Весткі зь Вільні
Месяц лістапад сёлета выдаўся "ўраджайны "на знаменальныя даты нашай гісторыі: 120 год Вацлаву Ластоўскаму (8/ХІ) і Язэпу Лёсіку (6/ХІ), 110 гадоў Леаніле Чарняўскай, пісьменьніцы, настаўніцы Віленскай беларускай гімназіі (жонцы Максіма Гарэцкага), Кастусю Езавітаву (17.ХІ), 65 гадоў з дня сьмерціі Браніслава Тарашкевіча ды шмат іншых угодкаў.
Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве штомесячна праводзіць імпрэзы, прысьвечаныя тым ці іншым славутым імёнам Гэтым разам сябрам ТБК прапанавалі выступы др. Сяргея Карабача і Александра Трусава, прысьвечаныя памяці Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка. Павал Саўчанка распавёў пра літаратурную спадчыну беларускага гісторыка Міколы Шкялёнка, закатаванага НКВД у 1946-м годзе, а Андрусь Старавойтаў гаварыў пра найважнейшую падзею ў Беларускім руху першай паловы ХХ-га стагодзьдзя - Слуцкім збройным чыне.
Хочацца нагадаць , што ўжо 83-ці раз адзначаюцца беларусамі, і ня толькі імі, ўгодкі Слуцкага збройнага чыну - вайны з бальшавісцкай Расеяй за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, абвешчаную Актам 25-га сакавіка 1918-га году. Дзень 27-га лістапада называюць Днём Герояў.
Сёньня Слуцкі збройны чын - гэта ня толькі гераічная старонка нашай гісторыі, але і напамін для аб'еднаньня, сымбаль барацьбы беларусаў за самастойную, сапраўды вольную і заможную дзяржаву.
Такія імпрэзы на гістарычныя, літаратурна-гістарычныя і культурныя тэмы заўсёды выклікаюць зацікаўленасьць у прысутных. ТБК лічыць сваім абавязкам, сваёй задачай задавальняць гэтую цікавасьць, запрашаючы часта навукоўцаў , літаратараў, дзеячоў культуры зь Беларусі ці з замежжа.
Гэта імпрэза прагучала на літоўскім радыё і была паказаная па тэлебачаньню.
Павал САЎЧАНКА