ЗОРА ПРЫПАМІНАЕ...

З Натальляй Арсеньневай я першы раз спаткалася ў Менску ў 1942-м годзе, дадам, разьбітым-згарэлым Менску. Было мне тады 15 гадоў. Адбылося гэта ў памешканьні рэдакцыі газэтаў "Менская газэта" і "Галас вёскі". Прыйшла я туды, каб знайсьці нейкую працу. У 1942-м годзе я скончыла 7-ю клясу школы, а вучыцца далей магчымасьці не было. Школы былі толькі сямігодкі, вышэйшых клясаў немцы не дазвалялі. Тую-ж моладзь, што не вучылася і не працавала, немцы вывозілі ў Нямеччыну на прымусовыя працы. І вось у рэдакцыі гэтых беларускіх газэтаў мне і малодшаму сыну Натальлі Арсеньневай - Влодку - выкраілі нейкія працы. Мне было сказана падлічыць радкі на ганарары ў "Голасе вёскі", нешта падобнае рабіў і Влодэк. Мною адразу-ж заапекавалася спадарыня Арсеньнева, стала мяне называць "Зорачка", а я да яе як-бы прывязалася, вельмі паважала і палюбіла. За ёю я адчувала сябе больш упэўнена на працы, бо-ж, ведама, рэдакцыя была рухавым месцам, працу трэба было выконваць дакладна. Прабыла, прапрацавала я ў рэдакцыі аж да сярэдзіны 1943-га году, калі немцы дазволілі школы з вышэйшымі клясамі - былі адчыненыя сэмінарыя і прагімназія, і я пайшла вучыцца ў сэмінарыю. У рэдакцыю я ўсё-ж заскоквала, часта бачылася з Натальляю Арсеньневай далей, апавядала пра сваё жыцьцё-навуку-дзейнасьць. Кароткі час я была вельмі блізка з Натальляю Арсеньневай, калі мы эвакуяваліся зь Менску ў 1944-м годзе, мы ехалі ў адным таварным вагоне праз Польшчу ў Нямеччыну.
Наступнае нашае спатканьне адбылося ўжо ў паваеннай Нямеччыне ў горадзе Рэгенсбургу напрыканцы 1945-га году. У Рэгенсбургу арганізаваўся беларускі лягер перамешчаных асобаў, дзе пражывала Натальля Арсеньнева зь сям'ёю, і куды я з бацькамі прыехала, каб прадаўжаць перарваную навуку, бо ў Рэгенсбургу адчынілася беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Натальля Арсеньнева выкладала ў нас французкую мову. Яна яе ведала выдатна, а вось нам даводзілася мець дачыненьне з французкаю моваю ўпершыню! Дык шмат ёй давялося з намі папрацаваць, каб закласьці асновы гэтае мовы. Была Натальля Арсеньнева настаўніцаю вельмі церпяліваю, справядліваю і добраю. Мову мы неяк пачыналі ўсьведамляць! І трэба-ж: у французкай мове мы пазьней здабывалі вышэйшую асьвету і ці раз успаміналі вельмі цёплымі словамі настаўніцу, якая нам упершыню тую мову падала - Натальлю Арсеньневу.
Праз увесь час побыту ў гімназіі мне з Натальляй Арсеньневай даводзілася быць у кантакце - то тое, то іншае грамадзкае, а я-ж зь ёю адчувала сябе вельмі ўпэўнена. І з таго перыяду 1946-47 гадоў у мяне ў памяці застаўся адзін вельмі прыемны ўспамін, калі Натальля Арсеньнева мне вельмі дапамагла ўлетку 1946-га году. Тады беларускі лягер з гораду Рэгенсбургу перавезьлі ў вёсачку Міхельсдорф каля гораду Кам. У тым часе ў лягеры былі вельмі дзейныя і актыўныя беларускія скаўты. Кіраўніцтва скаўтаў было поўнасьцю хлапецкае, хоць дзяўчатаў у скаўтах было, бадай, болей за палову. Відавочна, усе праграмы, як-бы дастасоўваліся да хлапцоў. Мне і маім бліжэйшым сяброўкам, кіраўнічкам у скаўтынгу, гэткая сытуацыя была ня вельмі да спадобы, і мы вырашылі ад хлапечага скаўтынгу аддзяліцца, заснаваць сваю скаўцкую адзінку. Тым больш, што статут арганізацыі прадугледжваў асобны дзявочы беларускі скаўтынг. Відавочна, што аддзяліцца мы маглі адразу, але трэба было выканаць усе статутовыя вымогі: знайсьці апекуна, даць структуру адзінкі. І вось у тым мамэнце я пайшла да спадарыні Арсеньневай, каб яна нам дапамагла. Шчасьцю майму не было веры, калі Натальля Арсеньнева згадзілася быць і нашаю апекункаю, і дапамагчы ў цырымоніі аддзяленьня ды, нават, яна нам тады напісала дзявочы скаўцкі гімн:
Наш Першы сьцяг, наш Сьцяг дзявочы,
Адважна крочаць у жыцьцё...
