ВЕЛІЧ І ЛЮБОЎ
Першы Ярарх БАПЦ, Мітрапаліт Мікалай, памёр 20-га чэрвеня, а ў суботу 23-га ў Таронта разьвіталіся зь ім паніхідай у нашай мясцовай сьвятыні парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага, ягоным прастолам блізу паўстагодзьдзя.
Нас зь сем'ямі, сяброў парафіі дый іншых вернікаў рупіла пытаньне: а што далей, як-жа без галоўнага Першага Ярарха? Дзе шукаць помач?
І тады, быццам нехта плянаваў нам памагчы, зь Менску поштай зьявіліся дзьве газэты: "Наша Ніва" і "Наша Свабода", абедзьве з датай выхаду 28-га чэрвеня.
Абедзьве паведамлялі, што нібыта адбыўся ў Гайленд Парку Сабор БАПЦ. Нам было раней ведама, што Мітрапаліт Мікалай адлучыў япіскапа Аляксандра Салагуба за "бяспраўнае прысваеньне ўлады". А таго хапала, каб мы ў нядзельных літургіях у Таронта выключалі яго заўсёды зь ярархаў БАПЦ...
Сьвятар Ян Спасюк некалі прыяжджаў у Таронта, апавядаў пра ягоныя, быццам, намаганьні пашырыць БАПЦ у Беларусі, дзе ўжо ёсьць нібыта 70 парафіяў, якія чакаюць ад нас помачы; тут-жа ён падзякаваў прысутным за сабраныя на яго помач канадыйскія даляры.
Весткі зь менскіх газэтаў, інсьпіраваныя, "япіскапам Салагубам", зьбянтэжылі нас. Ужо пасьля з надрукаванага ў "Нашай Ніве" за 5-га ліпеня "Выясьненьня" Першага Ярарха БАПЦ Мітрапаліта Мікалая пра тое, што сапраўды адбылося, цытуем: "япіскап Аляксандар Салагуб, адлучаны 26-га студзеня 2002-га году ад БАПЦ за бяспраўнае прысваеньне ўлады".
Салагуб у інтэрв'ю Радыё Свабода 25-га траўня 2002-га году сказаў:"Айцец Ян Спасюк маім указам быў прызначаны кіраўніком справаў БАПЦ у Беларусі з шырокімі паўнамоцтвамі".
У "Нашай Свабодзе" артыкул "Рэвалюцыя ў аўтакефальнай царкве" ("рэвалюцыя" - гэта-ж ня хаханькі, што там дзеецца!) паведамляе: "Айцец Ян Спасюк у нашай гутарцы патлумачыў, што БАПЦ мела ў ЗША мала прыходаў. Аднак, паводле амэрыканскіх законаў, царква мае ўсялякія падаткавыя палёгкі. Яна мае права праводзіць розныя забаўляльныя мерапрыемствы, нават розыгрышы лятарэі. Прыбыткі ад гэтага былі вялікія. Аднак гэтыя грошы не выдаткоўваліся на царкоўныя патрэбы".
Куды-ж яны пайшлі? Сьвятар Спасюк ведае пра вялікія "прыбыткі", але... Гэтую галоўную хлусьню двух прагавітых рэвалюцыянераў варта разгледзець.
У ЗША і Канадзе няма дзяржаўных канфэсыяў. Ёсьць палёгкі падаткаў на грошы дабрачынных ахвяраў. Даволі папулярнае, з улікам грашовых прыбыткаў на ХАРЫТАТЫЎНЫЯ мэты, ёсьць БІНГО (латок, а не лятарэя). Даход з бінго парафіі й рэлігійнай арганізацыі, якія маюць ад уладаў дазвол, выдаюць на пабудовы сьвятыняў і праграмы помачы людзям. Гэтак даходы зь бінго ў нашай парафіі БАПЦ у Кліўлендзе пайшлі на пабудову царквы Божай Маці Жыровіцкай.
Харытатыўная дзейнасьць нашай таронцкай парафіі хіба найбольш ведамая ў Беларусі жыхарам краіны пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі.
Дзякуючы нашым намаганьням, асабліва-ж Мітрапаліта БАПЦ Мікалая, Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы й яе мужа інж. Янкі Сурвіллы, Старшыні Галоўнай Ўправы ЗБК Міколы Ганька і ягонай жонкі Марыі, д-ра Барыса Рагулі дый іншых ведамых і прыязных нам канадыйцаў рознага этнічнага паходжаньня ў харытатыўным полі пасьля Чарнобыльскай аварыі згуртаваліся нашыя асноўныя сілы.
Сп-ня Марыя Ганько, скарбнік парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, на нашую просьбу падала такія лічбы: старшыня Чарнобыльскага Фонду помачы сп. Грушавы ў 1991-м годзе атрымаў 23 680 даляраў. Для лекаў і іх перасылкі Кансысторыя БАПЦ выдала 67 971 даляр.
Гэтыя лікі даюцца як прыклады. Сюды не ўваходзяць шматлікія кошты падарожжаў у Беларусь, у шпіталі, дастава лекаў.
Мы, супольна з кандыйцамі, людзьмі добрай волі, штогод прыймалі тут сотні дзетак з чарнобыльскай зоны, шматлікія мелі тут мэдыцынскую помач.
Надта дорага каштавалі ператлумачаныя беларускамоўныя выданьні. Гэтак прыкладам, "Службоўнік" - Сьв. Літургія, выданая ў Таронта ў 1980-м годзе, каштавала 12 тысяч даляраў за 250 асобнікаў.
У 1988-м годзе на Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі на запрашэньне нашай парафіі прыехаў гурток музыкаў зь вёскі Дубіны ў Беласточчыне. На куплю музычных інструмэнтаў для іх ды ўтрыманьне выдалі звыш 33 000 даляраў. Іхны кіраўнік Пятро Скепка падпісаў з нашай парафіяй кантракт, што перадасьць інструмэнты іншым асобам, каб маглі беларусы Беласточчыны карыстацца. Скепка прысвоіў інструмэнты сабе і, абласаваўшыся грамадзкімі грашыма, падаўся ў ЗША, каб яшчэ больш нажыцца.
Нашая матэрыяльная шчодрасьць, любоў да паняволенае Бацькаўшчыны фінансава не маглі забясьпечыць усіх просьбаў, як прыкладам, больш помачы для беларускіх школаў у Вільні, але-ж самі выгнаньнікі з "раскіданых гнёздаў" колькі маглі памаглі суродзічам. Дзіва няма, што й сяньня некаторым - у бальшыні маральным абібокам - цяжка было нас і нашую дзейнасьць зразумець.
Прыкладам, дарам Госпада Бога стаўся для нас Сьветлай Памяці Першы Ярарх БАПЦ Мікалай. У ягонай любві "Сьвятой Беларусі", малітвах за Яе, штодзённай працы й змаганьні за Яе вызваленьне, у ягонай сяўбе адвечнага, разумнага, роднага, добрага выявілася тое самае, што ў наступных радкох, якімі кожны з нас калісьці выбраў свой шлях:

Я зганьбаваную сьвятыню
Як мог, што сілаў аднаўляў.
На помач клікаў на чужыне,
Шляхі і вехі ўстанаўляў!

І благаслаўлены Ўсявышні
Нас верай, сілай надзяляў -
Народ наш на зямлі ня лішні!
Ён будзе жыць, як хваль прыліў!

К. АКУЛА