Нашыя хлопцы - у Эўропе!
Беларуская маладзёвая зборная - у фінале чэмпіянату Эўропы па футболу!
Гэтай падзеі айчынныя аматары спорту чакалі доўгія дзесяць гадоў. Якраз столькі, колькі ў Беларусі існуе сувэрэнны футбол. Забіўшы чатыры безадказныя галы ў вароты польскіх аднагодкаў на іх полі ў Вронках, беларускія гульцы дамагліся права ўдзелу ў фінальнай стадыі першынства кантынэнту сярод маладзёвых камандаў (узрост гульцоў не перавышае 21 год). Цікава, беларусы адзіныя з усіх былых савецкіх краінаў трапілі ў васьмёрку мацнейшых, якая з 27-га траўня па 8-га чэрвеня 2004-га году разыграе эўрапейскія ўзнагароды й ліцэнзіі на ХХVII-я летнія Алімпійскія гульні ў Атэнах.
Узгадаем таксама, што сёлета на шляху да вырашальнага супрацьстаяньня з нашымі заходнімі суседзямі зборная Беларусі ўжо атрымала пяць перамогаў запар, у тым ліку над камандамі такіх традыцыйна футбольных нацыяў як Галяндыя, Аўстрыя і Чэхія. Прычым апошнім беларусы саступілі першае мейсца ў адборачнай групе толькі па даданых паказніках.
Справядліва будзе адзначыць і галоўных герояў вялікага посьпеху. Гэта, перш за ўсё, узыходзячая зорка эўрапейскага футболу Аляксандр Глеб, які зараз бароніць колеры нямецкага "Штутгарту", і лепшы гульнец ныцыянальнага чэмпіянату Цімафей Калачоў - лідар салігорскага "Шахцёру".
Прыемна, што на стадыёне ў Вроцлаве па-над сэктарам зь беларускімі амтарамі луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі. На радзіме ўявіць сабе гэта сёньня проста немагчыма.
Кастусь ЛАШКЕВІЧ