НОВЫЯ ВЫДАНЬНІ
Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі: Вітаўт Кіпель і Зьміцер Саўка. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Нью-Ерк - Менск, 2001. 570 ст.
На сучасным этапе беларускага нацыянальнага адраджэньня й дзяржаўнага будаўніцтва беларуская мова застаецца найгалоўным "абаронцам" ідэі незалежнасьці Беларусі. І нідзе наша мова не прадстаўлена шырэй і грунтаўней, як у агляданай тут бібліяграфіі слоўнікаў ды энцыкляпэдыяў. У кнізе - больш за 2200 бібліяграфічных пазыцыяў - вынік шматгадовае крапатлівае працы складальнікаў. Тут пералічаныя і слоўнікі літаратурнай мовы, і дыялектныя, і галіновыя, і фразэалягічныя, і перакладныя. Ад вялікіх шматтомавых да малых і маленькіх слоўнічкаў, што пахаваліся напрыканцы кнігаў ці нават часапісаў. Кідаецца ў вочы, што тэрміналягічна-слоўнікавы набытак ладна ўзбагаціўся на працягу мінулага дзесяцігодзьдзя, калі беларуская мова дачакалася была параўнальнай свабоды, якую апошнімі гадамі заціснула лукашэнскаўская рэакцыя.
Кніга адзначаецца добраю арганізацыяй зьмешчанага ў ёй матэрыялу. Слоўнікі разьмеркаваныя па трох катэгорыях: друкаваныя (больш за 2000), рукапісныя й картатэчныя (129) ды электронныя (10).
Карыстацца кнігаю дапамагаюць паказьнікі: паводле тыпу слоўнікаў, тэматычны, моўны (паводле мовы, зь якое ці на якую перакладаецца беларускі матэрыял), асабовы, геаграфічны, паводле месца выданьня ды паводле году выданьня.
Галоўны ініцыятар гэтага ўнікальнага выданьня, др. Вітаўт Кіпель, кажа ў кнізе пра свае "40 гадоў бібліяграфічнага зьбіраньня": "Напрыканцы 1950-х гадоў, каб быць прафэсыйна зьвязаным зь беларусістыкаю, зь Беларускаю Справаю (ведаю: так было наканавана!), я зьмяніў асноўны занятак: пакінуўшы геалёгію, стаў бібліятэкарам, скончыў бібліятэчны факультэт амэрыканскага ўнівэрсытэту. Адным зь першых маіх заданьняў у новай прафэсыі была дапамога ў складаньні бібліяграфіі слоўнікаў славянскіх моваў. Якраз тады мне й прыйшла думка скласьці шырэйшую картатэтку беларускіх слоўнікаў.
"(...) Пры сутыкненьні з багацьцем лексычнага матэрыялу ўзмацнялася, выкрышталізоўвалася пераканаьне на квантытатыўнай базе паказаць, што беларускае слоўніцтва разнабакова, шматгранна разьвітае. Рэсурсы беларускага слоўніцтва - закумуляваныя ў народнай мове, ідыяматыцы, у гістарычным справаводзтве, у немалых тэрміналягічных зборах - гэта гарант нашага існаваньня як сувэрэннае нацыі".
Суаўтар гэтае выдатнае працы, Зьміцер Саўка, у "Асноўных заўвагах для карыстальнікаў" зазначае, што кніга кладзецца "ў падмурак для выкананьня аднаго з найважнейшых заданьняў беларускага мовазнаўства - пабудовы ўнівэрсальнае электроннае базы беларускае мовы, якая дасьць шырокі й трывалы грунт для стварэньня слоўнікаў разнастайнае тэматыкі й прызначэньня".
Нельга перабольшыць значэньня выхаду ў сьвет гэтае працы. Застаецца толькі пажадаць, каб накрэсьленыя далейшыя мэты збыліся як мага шырэй ды як мага хучэй. А станецца гэта тады, калі радыкальна зьменіцца тая адмоўная ў дачыненьні да беларускае нацыянальнае культуры палітыка сучаснага рэжыму.

Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Менск, выд. "Энцыклапедыкс", 2002. Т. 1, 551ст; т. 2, 587 ст. Выдавецкая рада: Валер Булгакаў, Алег Латышонак, Генадзь Сагановіч, Богуш Станкевіч, Вячка Станкевіч, Юрка Станкевіч, Сяргей Шупа.
Пасьля таго, як зьнік у нашай мове савецкі штамп і казённы дыктат, моўная практыка пазначаная страшэнным разнабоем, які пануе і сёньня. Перад будучай акадэміяй навук Беларусі, калі краіна дачакаецца акадэмічнай свабоды й руплівасьці ўладаў аб нацыянальнай культуры, паўстане манумэнтальнае заданьне ўпарадкаваць і санкцыянаваць нормы нацыянальнае мовы.
А тым часам набіраюцца запасы моваведных матэрыялаў, раскіданых па архівах ды бібліятэчных паліцах. Вельмі важнай зьяваю ў гэтым працэсе назапашваньня сталася публікацыя двутомавіка моваведных працаў Яна (Янкі) Станкевіча.
Цягам больш як паўстагодзьдзя Ян Станкевіч быў рупілвым зьбіральнікам беларускага моўнага багацьця, сталым удзельнікам лігвістычных дыскусыяў і спрэчак, а таксама вострым крытыкам савецкае моўнае палітыкі. Поле ягонага зацікаўленьня распасьціралася вельмі шырока. Ен уздымаў моўную цаліну, інтэнсыўна камэнтаваў нова- й старадрукі, выступаў як рыцар абароны моўнае "чысьціні", якую ён наводзіў зваротам да гістарычных крыніцаў ды рэгіяналізмаў. Станкевіч пакінуў па сабе вялікае багацьце моваведных працаў з арыгінальнымі, часта спрэчнымі, паглядамі й ацэнкамі.
Валер Булгакаў, рэдактар і аўтар уступу, зазначае: "Асоба і дзейнасьць Яна Станкевіча традыцыйна ўзбуджала супярэчлівыя ацэнкі". Булгакаў разглядае пытаньне актуальнасьці прынцыпаў, якімі карыстаўся мовавед у сваіх вывучэньнях. Падсумоўваючы, ён зазначае: "Нягледзячы на ўнівэрсальны характар Станкевічавай мовазнаўчай спадчыны, нельга забывацца, што Аўтар быў дзіцём свайго часу. Некаторыя прапанаваныя Аўтарам этымалёгіі на дадзены момант ужо састарэлі, шэраг адстойваных ім інтэрпрэтацыйных мадэляў зрабіўся неактуальным". Тым ня менш, навуковая спадчына Станкевіча захоўвае актуальнасьць. У сёньняшніх "гістарычна іншых абставінах" Булгакаў выказваецца за "крытычнае пераасэнсаваньне" Станкевічавага "праекту кадыфікацыі беларускае мовы". Ян Станкевіч, адзначае Булгакаў, "быў галоўным апанэнтам моўнага рэжыму, прынятага ў савецкай Беларусі і бяздумна ўспадкаванага Беларусяй незалежнай".
Зьмешчаныя ў двутомавіку творы (больш за 120) апублікаваныя з захаваньнем мовы аўтара, а таксама графікі - некаторыя працы перадрукаваныя лацінкаю. Абодва тамы забясьпечаныя даведкава-камэнтатарскім апаратам ды іменнымі паказьнікамі.
Двутомавік канчаецца біяграфіяй Яна Станкевіча з грунтоўным аналізам ягонай творчай спадчыны пяра Юрася Бушлякова - "Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму". Бушлякоў прыходзіць да высновы, што "значнасьць нарматворчае працы вучонага для стабілізацыі несавецкага стандарту беларускай мовы не падлягае аспрэчваньню" ды што "вучоны змог распрацаваць комплексную нармалізацыйную альтэрнатыву, засьведчыўшы гэтым вялікі й да сёньняшняга дня актуальны патэнцыял творчага беларускага мовазнаўства".

Янка ЗАПРУДНІК

НОВАЯ КНІГА
Швэдзкім Інстытутам сумесна з часапісам "ARCHE" й выдавецтвам "Энцыклапедыкс" ў Менску накладам 2000 асобнікаў выдадзеная кніга "Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў".
Аўтар кнігі Андрэй Катлярчук ёсьць прафэсыйным гісторыкам, які жыве ў Швэцыі ды працуе ва ўнівэрсытэце Паўднёвага Стакгольму. Гэта першае выданьне па-беларуску, зробленае пры падрымцы Швэдзкага Інстытуту (дэпартамэнту міністэрства замежных справаў Швэцыі), аўтарытэтнае дзяржаўнае ўстановы, заданьне якой ёсьць пашырэньне ведаў пра Швэцыю й швэдзкую культуру ў сьвеце .
Кніга напісаная на падставе швэдзкіх і беларускіх крыніцаў і мае 296 бачынак, 60 малюнкаў, зь якіх амаль ўсе невядомыя беларускаму чытачу, 7 мапаў, храналягічную табліцу, асобовы й геаграфічны беларуска-швэдзкі паказьнік, змястоўнае ангельскае рэзюмэ. Рэцэнзэнтамі кнігі выступілі вядомыя швэдзкія беларусісты праф. Свэн Густаўсон (унівэрсытэт Упсолы) і доктар Барбара Торнквіст-Плева (унівэрсытэт Люнду).
У працы асьвятляецца гісторыя беларуска-швэдзкіх стасункаў з часоў Вікінгаў да сёньня. Шмат зьвестак ўпершыню робіцца вядомымі беларускаму грамадзтву. Кніга напісаная клясычным правапісам, з нацыянальнага пункту гледжаньня, з выкарыстаньнем лепшых здабыткаў сучаснае заходняе гістарыяграфіі.
Прадмову да кнігі склаў генэральны старшыня Швэдзкага Інстытуту Эрланд Рынгборг (Erland Ringborg), які адзначыў што выданьне падобнага кшталту "дапаможа пабудаваць мост паміж супольным мінулым і супольнай будучыняй Швэцыі й Беларусі."
Набыць кнігу можна ў кнігарнях Менску, Віцебску, Магілёву, Горадні. Замежным пакупнікам трэба звяртацца ў рэдакцыю "ARCHE" (E-mail:bulhakau@arche.org.by).