Таямнічае зьнікненьне Юрася Корбана
19-га студзеня 2002 году зьнік кіраўнік віцебскага Цэнтру моладзевых ініцыятываў і намесьнік старшыні мясцовай арганізацыі БНФ Юрась Корбан. Але сваякі Юрася зьвярнуліся па дапамогу ў сродкі масавай інфармацыі толькі ў пачатку лютага, а крымінальная справа па факце зьнікненьня была заведзеная толькі 12-га лютага. Гэта адбылося таму, што пасьля зьнікненьня Сп. Корбан некалькі разоў тэлефанаваў бацькам з мабільнага тэлефону зь Менску, зь Віцебску, зь Берасьця і нават Варшавы. У апошнім тэлефанаваньні сказаў маці, што, пэўна, яны больш не пабачацца. Магчыма, хлопец быў выкрадзены, а магчыма, такім чынам вырашыў трапіць у палітычныя эмігранты., бо 21-га студзеня ён мусіў зьявіцца на допыт да фінінспэктараў. Апошнія і высунулі вэрсію, што хлопец хаваецца.

КХП-БНФ
9-га лютага ў Менску адбылося паседжаньне Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. На ім быў зачытаны даклад старшыні партыі Зянона Пазьняка і выказаная пазыцыя па надзённым праблемам. Пастанавілі працягнуць збор заяваў у грамадзянства БНР, а таксама подпісаў у абарону каталіцкай радыёпраграмы "Голас душы", зачыненай у пачатку студзеня. Сябры партыі рыхтуюцца да Дня Волі, а таксама заклікаюць правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, бо лічаць Лукашэнку незаконна абраным.

Курапаты
Грамадзкія ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" й "Моладзь у абарону Курапатаў" выпрацавалі ўласную канцэпцыю праекту мэмарыяльнага комплексу. На думку аўтараў, дзяржава павінна забясьпечыць ахоўны статус урочышча, дабраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, узьвесьці помнік ці кампазыцыю. Мяркуецца абнесьці ўрочышча плотам, пабудаваць уваходную браму, усталяваць новыя крыжы й лавы. Пасьля зацьверджаньня канцэпцыі плянуецца абвясьціць міжнародны конкурс на сам праект мэмарыялу. Пытаньне зь фінансамі пакуль ня вырашанае. Вахта валанцёраў у Курапатах працягваецца.

Міколе Маркевічу пагражае турма
13-га лютага рэдактар зачыненай горадзенскай газэты "Пагоня" быў выкліканы ў пракуратуру, дзе яму прад'явілі абвінавачаньне ў паклёпе на прэзыдэнта РБ. Артыкул крымінальнага кодэксу прадугледжвае за абразу да пяці гадоў зьняволеньня. Падставай сталіся тры публікацыі газэты 4-га верасьня мінулага году, якія "ўтрымліваюць паклёп спалучаны з абвінавачаньнем прэзыдэнта ў асабіста цяжкіх злачынствах - забойстве, генацыдзе і стварэньні злачыннай арганізацыі". Крымінал угледзелі ў артыкуле Паўла Мажэйкі "Ідзем на выбары", артыкуле ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка "Ён - не Лукашэнка" і жартоўным вершыку "Абяшчаў! Абяшчаю! Буду абяшчаць!" У першай дэкадзе лютага сп. Маркевіч быў у ЗША, па запрашэньні міжнароднай арганізацыі па правох чалавека. Позва ў суд прыйшла за тры дні да адлёту, калі ўжо былі спакаваныя валізкі, купленыя квіткі й аформленая віза, каб прымусіць думаць у Вашынгтоне і Нью Ёрку пра суд. Маркевіч вярнуўся. Аналягічнае абвінавачаньне прад'явілі й Паўлу Мажэйку. Зараз "Пагоня" выходзіць у інтэрнэце (www.pahonia.com). Навіны абнаўляюцца амаль штодзень. Але віртуальных чытачоў меней чым "папяровых". Мала маюць кампутараў чытачы "Пагоні", не кажучы ўжо пра інтэрнэт.

Традыцыйная Акцыя любові
"Малады фронт" зладзіў 14-га лютага ў Менску Акцыю любові (ці вулічны карнавал), прымеркаваную да дня Сьв. Валянтына. А Менгарвыканкам традыцыйна яе не дазволіў. Нягледзячы на гэта, моладзь вырашыла сабрацца на Плошчы Якуба Коласа. Міліцыя ачапіла раён і затрымлівала ўсіх падазроных маладзёнаў. Каля 250 маладых людзей пайшлі "карнавалам". На сутыку вуліцы Дарашэвіча і праспэкта Скарыны АМАП пачаў разганяць дэманстрацыю. Затрымалі некалькі чалавек. Большасьць пасьля складаньня пратаколаў адпусьцілі. Аштрафавалі шасьцёх. Лідэра "Маладога фронту" Павал Севярынец дастаў найбольшы штраф: 300 мінімальных заробкаў (1800 даляраў). Сярод затрыманых быў і дваццацігадовы Стас Івашкевіч. Ён схаваў на целе сьцяг Эўрапейскага Зьвязу, які не знайшлі ні пры вобшуку, ні ў міліцэйскім пастарунку, ні прыёмніку-разьмеркавальніку, ні ў судзе Савецкага раёну. Івашкевіча пакаралі 20 мінімальнымі заробкамі. Ён выйшаў з будынка, на ганку дастаў сьцяг і на вачох падпалкоўніка Гірэля абгарнуўся сьцягам.

