ВЭБ СТАРОНКА БАЗА Ў СУСЬВЕТНЫМ СЕЦІВЕ
Ужо некалькі месяцаў у сусьветным сеціве існуе старонка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Яна па магчымасьці апэратыўна асьвятляе падзеі беларускага жыцьця ў розных кутках Паўночнай Амэрыкі, імкнецца даваць інфармацыю пра найважнейшыя падзеі ў іншых краінах сьвету.
Вэбмайстар Максім Галіцын стварыў гэтую старонку на дзьвух мовах, беларускай і ангельскай, і структурна яна складаецца з шэрагу разьдзелаў, у тым ліку з аб'яваў і афіцыйнай інфармацыі, навінаў БАЗА, "Дыарыюшу", дзе зьмяшчаюцца разнастайныя думкі й інфармацыі, што "ня цягнуць" на асобную публікацыю, але зьмяшчаюць зьвесткі, якія могуць падацца цікавымі й карыснымі для наведвальнікаў.
Рэгулярна разьмяшчаюцца публікацыі газэты "Беларус", існуе архіў. У разьдзеле "Наша кнігарня" выстаўленыя сьпіс выданьняў эміграцыі, што неўзабаве можна будзе набыць, зьмяшчаюцца паведамленьні пра новыя кнігі, якія тычацца Беларусі, і паведамленьні пра выдавецкую дзейнасьць.
Запачаткаваны разьдзел "Асобы" пра беларускіх дзеячоў у Амэрыцы. У "Фотакуфэрку" можна знайсьці шмат фотаздымкаў зь сёнешняй дзейнасьці арганізацыі. Плянуецца дадаць туды фота-архіў, дзе будуць зьмешчаныя здымкі дзеячоў ды імпрэзаў з ранейшага часу.
Запрашаем усіх наведаць адрас http://baza-belarus.org і пакінуць у кнізе водгукаў свае заўвагі й прапановы пра зьмест і якасьць старонкі.
Віталь ЗАЙКА