(далей словы ўжо не прыпамінаю)
Супрацоўніцтва нашае на ніве скаўцкай было вельмі памыснае. Натальля Арсеньнева нам шмат дапамагала: пісала і ставіла пастаноўкі, дапамагала рыхтаваць кіраўнічак, як апякунка Дзявочага Сьцягу. Яна выступала перад лягернаю адміністрацыяй - дапамагала здабыць нам уніформу, атрымоўвала дазволы на паездкі ў іншыя мясцовасьці, каб рэпрэзэнтаваць беларускіх скаўтаў. Бясспрэчна, яна была нам сапраўднаю апекункаю.
Далейшае нашае супрцоўніцтва сягае ў пазьнейшы перыяд, калі я, здабыўшы вышэйшую асьвету, заснаваўшы сям'ю, пасялілася каля Нью Ёрку. Дарэчы, на маё вясельле Натальля Арсеньнева падаравала гадзіньнік у выглядзе каміна, вельмі густоўны, масыўны. І гэты гадзіньнік "ідзе" і сёньня спраўна і дакладна, ды ў маёй хаце заўсёды на пачэсным месцы!
Нашае супрацоўніцтва ішло галоўным чынам па лініі БІНіМу, беларускіх друкаў, газэты "Беларус". Калі ў пачатку 70-х гадоў БІНіМ пастанавіў выдаць том твораў Натальлі Арсеньневай "Між берагамі", распачынаючы гэтым сэрыю "Беларускія паэты й пісьменьнікі на эміграцыі", я ўзялася ўкласьці бібліяграфію твораў паэткі ды працаў аб ёй. Тады-ж я перачытала, дый ці раз, ёйныя ўсе творы, зразумела, якая здольная працавітая і ўзьнёслая была яна. Як шмат яна дала нашай літаратуры. Ды ня толькі літаратуры. Яна была і плённаю журналісткаю, напісала выдатныя мэмуары, зрабіла гэтак шмат у грамадзкім жыцьці! І таму я з асабліваю энэргіяй расшуквала ёйны пераклад "Песьні пра зубра", які, дзеля перадчаснае хваробы др. Вітаўта Тумаша, быў "згубіўся", і была вельмі радая, пазваніла адразу паэтцы, калі той пераклад быў знойдзены і хутка выдрукаваны.
Безумоўна, ейная воддаль апошнімі гадамі, жыла Натальля Арсеньнева ў сына Влодака ў горадзе Рочэстэры, не спрыялі жывучасьці кантактаў, але, тым ня менш, мы часам сустракаліся, успаміналі, плянавалі далейшае. Нягледзячы на воддаль, мы адчувалі сябе блізка. І было для мяне і майго мужа Вітаўта (ён таксама мае свае ўспаміны пра Натальлю Арсеньневу) ударам, калі 27-га жніўня 1997-га году тэлефонным званком нам паведамілі, што Натальл і Арсеньневай больш няма з намі на гэтым сьвеце. Мы адразу селі ў машыну і паехалі да Влодэка. І, прызнацца, едучы, я як-бы трохі спадзявалася, заўсёднага вітаньня "Зорачка", калі сустрэнуся зь ёю, але гэтага ня сталася. І тым ня менш я адчувала сябе задаволенай, што была пры Натальлі Арсеньневай, калі ейная дамавіна хавалася, а ёйны "Магутны Божа" заставаўся і нам, і пакаленьням на вякі вечныя.
Зора КІПЕЛЬ