ЗАЯВА
пра пагром беларускіх літаратурных Часапісаў
урадам Рэспублікі Беларусь
Нядаўняя пастанова ўраду Беларусі аб стварэньні голдынгу, у руках якога будуць фінансы на выдаваньне літаратурных пэрыёдыкаў і прызначэньне на пасаду галоўных рэдактароў літаратурных часапісаў асобаў, гатовых выконваць урадвы кантроль - гэта яшчэ адзін крок у наступе на беларускую нацыянальную культуру. Рэакцыйная расейшчына, якую культывуе ўрад Беларусі, дабіраецца цяпер да нацыятворчага й дзяржаватворчага ядра, каб павярнуць у адваротны бок працэс станаўленьня беларускае нацыянальнае дзяржаўнасьці.
Беларуская літаратура, нават ва ўмовах адноснай несвабоды, заўсёды ўплывала на фармаваньне й пашырэньне ідэі аб жыцьцёвасьці беларускай нацыі, ейнай апрычонасьці ды гістарычным шляху да рэалізацыі ідэалу свабоды й незалежнасьці. У гэтым працэсе родная літаратура была й застаецца носьбітам нацыянальнай тоеснасьці (ідэнтытэту), выказьнікам запаветных жаданьняў народу ды сродкам абароны ягоных інтарэсаў. Цяперашні наступ на літаратуру праз урадавы контроль літаратурных друкаваных органаў - гэта наступ на беларускасьць, на вынікі працы папярэдніх пакаленьняў патрыётаў Бацькаўшчыны, гэта далейшы этап у разгроме пісьменьніцкай арганізацыі.
Мы асуджаем гэты крок лукашызму як чарговае злачынства супраць беларускага народу. Адначасна мы заклікаем усіх прыхільнікаў справы нацыянальнага адраджэньня Беларусі як на Бацькаўшчыне, гэтак і ў дыяспары падтрымваць беларускіх пісьменьнікаў усякімі магчымымі спосабамі ў іхнай абароне сваіх правоў ды магчымасьцяў нармальнай творчай працы. Няхай сёлетняе 120-годзьдзе народзінаў волатаў літаратуры Янкі Купалы й Якуба Коласа станецца годам узмацненьня нашай агульнай адданасьці справе далейшага разьвіцьця ў свабодных умовах літаратуры як выказьніка волялюбных імкненьняў Беларускага Народу. Жыве Беларусь!
Вітаўт Кіпель,
старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва
Янка Запруднік,
сябра Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Аляксандар Сільвановіч,
Сустаршыня Кааліцыі ў Абарону Дэмакратыі й Правоў Чалавека ў Беларусі
Антон Шукелойць,
Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.