Напад на ЗБС
15-га лютага на офіс Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, афіцыйна забароненага ў сьнежні мінулага году, быў зьдзейсьнены напад. Двох чалавек пагражаючы нажом і развадным ключом уварваліся ў памяшканьне і паклалі ЗБС-аўцаў на падлогу. Бандыты зьнішчылі нумар студэнцкай газэты "Танкіст" і зьнесьлі кампутар з маніторам і модэмам. ЗБС-аўцы сталі ахвярамі ўласнай неасьцярожнасьці. Дзьверы офісу ніколі не зачыняліся, і нават на гасьцей мала хто зьвяртаў увагі.

Канах - старшыня БКДП
16-га лютага на 5-м зьезьдзе Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў абралі новага старшыню. Колішні старшыня Генадзь Быкаў падаў у адстаўку. Новым старшынём абраны Мікола Канах, з 1999 году ён быў намесьнікам старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларусі, а на пачатку 90-х быў старшынём прафкаму чыгуначнага транспарту. У жніўні 1995 году Мікола Канах быў адным з арганізатараў страйку менскіх мэтрапалітэнаўцаў. Зараз сп. Канах лічыць, што першаснай задачай ёсьць зьмена накірунку дзейнасьці арганізацыі.

"Маладая грамада" зьмяніла прыярытэты
17-га лютага адбыўся VI зьезд "Маладой грамады". Арганізацыя, была ўтвораная ў 1994 годзе як структурная адзінка у БСДП "Народная грамада". У 1999 годзе ў БСДП пачаўся канфлікт, які ініцыявалі сябры партыі, незадаволеныя аўтарытарнай палітыкай лідэра партыі Міколы Статкевіча. Адбыўся раскол і ў "Маладой Грамадзе". Прыхільнікі Статкевіча ўтварылі фракцыю "Маладыя сацыял-дэмакраты", якая 2-га сьнежня 2001 году аформілася ў самастойную адзінку. А сябры "Маладой грамады" у той дзень бралі ўдзел ва ўстаноўчым зьезьдзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (апанэнтаў Статкевіча). Цяпер прыхільнасьці "Маладой грамады" афіцыйна абвешчаныя. Арганізацыя ідзе на шчыльныя кантакты з новай БСДП, падтрымлівае ідэю кансалідацыі беларускіх сацыял-дэмакратаў і абмяжоўвае кантакты з партыяй Статкевіча. Вырашана ўдзельнічаць у муніцыпальных выбарах 2003 году. Старшынём "Маладой грамады" пераабраная Тацяна Алесіна.

Зварот да Джорджа Буша
Жонкі зьніклых беларускіх дзеячаў Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая, а таксама жонка вязьня-бізнэсоўца Андрэя Клімава Тацяна сустрэліся 19-га лютага ў Менску з намесьнікам дарадчыка дзяржсакратара ЗША Стывэнам Пайфэрам. Пайфэр знаходзіўся ў беларускай сталіцы з мэтай вывучэньня стану дэмакратыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Жанчыны распавялі яму пра стан сьледзтва па зьнікненьні вядомых асобаў і перадалі ліст Дж. Бушу. Яны просяць амэрыканскага прэзыдэнта ўзьняць пытаньне пра зьніклых мужоў на сустрэчы з Ўладзімерам Пуціным, каб расейскі прэзыдэнт паўплываў на Лукашэнку.

Прафсаюзная акцыя пратэсту пераносіцца
21-га лютага пазачарговы пленум Прафсаюза аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня (АСМ) прыняў рашэньне аб пераносе акцыі пратэсту з 5-га сакавіка на 28-га сакавіка. Сябры прафсаюза АСМ спадзяюцца на масавыя пратэсты рабочых супраць падзеньня жыцьцёвага ўзроўня насельніцтва і антыпрафсаюзнай палітыкі ўладаў. Акцыя мусяць прайсьці ў буйных гарадох і прамысловых цэнтрах і мець выключна эканамічны характар. Наколькі спраўдзяцца надзеі, пакажа час. Апошнім часам прафсаюзы нават некалькі тысячаў пратэстантаў на вуліцы не выводзілі. Ды й рабочыя ня надта паважаюць прафсаюзы.

