ЗВАРОТ

ДАРАГІЯ ЧЫТАЧЫ!
Газэта "Беларус" на працягу больш паўстагодзьдзя была люстэркам, якое адлюстроўвала беларускае грамадзкае жыцьцё па-за межамі Бацькаўшчыны. Як удавалася ў тыя, бяднейшыя на сродкі камунікацыі часы, гэтага дасягнуць? А магчымым гэта было толькі таму, што чытачы былі больш актыўныя, часьцей дасылалі ў рэдакцыю лісты са сваімі артыкуламі, зацемкамі, развагамі й парадамі. Газэта была трыбунаю, зь якое абмяркоўваліся амаль усе больш-менш значныя падзеі мінулага 50-годзьдзя.
Сёньня, калі ў Беларусі захапіў ўладу прамаскоўскі рэжым і душыць усё беларускае, такі сродак нам патрэбны няменш, чым у часы існаваньня СССР. Бо нішто ня зможа лепш аб'яднаць нас, расьцярушаных па ўсім сьвеце, і каардынаваць нашыя дзеяньні, як свая, агульная для ўсіх нас, газэта.
Цяпер "Беларус" выдаецца не прафэсыяналамі-журналістамі, а толькі дзякуючы ахвярнасьці аматараў, якія робяць сваю працу выключна на грамадзкіх пачатках, і кіруе імі толькі жаданьне прынесьці як мага больш карысьць сваёй Радзіме-Беларусі, хай нават жывучы далёка ад яе.
Каб газэта была цікавейшаю і ўздымала самыя актульныя пытаньні нашага жыцьця, нам патрэбная дапамога ўсіх Вас, шаноўныя чытачы. Пішыце нам пра падзеі, якія адбываюцца ў тых мясьцінах, дзе Вы жывяце, і якія, на Вашую думку, вартыя таго, каб пра іх даведаліся ўсе нашыя суайчыньнікі. Калі Вас хвалююць нейкія праблемы ці пытаньні, датычныя Беларусі ці беларусаў, - падзяліцеся імі на старонках газэты. Чым больш мы будзем ведаць адзін пра аднаго, тым большаю будзе нашая сіла і ўплыў, тым хучэй збудуцца нашыя мары пра вольную і незалежную Беларусь.
Будзем вельмі ўдзячныя аўтарам з краінаў Эўропы, з розных гарадоў і мясцовасьцяў Аўстраліі, Канады й ЗША. З задавальненьнем надрукуем артыкулы аўтараў зь Беларусі, калі яны будуць закранаць надзённыя і важныя праблемы беларускага жыцьця агульныя для нас усіх.
Бачыны "Беларуса" заўсёды былі месцам, дзе спрабавалі сілы маладыя літаратары, і дзе друкавалі свае творы ўжо прызнаныя паэты й пісьменьнікі. Не хацелася-б перарываць гэтую добрую традыцыю.
ДАВАЙЦЕ-Ж РАЗАМ РАБІЦЬ НАШУЮ ГАЗЭТУ!