САЎТ РЫВЭРСКІ ЗБОР
Адам Мальдзіс пераслаў ліст - з просьбаю дапамагчы - ад В. Шышанава, які шукае здымкі Здраўнёва. Назва добрая вядомая, пра мястэчка ёсьць кніжачка А. Падліпскага "Здраўнёва: тут жыў Рэпін", Мн., 1995, расейскамоўная кніга Е. Кічынай "Репин и Здравнево: в обретении и разлуке", Віцебск, 1994, згадвалася пра яе й на навуковай канфэрэнцыі "Беларуска-рускае культурнае ўзаемадзеяньне канца ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзя", прысьвечанай 150-годзьдзю зь дня нараджэньня І.І.Рэпіна й 100-годзьдзю знаходжаньня мастака ў Беларусі (Віцебск, 1995). Пісаў пра гэтую мясьціну й Юрка Віцьбіч у сваіх нарысах "Тут жыў Рэпін", "Пагібель пагражае Здраўнёву".
Менавіта ў зьвязку з апошнім аўтарам і быў напісаны той ліст-просьба, бо ў архіве Віцьбіча захаваліся здымкі Здраўнёва, здымкі ўнікальныя, як і матарыялы экспэдыцыі па Дзьвіне, як архіўныя здымкі зруйнаваных касьцёлаў і цэркваў, як адбітак пячаткі Ўсяслава, як малюнкі І.Рэпіна і Ю.Пэна, як здымкі беларускіх пісьменьнікаў, тады, у 20-я, яшчэ маладых, яшчэ жывых.
Захавалася ці захоўвалася, сёньня сказаць цяжка. Бо архіў той захоўваецца ў Саўт-Рывэры, пад царквою, сярод іншых, перададзеных туды ў свой час беларусамі - жыхарамі гэтага аднаго з найбеларускіх гарадкоў штату Нью Джэрзі. Але спраўдзіць інфармацыю амаль немагчыма.
Яшчэ ў 1995-м годзе, у часе падрыхтоўкі да друку Віцьбічавых "Антыбальшавіцкіх паўстаньняў", дамовіліся з адказнымі за архіў, што будуць адбітыя копіі з асобных здымкаў для публікацыі - некаторыя нават пашчасьціла патрымаць у руках. Усё засталося на словах.
У 2000-м годзе была зробленая яшчэ адная спроба навязаць кантакты, ужо з новымі кіраўнікамі. Добра гаварылася пра патрэбу ня толькі інвэнтарызацыі (асобныя з архіваў пасьля перадачы ніводнага разу не пераглядаліся), але й паступовай апрацоўкі й публікацыі каштоўнага назапашанага матэрыялу. Выказвалася думка аб патрэбе кнігі, нейкага адмысловага дасьледаваньня, прапаноўваўся нават назоў - "Саўт-Рывэрскі збор". Прычым, не ішло пра грошы, адно пра доступ да архіваў. Зноў-жа, агулам ухваляючы ідэю, клапоцячыся пра лёс дакумэнтаў, паабяцаўшы чарговы раз адбіткі здымкаў і дакумэнтаў, адказныя за архіў фактычна адмовіліся пусьціць туды, спаслаўшыся на час, занятасьць, патрэбу ўсё абдумаць ды ўзважыць.
Мінула яшчэ два гады. Нішто не скранулася. І сёньня, змушаны адмовіць у дапамозе сп. Мальдзісу, спадзяюся адно на тое, што некалі нехта будзе дапушчаным да саўт-рывэрскіх скарбаў ды здолее расказаць аб іх сьвету, што тыя здымкі, малюнкі тут не напаткае гаротны лёс арыгіналаў на Бацькаўшчыне.
Л. ЮРЭВІЧ