БЕЛАРУСКІЯ ЗБОРЫ Ў ЗША І КАНАДЗЕ
Нядаўна зьявілася паведамленьне пра тое, што Бібліятэка Ўнівэрсытэту Ратгерс заклала падваліны беларускае калекцыі, набыўшы архіў паэта Янкі Золака (Антона Даніловіча) і збор беларускіх кнігаў і архіў д-ра Янкі Запрудніка. Такім чынам, Бібліятэка Ратгерс папоўніла сьпіс установаў Паўночнай Амэрыкі, дзе захоўваюцца беларускія матэрыялы. Калі зрабіць агляд гэтых установаў, так-бы мовячы, з птушынага лёту, дык атрымліваецца наступная карціна.
У Вашынгтоне, Акруга Калюмбія, у Нацыянальным Архіве ЗША ёсьць матэрыялы з польскай амбасады ды іншых польскіх дыпляматычных пляцовак пра падпольныя рухі ў Заходняй Беларусі (КПЗБ), пра Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, данясеньні агентаў. Патрабуюць досьледу архівы Джорджтаўнскага Ўнівэрсытэту, у заснаваньні якога адыграў важную ролю наш зямляк а. Францішак Дзеружынскі з Воршы. Ня выключана, што туды маглі трапіць карціны, вывезеныя з Полацкай акадэміі 150 гадоў таму. Дарэчы, у Езуіцкіх архівах у Балтыморы захоўваецца перапіска кс. Дзеружынскага са сваякамі.
Есьць беларускія матэрыялы й у Нью Ерку. Так, у Інстытуце Пілсудскага можна знайсьці матэрыялы, зьвязаныя зь Беларускай Вайсковай Камісыяй, зь дзейнасьцю Алеся Гаруна, "Страявы Статут" Ф. Кушаля з 1919-га году (Лодзь). У Бахмецеўскім архіве Калюмбійскага Ўнівэрсытэту захоўваюцца матэрыялы дарэвалюцыйнага менскага губэрнатара, што могуць быць каштоўнаю крыніцаю для досьледаў гісторыі Беларусі. Інстытут Гэбрайскіх Досьледаў ІВО (Нью Ерк) мае матэрыялы пра гэбраяў Беларусі, пра 2-ю Сусьветную вайну ў Беларусі, спарадычныя матэрыялы пра Заходнюю Беларусь міжваеннага часу. Цікавым дадаткам ёсьць таксама маркі БНР, якія можна знайсьці ў калекцыі Філятэлістычнага Таварыства ў Нью Ёрку. Экспазыцыя Музэю Іміграцыі на Эліс-Айленд мае пашпарты БНР, па якіх у Амэрыку прыехалі беларускія эмігранты.
Вартыя ўвагі таксама Чыкага і Кліўленд - у тамтэйшых Публічных бібліятэках ёсьць, сфільмаваныя ў 1930-я гады па ініцыяванай Фр. Рузвэльтам, праграме WPA, іміграцыйныя архівы й матэрыялы, у тым ліку аб даваеннай і дарэвалюцыйнай беларускай эміграцыі. У Чыкага ёсьць матэрыялы Язэпа Варонкі - мэмарандумы этнічнай рады, а таксама царкоўныя дакумэнты, трансакцыі. У падборы матэрыялаў для фільмаваньня бралі ўдзел беларускія грамадзкія дзеячы Антон Чарапук і Макар Аблажэй. Шмат ёсьць фрагмэнтарных цікавостак, як, напрыклад, у справе на царкоўным судзе пра абвінавачванага было пададзена пра-расейскім вінаваўцам, як адмоўная рыса, што той чытаў "Нашую Ніву".
У Стэнфардзе (Каліфорнія) пры Ўнівэрсытэце ёсьць ведамы Гувераў Інстытут, дзе захоўваюцца матэрыялы АРА - Амэрыканскай Дапамаговай Адміністрацыі, якая займалася разьмяркаваньнем харчовай дапамогі савецкай Расеі ў час голаду 1921-1923 гадоў. Філіі АРА знаходзіліся і ў савецкай Беларусі (Віцебск, Гомель, Менск), і шмат дакумэнтацыі, зьвязанай з гэтым, трапіла ў Гувэраў Інстытут. У калекцыі, прысьвечанай эміграцыі (фонд меньшавіка Б. Нікалаеўскага), ёсьць паперы Ю. Сабалеўскага, І. Касяка. Матэрыялы, асьвятляючыя жыцьцё Заходняй Беларусі й данясеньні польскай выведкі, можна знайсьці ў паперах польскіх консульскіх установаў, што таксама захоўваюцца ў Гувэра.
У Сэнт Поле, Мінэсота, пры Ўнівэрсытэце Мінэсоты створаны архіў гісторыі іміграцыі, дзе таксама ёсьць дакумэнты па беларускай эміграцыі - прыватныя архівы В. Пануцэвіча, Ч. Будзькі, В. Жук-Грышкевіча, В. Пунтуса, Ю. Сабалеўскага. Д-р Вітаўт Кіпель перадаў туды архіў, сабраны пры напісаньні кнігі "Беларусы ў ЗША". Там-жа захоўваецца архіў газэты "Новае Рускае Слова" (фонды Сядых, Вайнбэрга, Аргуса) з карэспандэнцыяй, артыкуламі ды іншымі матэрыяламі, што датычацца беларускіх эмігрантаў.
