ЗАМЕЖНЫХ СТУДЭНТАЎ - ПАД КАНТРОЛЬ
З дапамогаю інфармацыі, атрыманае з унівэрсытэтаў, зь 1-га жніўня фэдэральныя ўлады пачнуць пошук тысячаў замежнікаў, якія парушылі ўмовы выданых ім студэнцкіх візаў. Такіх парушальнікаў, па падліках Дэпартамэнта Ўнутранай Бясьпекі, можа быць каля дзесяці тысячаў.
Улады будуць канцэнтраваць свае намаганьні на найбольш падазроных парушальніках, а не перасьледаваць кожнага, хто парушыў іміграцыйныя законы. Парушэньні найчасьцей здараюцца, калі ўладальнікі студэнцкіх візаў кідаюць вучобу і пачынаюць працаваць без папярэджаньня іміграцыйных уладаў.
Адміністрацыя Буша вырашыла ўзмацніць нагляд за замежнымі студэнтамі пасьля тэрарыстычных атакаў 11-га верасьня 2003-га году, калі іміграцыйныя ўлады выдалі студэнцкія візы двум з дзевятнаццаці тэрарыстаў ужо пасьля таго, як атакі адбыліся.
Іміграцыйныя агенты цяпер зьбіраюць дадзеныя на студэнтаў з-за мяжы й тых, хто прыяжджае ў ЗША па студэнцкаму абмену. Такіх асобаў налічваецца каля 1,2 мільёна.
Амэрыканскія навучальныя ўстановы абавязаныя падаць ураду ўсю неабходную інфармацыю да 1-га жніўня. Пасьля гэтага іміграцыйныя і мытныя агенты пачнуць апрацоўваць усю гэтую інфармацыю, каб выявіць падазроных парушальнікаў, якія могуць несьці небясьпеку нацыянальнай бясьпецы. Напрыклад, вельмі падазронаю для ўладаў будзе немалая група студэнтаў з нейкае ісламскае краіны, якая займаецца падазронымі навуковымі досьледамі ў нейкім адным унівэрсытэце.
Сабраная інфармацыя на парушальнікаў візавага рэжыму будзе даступная для фэдэральных, штатных і мясцовых праваахоўных арганаў.
NEWS WIRE SERVICES