Невядомая БНР
Наша Ніва (10) 12 сакавіка 2004
25 сакавіка 1921 году
ў Коўне падчас
сьвяткаваньня 3-й гадавіны
абвяшчэньня незалежнасьці
БНР быў прадстаўлены
новы міністар
нацыянальных
меншасьцяў —
50-гадовы
Самуіл Жытлоўскі.
Габрэі ў БНР
Коўна, лістапад 1920 г. Віцэ-міністар замежных справаў Літвы Сымон Разэнбаўм ня мог не сымпатызаваць беларусам: ён нарадзіўся ў Пінску, доўгі час жыў і працаваў у Менску, прадстаўляў Менскую губэрню ў 1-й Дзяржаўнай думе.
Тыдзень таму, 11 лістапада, ён паставіў свой подпіс на міждзяржаўнай дамове паміж Літвой і Беларускай Народнай Рэспублікай. І вось цяпер проста ня мог адмовіць у ласцы прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму, які папрасіў забясьпечыць яго некалькімі рэкамэндацыйнымі лістамі. Віцэ-міністар са шчырым сэрцам зьвярнуўся да свайго ўплывовага знаёмца ў Жэнэве:
«Дарагі Ісак Адольфавіч.
Я цяпер да Вас па наступнай справе:
Беларускае пытаньне, да якога мы заўжды ставіліся з усьмешкай (як, праўда, у свой час і да літоўскага), пачынае набываць значную рэальнасьць. Мая мара пра унію між Літвой і Беларусяй і, такім чынам, аб’яднаньне ўсяго «літоўскага габрэйства», у габрэйскім сэнсе слова, цяпер як літоўскім, так і беларускім дзеячам не падаецца ўжо хімэрай. Габрэі, як па сутнасьці, так і з тактычных меркаваньняў, мусяць мець вялізную сымпатыю да гэтага руху.
Калі мы адмовім у сваіх сымпатыях беларусам, нам прыпішуць безвыніковасьць беларускага руху і мы будзем мець у Беларускім народзе сур’ёзнага ворага.
Усё сказанае — прадмова да пісьма, зь якім да Вас зьвернецца Беларускі Ўрад».
Узброіўшыся дзясяткам такіх лістоў ад вядомых і ўплывовых прадстаўнікоў беларуска-літоўскай габрэйскай супольнасьці, Вацлаў Ластоўскі выправіўся на штурм новага бастыёну — сусьветнага сіянізму.
Першая спроба была шматабяцальнай. У Жэнэве ў апошні дзень працы сэсіі Лігі Нацыяў беларуская дэлегацыя — Ластоўскі, Ладноў і Цьвікевіч — наведалі Нахума Сакалова і Лео Моцкіна — уплывовых сіянісцкіх дзеячоў. Тыя паабяцалі беларусам дапамогу і прасілі скантактавацца зь імі пазьней у Парыжы.
Такім чынам, адкрываўся новы фронт працы, які патрабаваў адмысловай падрыхтоўкі, спэцыфічных сувязяў і кантактаў — таму непазьбежна паўстала кадравая праблема. Нехта мусіў заняцца гэтым асобна і спэцыяльна. Пошукі адпаведнай кандыдатуры былі даручаныя радніку беларускай місіі ў Бэрліне Давіду Анэкштэйну, студэнту, былому менчуку, які меў неабходныя кантакты. Праз тых самых Сакалова і Моцкіна Анэкштэйн выйшаў на Хаіма Жытлоўскага — філёзафа, гісторыка і публіцыста, які жыў у Амэрыцы,— і той параіў зьвярнуцца з прапановай да свайго брата Самуіла.
25 сакавіка 1921 г. у Коўне падчас сьвяткаваньня 3-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР, быў прадстаўлены новы міністар нацыянальных меншасьцяў — 50-гадовы Самуіл Жытлоўскі.
***
Прыняцьце на службу прадстаўніка беларускага гебрэйства ў якасьці міністра нацыянальных меньшасьцяў не было выпадковым крокам. Яно мела шырэйшы, стратэгічны кантэкст. На тым самым сьвяткаваньні 3-й гадавіны БНР было абвешчана яшчэ некалькі важных дакументаў, якія надавалі Беларускай Народнай Рэспубліцы новую і даволі арыгінальную рэрспэктыву.
Ва ўрачыстай адозве Рады БНР і Рады Народных Міністраў сярод іншага было сказана:
«Гістарычны шлях быў доўгі і цярністы. Шмат ахвяраў паклаў Беларускі Народ на алтар свабоды. Шмат жывых палягло ў самаахвярным змаганьні за шчасьце і дабро народу...
Ды ня сам адзін быў Беларускі Народ у сваім змаганьні. Побач яго цярпеў і змагаўся другі народ — пракавечны пакутнік Народ Жыдоўскі — зь незапомных часоў паліваўшы зямлю беларускую сваім потам, сьлязьмі і крывёю.
Жыдоўскі народ зразумеў ясна, што яму няма чаго чакаць ласкавасьці ад сваіх панявольнікаў, што толькі ў змаганьні жыды здабудуць правы на жыцьцё і свабоду.
