром. Яго ня брала ні дзіда, ні меч. Забіць у бітве Давыда Горадзенскага было немагчыма: ён зусім не дбаў пра ўласнае жыцьцё, але сьмерць ня брала яго. Прыйшлося зноў зьвярнуцца да падману, да хітрасьці.
Давыдава войска разам з палякамі й псковічамі пайшло паходам супраць крыжакоў на Брандэнбург. Пераможна яны дайшлі ажно да Франкфурта-на-Одэры. І вось тут чорная здрада пасялілася сярод шэрагаў супольнага войска. На адпачынку да Давыда нечакана падыходзіць польскі рыцар Анджэй Гост. Князь не прадчувае ніякае бяды, бо Анджэю ён цалкам давярае. Давыд ня ведае, што Госта ужо падкупілі крыжакі. Не падазраюць нічога дрэннага і ягоныя ахоўнікі. Яны й не заўважылі, як Гост нанёс нажом удар у сьпіну Давыду. Убачылі толькі, як той упаў пад ногі свайго вернага каня.
Увесь шлях ад Франкфурта-на-Одэры да самой Горадні ваяры Давыда несьлі цела свайго князя на шчытах. Кожны зь іх лічыў за гонар хоць некалькі хвілін пранесьці цела свайго князя. Пахавалі Давыда Горадзенскага на ўзвышшы каля Нёмана недалёка ад Каложскае царквы. Ен знайшоў апошні прытулак побач з жонкаю Бірутаю. Яны зноў былі разам. На гэты раз навекі.

Лілія САЗАНАВЕЦ