НОВЫЯ ВЫДАНЬНІ
INDEPENDENT BELARUS. Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Edited by Margarita M. Balmaceda, James I. Clem, Lisbeth L. Tarlow. Harvard University Press, 2002. 483 p.
"НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ. Нутраныя фактары, рэгіянальная дынаміка й магчымыя вынікі для Захаду" - пад гэткім загалоўкам зьмешчаныя аналізы самых розных аспэктаў сучаснае Беларусі. У кнізе артыкулы 18 аўтараў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Летувы, Польшчы, Нямеччыны, Канады ды Злучаных Штатаў. Бальшыня аўтараў - удзельнікі праведзенае ў Гарвардзкім унівэрсытэце ў травені 1999-га году канфэрэнцыі, прысьвечанае Беларусі. Некаторыя матэрыялы былі замоўленыя дадаткова ў спэцыялістаў збоку.
Васемнаццаць дакладаў разьмешчаныя па тэмах: нутраная палітыка, эканоміка, расейска-беларускія дачыненьні, Беларусь і эўрапейская бясьпека, беларускі выклік Захаду. У канцы кнігі зьмешчаны тэкст (па-беларуску й па-ангельску) Хартыі-97.
Дакладнейшае ўяўленьне пра зьмест гэтага вартаснага тому можна атрымаць з загалоўкаў артыкулаў: "Беларуская грамадзкая думка й саюз з Расеяй"; "Апазыцыя ў Беларусі: гісторыя, патэнцыял і пэрспэктывы"; "Фэнамэн Лукашэнкі"; "Беларуская эканоміка: ці здольная яна выжыць?"; "Беларусь як транзытны шлях: з гледзішча нутраной і замежнай палітыкі"; "Лукашэнкава роля ў расейскай палітыцы"; "Пытаньні бясьпекі ў будучыні Беларусі"; "Беларускі фактар у эўрапейскай палітыцы Ўкраіны"; "Беларусь - дзіўная суседка Польшчы"; ""Роля міжнародных арганізацыяў у Беларусі". "Дылема беларускай палітыкі (ЗША)".
Кожны з артыкулаў грунтоўна ўдакумэнтаваны, падмацаваны спасылкамі, статыстыкай, сацыялягічнымі апытаньнямі. Гэты вартасны зборнік станецца аўтарытэтным даведнікам для кожнага, хто зажадае ўвайсьці ў курс праблемаў сучаснае Беларусі ды ейнага складанага міжнароднага становішча.
Кніжку можна замовіць, напісаўшы на адрас: HURI Publications, Harvard Ukrainian Research Institute, 1583 Massachussetts Ave., Cambridge, MA 02138.

CONTEMPORARY BELARUS: BETWEEN DEMOCRACY AND DICTATORSHIP
"Сучасная Беларусь: паміж дэмакратыяй і дыктатурай" - назва зборніка дакладаў, прачытаных на міжнароднай канфэрэнцыі, што адбылася ва ўнівэрсыттэтце ангельскага гораду Бат (Bath) у 2000-м годзе. Кніжка пойдзе ў продаж 11-га кастрычніка сёлета. Яе можна будзе набыць празь інтэрнэтную старонку выдавецтва Routledge:
https://ecommerce.tandf.co.uk/catalogue/ (ISBN=07007 16 130) або праз Amazon.com.

(ЯЗ)