Выстава ў Ню Еркаўскай Публічнай бібліятэцы
Не аднойчы ўтульная заля Славянскага й Балтыйскага Аддзелу ўпрыгожвалася выставамі, ла-джанымі Зораю Кіпель, што распавядалі бібліятэчным наведвальнікам пра гісторыю беларускае кнігі, пра Францыска Скарыну, Янку Купалу, Якуба Коласа. Сёньня там дзейнічае выстава, прысьвечаная яе памяці.
Выстава, зробленая намаганьнямi супрацоўнікаў Аддзелу, дэманструе кнігі, напісаныя, перакладзеныя, рэдагаваныя ёю самою або ў сааўтарстве з мужам, др. Вітаўтам Кіпелем. Фонд Беларускай Кнігі ў Нью Ёркаўскай Публічнай Бібліятэцы
У папярэднім нумары "Беларуса" ў артыкуле, прысьвечаным сьв. пам. Зоры Кіпель, загадчык Славянска-Балтыйскага Аддзелу Бібліятэкі сп. Касінец паведамляе, што Зора Кіпель у паразуменьні зь сям'ёй ахвяравала Бібліятэцы 25 000 даляраў, залажыўшы тым самым Фонд Беларускае Кнігі. Як доўгагадовы супрацоўнік бібліятэкі ўважаю, што беларускаму грамадзтву трэба даць больш інфармацыі аб тым Фондзе.
Нью Еркаўская Публічная Бібліятэка, закладзеная ў ХІХ-м стагодзьдзі, а адчыненая для наведвальнікаў на скрыжаваньні 42-й вуліцы й 5-й Авэню ў 1911-м годзе, складаецца як бы з 2-х аддзелаў: дасьледчага і абанэмэнтнага. Аддзел дасьледчы, у аснове якога ляжыць капітал заснавальнікаў, магнатаў-індустрыялістаў, філантропаў Астора, Тыльдэна й Ленакса, налічвае каля 30 мільёнаў каталёжных адзінак, а аддзел абанэмэнтны складаецца з 80 адгалінаваньняў з прыблізна 10 мільёнамі кніжак.
У аддзеле дасьледчым ёсьць каля 30 аддзелаў, сярод якіх і Славянска-Балтыйскі. У некаторых з тых аддзелаў ёсьць спэцыяльныя фонды, якія, як у выпадку з фондам амэрыканскае літаратуры, налічваюць мільёны даляраў. Прызначэньне гэтых фондаў мае канкрэтныя мэты: набыцьцё толькі некаторых кнігаў, абумоўленых пры заснаваньні фонду. Вось жа Фонд Беларуске Кнігі быў створаны сям'ёй Зоры й Вітаўта Кіпеляў для набыцьця толькі рэдкіх кнігаў, прыкладам, скарынінскіх кнігаў альбо для захаваньня рэдкіх беларускіх друкаў, якія патрабуюць спэцыяльных умоваў захаваньня і рэстаўрацыі.
Фонд Беларускае Кнігі - фонд адчынены, да яго можна дадаваць сумы, але назначэньне застаецца бязьменнае - выключна для рэдкае беларускае кнігі.
Для разьвіцьця й падтрымкі беларускае культуры ў ЗША фонд мае вялікае значаньне, бо гэта ці ня першы фонд, створаны для бібліятэчнае-кнігаведнае справы.
Лявон ЮРЭВІЧ,
Загадчык Адзьдзелу
Кнігаабмену Нью Еркаўскае Публічнае Бібліятэкі