HAC HЕ ЗHAЛI Й HE XAЦEЛI ПPЫЗHAЦЬ

Ужо ад часу Люблінскае Ўніі 1569-га году беларуская дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае - апынулася пад пагрозаю палянізацыі й анэксыі. Беларускае пісьменьніцтва і школьніцтва заступала польская мова, а ў 1697-м годзе польскі сойм забараніў друкаваць кнігі на беларускай мове, ужываць яе ў дакумэнтах і грамадзкіх месцах. Прычына была такая: "Поневаж ензык рускі недостэмпны ест гэнюшові польскему, пшэто пісаж повінен не порусу, а попольску пісаць".
З апошнім падзелам Рэчы Паспалітай у 1795-м годзе ўся Беларусь аказалася пад Расеяй. Кацярына ІІ, як і наступныя імпэратары, не прызнавала беларусаў за асобны народ, лічылі іх "рускімі", а іхнюю мову называлі "русским наречием". У тойжа час палякі называлі беларускую мову "польскім дыялектам".
Так было да рэвалюцым 1905-га году, калі беларусы атрымалі дазвол на выданьне свае прэсы на беларускай мове, але не дазвол мець свае беларускія школы.
Пасьля заканчэньня Першай Сусьветнай вайны й устанаўленьня ў Расеі камуністычнай улады ў БССР ажывілася беларуская нацыянальная і культурная дзейнасьць. Але пачынаючы ад 1930-х гадоў пачынаецца перасьлед усяго беларускага, а яго навуковыя кадры часткова зьнішчаюцца фізычна, часткова высылаюцца на катаргу. У Беларусі праводзіцца сыстэматычная русыфікацыя, якая прадаўжалася да пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941-м годзе. А па вайне пачаўся яшчэ большы перасьлед беларускай нацыянальнай дзейнасьці.
Калі Беларусь сталася незалежнаю дзяржаваю ў 1991-м годзе, тады ўзьнікла надзея на аднаўленьне беларускае культуры й мовы як дзяржаўнай. Але, калі прэзыдэнтам стаў А. Лукашэнка, Беларусь вярнулася да старой русыфікатарскай палітыкі.
Варта згадаць, што амаль пасьля 150 гадоў была адноўленая польская дзяржава, якая ў 1919-20-х гадох вяла вайну з камуністычнай Расеяй. У выніку гэтай вайны Беларусь была падзеленая Рыскім трактатам. У першых гадох існаваньня Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавалі беларускія школы й гімназіі, былі выбраныя свае паслы ў Польскі сойм. Але гэта доўга не трывала. За пару гадоў палякі пачалі рабіць перашкоды зь беларускімі школамі й з часам іх пазакрывалі, не дапусьцілі беларускіх паслоў у сойм. Пачалася актыўная палянізацыя і наварочваньне праваслаўных у каталіцызм.
Другая Сусьветная вайна, якая вялася быццам у імя свабоды, незалежнасьці й справядлівасьці народаў сьвету, аказалася маною. Таксама створаная па вайне Арганізацыя Аб'еднаных Нацыяў, якая мела мэту сачыць за парадкам у сьвеце, шмат не змагла зрабіць. Сьвет быў падзелены, з аднаго боку камуністычная экспансыўная дыктатура, а з другога - заходняя дэмакратыя, якія паміж сабою змагаліся. Так было да 1991-га году.
З-за прыніжанага становішча беларусаў на працягу апошніх стагодзьдзяў, калі яны былі пазбаўленыя сваіх школаў, свайго культурнага жыцьця, іхняя псыхалёгія не захавала глыбокага пачуцьця да свайго паходжаньня, да свае гісторыі, калі на іхняй мове выдаваліся дзяржаўныя акты й размаўлялі польскія каралі.
Нашыя суседзі насьмяхаліся над беларусамі, а мову называлі хамскай, мужыцкай, прастай, а Беларусь лічылі за сваю зямлю. У часы Рэчы Паспалітай на мапе Эўропы на месцы Беларусі пісалася Польшча, а пазьней Расея. Як бачым, Беларусі не было. А калі не было такога краю, то не было і такога народу.
Так Польшча і Расея гандлявалі Беларусьсю, напісалі свае гісторыі, дзе беларусам не было месца. Гэтымі гісторыямі карысталіся замежныя ўнівэрсытэты, дзе часам былі іхныя прафэсары, і сьвет амаль ня ведаў пра Беларусь.