Уразумеўшы гэта, жыды падалі прыязную руку свайму брату ў няшчасьці — Народу Беларускаму, дзеля супольнага змаганьня за незалежнасьць, замацаваўшы гэта актам 25 Сакавіка».
У падсумаваньні палітычных тэзісаў адозва 25 сакавіка 1921 г. абвясьціла сувэржннасьць нацыяў беларускай і жыдоўскай ды поўнае аб'яднаньне іх у адзіны дзяржаўны Беларускі Народ.
***
На той час у сьвеце не было дзяржаваў, дзе б правы габрэяў былі вызначаныя канкрэтна і экспліцытна. БНР сталася першай дзяржавай, у якой габрэі прызнаваліся супольнай дзяржаўнай нацыяй. Гэта была замацавана ў афіцыйным акце, падпісаным Радай Народных Міністраў БНР у той самы дзень — 25 сакавіка 1921-га.
Акт гэты меў сем пунктаў:
1) Абедзьве суверэнныя нацыі — беларуская і жыдоўская — аб'ядноўваюцца, каб разам працаваць для дэмакратычнай рэспублікі, у палітычеым жыцьці якой жыды адыгрываюць важную ролю.
2) Жыды ў межах рэспублікі маюць аднолькавыя палітычныя і рэлігійныя правы.
3) Ва ўрадавых установах прымаюцца жыдоўскія чыноўнікі, прапарцыянальна колькасьці жыдоўскага насельніцтва ў краіне.
4) Жыды маюць права на залагджваньне цывільных спрэчак сваімі судамі.
5) Зямля дзеліцца прапарцыянальна паміж жыдоўскім і астатнім насельніцтвам.
6) Абедзьве мовы — беларуская і жыдоўская — маюць роўныя правы. Усе дзяржаўныя паперы, грошы і маркі друкуюцца на гэткіх чатырох мовах: беларускай, жыдоўскай, польскай і расейскай.
7) Дачыненьні грунтуюцца на ўзаемным даверы, і ўселякія спрэчкі мусяць быць пазбегнутыя.
Як зазначыў міністар Жытлоўскі, гэты акт быў беспрэцэдэнтны ў габрэйскай гісторыі за два тысячагодзі дыяспары.
***
Адразу пасля сакавіцкіх урачыстасьцяў міністар Жытлоўскі распачынае напружаную дзейнасьць. Цягам некалькіх месяцаў ён наведвае эўрапейскія сталіцы, дзе сустракаецца бадай што з усімі больш-менш уплывовымі прадстаўнікамі сіянісцкага руху. Кансультацыі адбываліся ў сьвятле падрыхтоўкі да 12-га сусьветнага сіянісцкага кангрэсу ў Карлсбадзе.
Галоўнай тэмай кансультацыяў было пашырэньне пагромаў у беларусі. Падчас польскай акупацыі, акцыі Балаховіча, розных дробных антыбальшавіцкіх паўстаньняў па краі пракацілася крывавая хваля — і ўрад БНР браўся яе спыніць. На гэтым і грунтаваўся разьлік знайсьці спачуваньне з боку сусьветнага сіянізму.
Дагэтуль так і не вядома, ці выступіў Самуіл Жытлоўскі на карлсбадзкім кангрэсе. Захаваўся толькі яго тэкст ягонага мэмарандуму старшыню кангрэсу доктару Юліюсу Сімону. Паводле мэмарандуму, Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі праз сваіх прадстаўнікоў на месцах быў гатовы распачаць шырокую антыпагромную дзейнасьць. Урад, тлумачыў Жытлоўскі, мае ў сваім распараджэньні сотні агентаў у кожным пункце з габрайскім насельніцтвам. Гэтыя людзі — адукаваныя сяляне, усёй душою адданыя ідэі Незалежнай Беларусі, карысьаюцца на месцах велізарным уплывам на сялянскія масы і здолеюць супрацівапаставіць сваю агітацыю прапагандзе цёмных пагромных сілаў. Для іх утрыманьня, а таксама для выданьня неабходнай літаратуры Ўрад прасіў 5 тысячаў фунтаў стэрлінгаў штомесячна і яшчэ 2 тысячы фунтаў аднаразова на выдавецкія патрэбы.
***
Спробы Жытлоўскага ды іншых дзеячоў БНР схіліць на свой бок сіяністаў плёну не далі. У сьнежні 1921-га, падводзячы вынік сваёй працы, міністар пісаў: «Да таго часу, пакуль я не пераканаюся, што для нашай справы нічога зрабіць не змагу, я ад яе нізавошта не адыду. Але я яшчэ не трачу надзею. Даводзіцца тараніць шмат сьценаў, і самая цьвёрдая сьцяна — габрэйская».
Магчыма, сіянісцкія лідэры з асьцярожнасьцю паставіліся да дэклярацыяў беларускага ўраду, прадстаўнікі якога, седзячы ў эміграцыі, гаварылі пра свае шырокія ўплывы на Бацькаўшчыне. Магчыма, у гэтыя дэклярацыі ня надта верылі ісамі беларусы. Як бы там ні было — дзяржавы аднаго народу дзьвух нацыяў так і не атрымалася. Хто ведае, ці не дала б гэткая этнічная камбінацыя ў выніку больш жыцьцяздольны і дынамічеы, пасіянарны народ.
Сяргей Шупа,
радыё «Свабода»