ВАШЫНГТОН БАРОНІЦЬ БЕЛАРУСЬ
У міжнароднай дыляматыі й геапалітычных камбінацыях паміж вялікімі дзяржавамі часта бывае, што меншыя народы церпяць страты. Ці пагражае Беларусі страта незалежнасьці ў выніку збліжэньня Амэрыкі й Расеі? Адказ на гэтае пытаньне прагучаў у гутарцы карэспандэнта Радыё Свабода Валеры Карбалевіча (21-га лістапада) з двума ўдзельнікамі канфэрэнцыі па Беларусі, якая адбылася 14-га лістапада сёлета ў Вашынгтоне пад шматзначным загалоўкуам: "Вось зла; Беларусь - прапушчанае зьвяно". Удзельнікі канфэрэнцыі й радыёгутаркі - беларускія палітычныя дзеячы Аляксей Кароль і Вінцук Вячорка. Вось тая частка перадачы, у якой гаварылі пра стаўленьне ЗША да справы незалежнасьці Беларусі.
(Карбалевіч: ) "Значная ўвага на канфэрэнцыі надавалася праблеме беларуска-расейскіх адносінаў. У пэўных колах Захаду існуе спакуса вырашыць "беларускую праблему" з дапамогаю Расеі, і гэтак скінуць зь сябе лішнія клопаты. А з другога боку, за перадачу "беларускага пытаньня" Расеі можна яшчэ і атрымаць ад Масквы пэўныя саступкі. А на канфэрэнцыі пазыцыя ЗША, якая была выкладзеная, зьяўляецца супрацьлеглай. Было засьведчана, што незалежнасьць Беларусі - гэта вялікая каштоўнасьць для ЗША і сусьветнай супольнасьці, Злучаныя Штаты будуць абараняць яе. Як-бы вы маглі пракамэнтаваць гэты момант працы канфэрэнцыі?"
(Кароль: ) "Сапраўды, з боку ЗША мы атрымалі ўпэўненую падтрымку незалежнасьці Беларусі. Злучаныя Штаты пасьлядоўна выконваюць свае абавязкі гаранта беларускай незалежнасьці, якія былі зафіксаваныя міжнароднымі дамовамі. Іншая справа, што ЗША не адмаўляюцца ад таго, каб ціснуць на Расею дзеля яе ўплыву на дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі".
(Вячорка: ) "Па-першае, усе афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, зь якімі мы сустракаліся, сьцьвярджалі, што незалежнасьць Беларусі - абавязковы варунак іхнай эўрапейскай палітыкі. Сэнатар Джон МакКейн, адзін з найбольш аўтарытэтных амэрыканскіх палітыкаў, адзін зь лідэраў рэспубліканскай партыі, сказаў, што дапамога дэмакратычнай і незалежнай Беларусі ёсьць чыньнікам, які не залежыць ад кан'юнктуры. Нам ніхто не выказваў веры ў тое, што мачымы экспарт дэмакратыі ў Беларусь з Расеі, што магчымы варыянт зьмены рэжыму і пераход да дэмакратыі расейскімі рукамі".