Прывяду некаторыя прыклады са свайго жыцьця. Калі, у час апошняе вайны трапіў я ў польскае войска ў Італіі, пры выпаўненьні фармуляра пісарчук пытае маю нацыянальнасьць. Я кажу - беларус, а ён мне кажа, што ў Польшчы такіх не было перад вайною. А я яму кажу, што перад вайною іх было блізка тры мільёны. А ён мне кажа, што аб іх ня чуў. Аднак мяне запісаў беларусам другі пісарчук.
Калі я знайшоўся ў адным з польскіх аддзелаў, то яго шэф паклікаў мяне ў канцэлярыю спраўдзіць эвідэнцыю. І тут на дзіва я ўбачыў, што нехта зрабіў мяне ня толькі палякам, але і каталіком. Я і тут сказаў, хто я ёсьць, і шэф спакойна закрэсьліў чырвоным алоўкам "паляка" і "каталіка", а зьверху напісаў "бялорусін" "правослаўны".
Падобнае здарэньне меў я, калі прыехаў у Англію і быў здэмабілізаваны. Будучы ў пастарунку паліцыі, як і кожны чужынец, паліцыянт, чалавек старэйшых гадоў, спытаў маю нацыянальнасьць. Я адказаў - беларус. Паглядзеў ён на мяне і кажа: "Яшчэ цябе на сьвеце не было, як я вучыўся гісторыі, і аб Беларус і й беларусах ня чуў." Тады я спытаў яго, ці чуў ён, што адным зь сябраў-заснавальнікаў ААН была Беларусь. Тут ён крыху задумаўся, але мне нічога не сказаў. Аднак у дакумэнце напісаў ангельскае "W" з кропкаю і "Russian". Так што зрабіў ён мяне белым рускім, але не беларусам.
Быў гэта вынік таго шматвякована ігнараваньня беларусаў. Але таксама нельга сказаць, што аб беларусаў зусім нічоеа не было ведама. У канцы ХІХ стагодзьдзя прафэсар Оксфардзскага ўнівэрсытэта В. Р. Морвілл у сваёй гісторыі "Poland" пісаў, што беларусы былі найбольш цывілізаваным народам, і на іхняй мове пісаліся дакумэнты й дзяржаўныя Статуты. Гэтыя Статуты былі прыкладам для палякаў і расейцаў. Асабліва апошнія карысталіся імі й шмат бралі ў свае "Уложения", а беларускую мову і беларусаў зьневажалі.
Асабліва ў час апошняй вайны шмат хто на Захадзе мог чуць пра Беларусь, бо на яе тэрыторыі праходзіла нямецка-савецкая вайна, і аб ёй шмат пісала прэса. А па вайне заходнія аўтары апісвалі гэтую вайну, узгадвалі Беларусь і беларусаў. Апошнімі гадамі было для мяне цікава і даволі дзіўна, як шмат ведаюць пра Беларусь заходнія аўтары, чаго я не спадзяваўся, бо раней у англамоўных выданьнях пра Беларусь згадвалася вельмі мала. А было гэта таму, што тады яшчэ існавала каляніяльная сыстэма, і пісаць аб прыгнёце беларусаў не выпадала. Многія краіны мелі калёніі й не давалі свабоды іх жыхарам. Аб беларусах Ангельшчыны ўлады ведалі. Па вайне былі заложаныя дзьве арганізацыі й Англа-Беларускае Таварыства. Беларусы Англіі прымалі ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях, маніфэстацыях супраць камуністычнага рэжыму. І калі была "халодная вайна", то заходнія дзяржавы шукалі дапамогі сярод беларусў.
Беларусы на Бацькаўшчыне не павінны пакладаць вялікія надзеі на беларускую эміграцыю, бо ніякая эміграцыя не зрабіла вырашаючага ўплыву на зьмену ўраду і палітыкі ў сваіх краінах. Расейская эміграцыя пасьля Першай Сусьветнай вайны плыла на Захад на караблёх, плылі генэралы, афіцэры й маса інтэлігенцыі. Польская эміграцыя мела ў час апошняе вайны свой урад у Лёндане, мела сваё войска, але не змагла пасадзіць свой урад у Варшаве.
Як бачым, усё вырашае народ у краі. Эміграцыя можа сымпатызаваць, падтрымліваць апазыцыю супраць дыктатуры матэрыяльна, як і некаторыя дзяржавы. Таму беларусам у краі трэба больш пакладаць надзеі на свае собскія сілы й весьці змаганьне за сваю дзяржаўную незалежнасьць да пераможнага канца.
Юры ВЕСЯЛКОЎСКІ, Лёндан