Вядзьмак Баршчоўскі
Прынята лічыць, што гістарычная памяць сярэднястатыстычнай беларускай сям'і - ня больш за восемьдзесят - дзевяноста гадоў. І гэта справядліва. Менавіта ў такі тэрмін укладаецца жыцьцёвы шлях нашых бабуляў і дзядуляў, жывых сьведкаў гісторыі. Далейшыя продкі (калі мы ведаем хоць аднога зь іх) успрымаюцца нашай сьведамасьцю амаль як міталягічныя постаці. Мы можам колькі заўгодна спрачацца пра Барбару Радзівіл ці Тадэвуша Касьцюшку, але-ж мало хто з нас здольны распавесьці пра лёс уласнага прапрадзеда.
Дзякуй Богу, але мне пашэньціла хоць крыху дазнацца пра аднаго з далёкіх продкаў. Сталася так, што мая бабуля, Марыя дачка Сазонта Раманава, 1908 г. н., засьпела свайго дзеда з боку маці, Міная Лаўрэнава, які нарадзіўся недзе ў 40-х гадох пазамінулага стагодзьдзя. У сваёй вёсцы Баршчоўка, што паміж Рэчыцай і Гомелем, ён быў чалавекам знакамітым. Бо лічыўся адзіным на ўсю акругу ведзьмаком. Хаця Мінай, натуральна, і быў прыгонным, яго (са словаў бабулі) нават сам пан крыху пабойваўся...

* * *
На сіберным усходзе Беларусі "ведзьмакамі" спрадвеку называюць людзей, якія валодаюць экстрасэнсорнымі здольнасьцямі. На Палесьсі такіх людзей куды больш, чым ва ўсёй астатняй Беларусі: надзвычайныя здольнасьці выхоўваюцца навакольлем. Матэчныя лясы, непраходная дрыгва, еднасьць з прыродаю надзвычай абвастраюць інтуіцыю. Пачуцьцё небясьпекі закладаецца на генэтычным узроўні й перадаецца ад бацькі да сына. Лічыцца, напрыклад, што зь дзесяці палешукоў, што патрапяць у багну, жывымі выбіраюцца дзевяць. "Людзі на балоце" амаль не хварэюць на зубы: дастаткова тры разы на год апускаць ногі ў мурашнік "пакуль не запячэ", і можна пажыцьцёва пазабыцца на стаматоляга.
Паводле аповядаў бабулі, мой прапрадзед Міна Лаўрэнаў хадзіў на балоты рэгулярна, бо быў ня толькі ведзьмаком, але і траўнікам. Уся Баршчоўка лекавалася ў яго, бо дактароў тама не было ад часоў Ярылы й Пяруна. Ня ведаю, ці праўда гэта, але-ж Міна Лаўрэнаў нават мог загаварваць ("шаптаць", як у вёсцы казалі) укусы зьмеяў.
Да таго-ж, прапрадзед, быццам бы, валодаў дзіўным дарам прадказваць будучыню. Многае з таго, што ён прадказваў, нібыта спраўджвалася. Менавіта з гэтае прычыны ксёндз з рэчыцкага касьцёлу Прасьвятой Тройцы не пускаў старога Міну да касьцёлу (у адрозьненьне ад бацюшкі - у выніку прапрадзед-вядзьмак моцна перасварыўся з ксяндзом і стаў праваслаўным).
Паводле бабулі, уся вёска хадзіла да Міная Лаўрэнава з пытаньнямі: хто зь дзяўчат увосень пабярэцца шлюбам, каго возьмуць у рэкруты, хто са старых ці хворых памрэ... І ўсё, нібыта, адбывалася менавіта так, як гаварыў прапрадзед. А сьмерці аднавяскоўцаў ён прадказваў абсалютова беспамылкова.
Скажу шчыра - я ніколі не даваў веры бабуліным словам наконт "прадказаньня будучыні". Палесьсе заўсёды славілася забабонамі. Але-ж словы "прадказаньні будучыні" зьнянацку спраўдзіліся колькі гадоў таму...

