ЗВАРОТ да беларускага грамадзтва з нагоды
85-х угодкаў абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі
Дарагія Суродзічы!
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам і юбілеем - 85-мі ўгодкамі абвешчаньня пасьля даўгога пэрыяду паняволеньня нашага краю расейскай імпэрыяй незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Жадаю кожнаму з Вас асабістага шчасьця й задавальненьня з жыцьця. Але ведаю сама па сабе: сапраўднае шчасьце мы адчуем толькі ў сваёй незалежнай і дэмакратычнай дзяржаве.
Дык што-ж: трэба працягваць змаганьне. І таму жадаю Вам патрэбных у гэтым змаганьні мужнасьці й вытрываласьці, гордасьці нашай спадчынай ды веры ня толькі ў свае ўласныя сілы, але і ў сілы ўсяго беларускага народу.
Хацела-б адначасна падзяліцца думкамі пра нашую найбольшую патрэбу - еднасьць. Трагедыя нашага народу - як на Бацькаўшчыне, так і на чужыне - гэта адсутнасьць між намі адзінства й салідарнасьці. Думаю, што выплывае гэта з нашага скрайняга індывідуалізму. Дзіўны парадокс беларускае натуры: беларус памяркоўны ў дачыненьні да чужых, але часта вельмі непамяркоўны ў дачыненьні да сваіх. На дзіва, гістарычна гэта не ператварылася ў неталерантнасьць нашага народу.
Затое на кожным кроку бачу, да чаго вядзе наша міжсобная непамяркоўнасьць. Divide et impera - казалі рымляне: падзяляй і пануй. Гэта зразумелі ўсе калянізатары, усе імпэрыі. Перад тым, як пачаць сьціраць гістарычную памяць народу, перад тым як адбіраць у яго рознымі спосабамі ягоныя каштоўнасьці, каб лягчэй было яго паняволіць, яго дзеляць. Нас дзялілі і адны і другія шмат разоў. Дзялілі нашую тэрыторыю, дзялілі нас на ўсходніх і заходніх, на праваслаўных і каталікоў, на працоўных і паноў, і г. д., і г. д. Толькі з адною мэтаю: каб лягчэй было нас падпарадкаваць ды сьцерці як нацыю з паверхні зямлі.
Сёньня заклікаю кожнага палітычнага ды арганізацыйнага лідэра: яднайце людзей вакол ідэалаў 25-га Сакавіка! І яднайцеся між сабою! Незалежнасьці паасобку мы не абаронім. Рэжыму паасобку ня зьменім. Дабрабыту нашага народу паасобку мы не дасягнем.
Адзін вельмі дарагі мне сьвятар прыгадаў аднойчы народную мудрасьць - прыклад веніка, які лёгка паламаць галінка па галінцы, а які так моцны, калі зьвязаны. Нядаўна пацьвердзілі гэта падзеі ў былой Югаславіі. Народ пазбыўся дыктатуры толькі тады, калі зьяднаўся ды выйшаў сотнямі тысяч на вуліцы Белграду. Прыклад гэты, магчыма, цяжка ажыцьцявіць у Беларусі ў гэтым моманце, але калі хочам выжыць як нацыя, мусім цяпер ужо шукаць адзінства. Мы выратуем наш край і здабудзем той лад жыцьця, на які мы заслугоўваем, толькі разам - зьяднаныя.