Таксама варта ўзгадаць мястэчка Саясэт на Лёнг Айлендзе, там знаходзіцца архіў Праваслаўнай Царквы Амэрыкі, што мае матэрыялы пра фундатараў цэркваў, пра зямляцтвы пры цэрквах. Ёсьць там, напрыклад, вельмі цікавы архіў Расейскага Імігранцкага Дому з Іст 14-й вуліцы ў Мангэтане, які быў дапамаговаю ўстановаю для імігрантаў з Расейскай імпэрыі, што існавала на сродкі расейскіх царкоўных уладаў у 1908-1920 гадох. Матэрыялы гэтае установы, што зьмяшчаюць пэрсанальную інфармацыю пра эмігрантаў ды пра іхныя царкоўныя й зямляцкія арганізацыі, пераканаўча паказваюць, што так званая "расейская іміграцыя" была насамрэч беларуска-украінскаю, з дамінацыяй выхадцаў зь беларускіх губэрняў.
Ва Ўнівэрсытэце Масачусэтс у Амгэрсьце захоўваецца архіў польскага дасьледніка Юзафа Абрэмбскага, які ў бальшыні складаецца з этнаграфічных матэрыялаў, сабраных у міжваенны час на Піншчыне, у тым ліку шматлікія фатаздымкі, рукапісы недрукаваных працаў "Старажытнае Палесьсе" і "Школьная справа на Палесьсі".
У Таронце, у Нацыянальным Архіве Канады, існуе калекцыя, прысьвечаная беларускай эміграцыі. Яна створаная ў межах вялікага збору пра імігранцкія грамады, што існуюць у Канадзе. Ёсьць там і пашпарты БНР. Між іншага, туды перадаў свой архіў журналіст С. Хмара з умовай адкрыць яго праз 50 гадоў.
Каштоўныя матэрыялы маюць архівы БАЗА ў Нью Ёрку і Кліўлендзе, Беларускага Кангрэсовага Камітэту ў Нью Джэрзы, іншых беларускіх арганізацыяў; сховішчы дакумантаў пры беларускіх цэрквах у ЗША і Канадзе. Няменш каштоўнымі ёсьць прыватныя архівы, што сёньня знаходзяцца ў беларускіх людзей - актыўных дзеячоў эміграцыі або іхных нашчадкаў. Важна, каб гэтыя архівы з часам не згубіліся, каб былі захаваныя для дасьледчыкаў і для беларускага народу, які , мы верым, яшчэ ацэніць адданасьць і ахвярнасьць сваіх сыноў і дачок, што апынуліся на чужыне.
Ня ўсе архіўныя матэрыялы беларускай эміграцыі змогуць знайсьці прытулак у амэрыканскіх бібліятэках ды архівах. Перадача іх у Беларусь таксама ёсьць непрыймальным варыянтам на сёньнешні дзёнь. Выйсьцем з гэтага становішча мог-бы стаць Беларускі Дом, нашая грамадзка-культурная ўстанова, што выконвала-б, акрамя ўсяго іншага, ролю культурніцкага прадстаўніка Беларусі ў Нью Ерку і Амэрыцы, як годна робіць гэта Беларуская Бібліятэка і Музэй імя Франьцішка Скарыны ў Лёндане, дзе сабраныя багатыя архівы. Прыкладам таксама могуць быць украінскае Навуковае Таварыства імя Шаўчэнкі, польскі Інстытут Пілсудскага ды гэбрайскі Інстытут ІВО, створаныя эмігрантамі без дзяржаўнай падтрымкі, пераважна на мазольныя грошы, сабраныя праз падпіску.
Што тычыцца кнігазбораў, найвялікшым сховішчам беларускіх кнігаў зьяўляюцца сёньня Бібліятэка Кангрэсу і Нью Ерская Публічная Бібліятэка. Дзякуючы руплівасьці сп-ва Вітаўта й Зоры Кіпеляў, апошняя атрымала некалькі тысячаў асобнікаў беларускіх эмігранцкіх друкаў. Рэдкія кнігі таксама ёсьць у Бібліятэцы Батлер пры Калюмбійскім Унівэрсытэце, ва Ўнівэрсытэце Індыяны ў Блумінгтоне. Значныя калекцыі беларускіх кнігаў пазьнейшага часу ёсьць амаль у кожным унівэрсытэце ЗША й Канады, што маюць катэдры славістыкі. Цікавыя спецыяльныя зборы маюць Бібліятэка Нацыянальнай Акадэміі Мэдычных Навук у Бэтэздзе (разнастайная беларуская мэдычная ды эпідэміялягічная літаратура, нават на ўзроўні раёнаў Беларусі) і Бібліятэка Геалягічнай службы Амэрыкі (літаратура па геалёгіі, карыснымі выкапнямі Беларусі).
Істотная колькасьць беларускіх кнігаў, асабліва выданьняў эміграцыі, захоўваецца пры беларускіх цэрквах і грамадзкіх арганізацыях. Часта - гэта рэшты накладу, колькасьцю па сотнях асобнікаў. У адрозьненьні ад архіваў, такія кнігі варта высылаць у Беларусь, у мясцовыя бібліятэкі й грамадзкія арганізацыі.
Надзённым стаіць пытаньне захаваньня кнігазбораў беларускіх арганізацыяў і прыватных асобаў. Тут таксама выйсьцем магло-б стаць набыцьцё Беларускага Дому і адкрыцьцё беларуская бібліятэка пры ім, на ўзор той-жа Беларускай Бібліятэкі ў Лёндане, або Бібліятэкі Навуковага Таварыства імя Шаўчэнкі ў Нью Ерку.

Віталь ЗАЙКА

Дадзены артыкул ня ёсьць вычарпальным апісаньнем беларускіх архіваў ды кнігазбораў. Аўтар і рэдакцыя "Беларуса" будуць шчыра вітаць заўвагі й дапаўненьні да артыкулу, а таксама думкі й прапановы наконт пытаньняў, паднятых тут.