Аргкамітэт "Дня Волі"
25-га лютага, за месяц да 25-га Сакавіка, створаны арганізацыйны камітэт (старшыня гісторык Анатоль Грыцкевіч), які займецца плянаваньнем і правядзеньнем мерапрыемстваў у Менску. 24-га сакавіка ўскладуць кветкі да помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу. На 25-га сакавіка заплянаваны ўрачысты сход у Палацы мастацтваў (актавая заля налічвае блізу 180 месцаў). Аргкамітэт "Дня Волі" меўся 10-га сакавіка правесьці "ўрачысты сход інтэлігенцыі", каб зацьвердзяць прапанову гімна Рэспублікі Беларусь. Апошняя акцыя падаецца вельмі сумніўнай, бо ў Беларусі, што не інтэлігент, то свой погляд на гімн.

БТ-2
Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад аб стварэньні другога нацыянальнага каналу. Ён мае адчыніцца 1-га траўня. Кіраваць БТ-2 (старшыня праўленьня закрытага акцыянернага таварыства "Другі нацыянальны канал") будзе Рыгор Кісель. У 1994-2000 гадох кіраваў першым нацыянальным каналам, а потым выконваў пачэсную амбасадарскую місію ў Румыніі. На БТ-2 частка перадач будзе свая, а частка - з масавых расейскіх каналаў ОРТ і РТР.

Кнігі Ўладзіслава Чарняўскага
23-га лютага ў менскім "чырвоным касьцёле" адбылося асьвячэньне касьцельнай бібліятэкі, што носіць імя Адама Міцкевіча. Урачыстасьць прымеркавалі да перадачы ў бібліятэку кнігаў нябожчыка Ўладзіслава Чарняўскага, якую ён рупна зьбіраў на працягу амаль 50 гадоў, жывучы ў Вішневе. Пробашч касьцёла Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк сказаў, што калекцыя памерлага сьвятара складае часьцінкуягонай духоўнай спадчыны, і яна павінна застацца сярод парафіянаў. Частка кніжнай спадчыны перададзеная каталіцкай сэмінарыі ў Пінску.
Кс. Чарняўскі пражыў доўгае жыцьцё і пакінуў ня толькі кнігі, але і багатае ліставаньне ды ўспаміны. Яго не любілі ў савецкія часы камуністы за беларускую мову ў касьцёле, ахрысьціўшы нацыяналістам. Не любілі калегі польскія ксяндзы за бескампраміснасьць да іх, называючы камуністам.

Новы рок-кароль
24-га лютага ў канцэртнай залі "Менск" адбылася чарговая рок-каранацыя. Рок-карона прысуджаная Алесю Сушу, прад'юсару папулярных праектаў "Сьвяты вечар" і "Я нарадзіўся тут". "Палянэз Агінскага" некалькі месяцаў займаў першае месца ў гіт-парадзе "Радыё Рокс", самай папулярнай зь беларускіх FM-станцыяў. Музыкантам году стаў Зьміцер Вайцюшкевіч, а паэт Леанід Дранько-Майсюк, аўтарам словаў да песьняў з СД "Цацачнай крамы", стаў пераможцам у намінацыі "Тэкст году". Лепшым альбомам году прызнаны альбом "Хавайся ў бульбу" "Крамы", кліпам году -"На турэцкіх палёх" ("Палац"), "Рок-князёўна" - Дана з "Імпэту", а "Песьняй году" -- "Мая краіна Беларусь" групы "Безь білета"

Не туды патрапіў
25-га лютага ў Нацыянальным аэрапорце "Менск-2" урачыста сустракалі беларускіх хакеістаў, што прыляцелі з Солт-Лэйк-Сыты. Сярод прысутных былі міністар унутраных справаў і прэзыдэнт федэрацыі гакея Ўладзімер Навумаў, намесьнік кіраўніка МУС Леанід Глухоўскі й дэпутат Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў. Калі алімпійцы ўвайшлі ў залю аэрапорту, зайграў аркестар, пачалося скандаваньне: "Беларусь!Беларусь!" Пачаўся фуршэт. Узяў келіх і Ўладзімер Канаплёў і расчулена прамовіў: "Добра было-б, каб Вы й надалей змагаліся за нашую Расею".

Вясковы настаўнік дабіўся справядлівасьці
Мікалай Уласевіч, настаўнік дзевяцігодкі ў Газе (Астравеччына) дабіўся, каб яму, а таксама ўсім настаўнікам у тэрмін выдавалі заробак. Аддзел адукацыі моцна завінавачваўся настаўнікам. У разьбіральніцтве нават паўдзельнічалі чыноўнікі з райвыканкаму. На дзіва, сп. Уласевіч перамог. Астравецкі РАНА абавязалі своечасова выплочваць заробак настаўнікам, а загадчыка аддзелу адукацыі папярэдзілі, што за парушэнні пастановы суда, яго пакараюць штрафам у два мінімальныя заробкі (блізу 12 амэрыканскіх даляраў). Выпадак зь Мікалаем Уласевічам унікальны, мала хто з настаўнікаў пратэстуе і тым больш перамагае ў спрэчках.

Узрасла "мінімалка"
З 1-га сакавіка мінімальны заробак у Беларусі падвышаны з 10 тыс. рублёў да 17 тыс. рублёў. 10 амэрыканскіх даляраў. Сярэдні заробак за студзень склаў 99,3 даляры.