ВЯЛІКДЗЕНЬ У ТАРОНЬЦЕ

Летась сьмерць забрала ў нас, таронцкае парафіі, Першага Ярарха БАПЦ, сьветлай памяці арх. Мікалая. Мяжа Канады, з прычыны вайны ў Іраку, адгарадзіла шлях нашых сьвятароў да нас са Злучаных Штатаў. Як сьвяткаваць Вялікдзень?
Згадзіўся дапамагчы нам сьвятар а. Аляксей Калюжны зь недалёкае ад нас парафіі, што ў Тароньце на Манінг авеню. Гэтая-ж парафія, якую "рускай" называюць, некалі была на вуліцы Глен Морыс. Беларусы, што пасяліліся тут на пачатку мінулага стагодзьдзя яе залажылі. Гэтак Канада нашых праваслаўных суродзічаў з акупаванае Масквою ці Варшаваю Бацькаўшчыны ўключыла ў лік "рускіх".
Запрошаны намі а. Калюжны служыў усяночную ў Віндсары, а да нас зьявіўся ў сьвятыні Сьв. Кірылы Тураўскага ў нядзелю 27-га красавіка а гадзіне 10-й. Сабралася ладная грамада вернікаў. Ютраня і Сьв. Літургія трывалі тры гадзіны. Пасьля асьвячэньня вялікодных дароў, абдымкаў і сьвяточных пажаданьняў у вялікай залі віталі й ушанавалі зорку беларускай гістарычнай прозы, выдатнай паэзіі, некалі старшыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, спн. Вольгу Іпатаву. Ганаравалі яе далучэньнем у сябры найстарэйшае нашае арганізацыі ў Канадзе - Згуртаваньня Беларусаў Канады.
Вельмі прыгожа аформлены дакумэнт уручаны быў нашай дарагой госьці з падпісамі першага Старшыні Галоўнае Ўправы ЗБК Кастуся Акулы й цяперашняе Старшыні таронцкага аддзелу Надзеі Дробінай такога зьместу:

Ганаровы Ліст
За неацэнны ўклад у разьвіцьцё беларускай літаратуры й самаадданую працу на карысьць беларускага народу надаць спн. Вользе Іпатавай тытул ганаровага сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады.

Вольга Іпатава, якую мы ўжо на ўрачыстым сьвяце ўгодкаў БНР 30-га сакавіка ахрысьцілі ЗОРКАЮ, шчыра дзякавала пасьля гучных воплескаў за такую ўзнагароду. Вядома-ж, ейны сын Руслан, прысутны на сьвяце, пасяліўся ў Тароньце колькі гадоў раней. Мы-ж запрасілі заслужаную Зорку беларускай культуры наведаць нас і ў будучыні.
К.