* * *
Бабуля выдатна памятае аповяд свайго дзеда пра рэкруцкі набор "пад Севастопаль". Прапрадзед быў тады зусім малым хлопцам, але дзіцячыя ўражаньні запомніліся так моцна, што пра той набор ён расказваў сваёй унучцы (маёй бабулі Марыі) мо разоў сто. А бабуля, дзякуй Богу, пераказала той аповед мне...
Баршчоўскія сяляне баяліся "рэкрутчыны", што той халеры. На хлопцаў, якіх забіралі ў расейскае войска (у Баршчоўцы гаварылі - "забрывалі"), глядзелі, як на нябожчыкаў. Мала хто зь іх вяртаўся ў родную вёску. Ня трапіць у рэкруты можна было ці сунуўшы хабар, ці папрасіўшы пана, каб той заступіўся. Ці то грошай у майго прапрапрадзеда не было, ці то пан яго не любіў, але-ж старэйшага брата Міная Лаўрэнава "забрылі". Дзе той Севастопаль, і навошта там ваяваць простаму хлопцу-палешуку, брат Міная ня ведаў. Яму і не казалі. На разьвітаньне мой прапрадзед Мінай, тады - малады зусім хлопец, чамусьці сказаў старэйшаму брату: маўляў, сасьніў я сёньня, нібыта ты загінуў на чужыне і пахаваны на высокім узгорку. Невядома, што адказаў малодшаму брату рэкрут, але-ж у Баршчоўку ён больш не вярнуўся. Іншых зьвестак не было. Адбылося гэта, як я цяпер разумею, да 1854-га году...
У 1993-м годзе давялося мне гасьцяваць у Севастопалі. Бавячы вольны час, я без дай патрэбы паехаў кацерам на так званую "Северную сторону", на старыя, паўзакінутыя вайсковыя могілкі. У цэнтры цьвінтара, на высокім узгорку, стаіць мураванае брацкае надмагільле. Сярод загінулых жаўнераў "Берасьцейскага пяхотнага палку" я са зьдзіўленьнем і нават жахам ўбачыў і "уньцера Лаўрэнава". Паўгадзіны я сядзеў там з шклянкаю гарэлкі і, памінаючы невядомага далёкага баршчоўскага сваяка, згадваў бабуліны словы, пачутыя ёй ад дзеда-ведзьмака - і пра чужыну, і пра высокі ўзгорак...
Чамусьці хоцелася думаць, што гэта ня проста супадзеньне.

* * *
Разумею - гісторыя выдае на прымітыўны фаталізм і часопісна-белетрыстычную містыку. Але магу паклясьціся хоць на Статуце Вялікага Княства Літоўскага, хоць на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, хоць на Бібліі - я ня хлушу. Недаверлівыя і асабліва цікаўныя могуць гэта спраўдзіць, калі наведаюць Севастопаль.

* * *
Ані прабаба Вольга, ані бабуля, ані маці не атрымалі ў спадчыну нейкіх надзвычайных здольнасьцяў. Бабуля, праўда, таксама добрая траўніца, але-ж, зь ёйных словаў, ёй далека да дзеда-ведзьмака.
На няшчасьце (а можа і на шчасьце) я таксама не магу пахваліцца дарам прадказаньня.
Але адзін выпадак не дае мне спакою.
Недзе за тыдзень да сьмерці "дарагога і любімага Леаніда Ільіча Брэжнева" чамусьці сасьніліся мне ягоныя хаўтуры. Ва ўсіх падрабязнасьцях: Чырвоная плошча, аркестра, жальба... І труна, якая грукнулася ў магілу. Ніколі не даваў веры забабонам наконт "разьбітых люстэрак", "чорных котак" ды "прасыпанай солі". Але, калі я глядзеў урачыстае пахаваньне па тэлевізары, быў абсалютова ўпэўнены, што ўсё адбудзецца менавіта так, як напярэдадні сасьніў, і што труна зь нябожчыкам грукнецца ў магільную яміну.
Так яно, як ведама, і здарылася.
Вытлумачыць той сон я не магу і цяпер.
Але вось ўжо амаль дзевяць гадоў я падсьведама чакаю сна-прадказаньня пра хаўтуры іншага палітычнага лідара. Хочацца верыць, што калі-небудзь дачакаюся.

* * *
А пакуль мне згадваюцца бабуліныя словы пра яе дзеда-ведзьмака, стары цьвінтар на "Северной стороне" Севастопаля і сьпіс загінулых жаўнераў "Берасьцейскага пяхотнага палку". "Унцер Лаўрэнаў" далёка ня першы беларус, які няведама за што загінуў на чужыне і тамака-ж пахаваны.
Баюся, што і не апошні...
Уладзіслаў АХРОМЕНКА