Прэзэнтаваны ідыш-беларускі слоўнік
Прэзэнтацыя ілюстраванага ідыш-беларускага слоўніка, што складзены спэцыялістам у галіне мовы ідыш і рэстаўратарам Аляксандрам Астравухам, прайшла 26 верасьня ў менскім офісе «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».
У 928-старонкавае выданьне, што выйшла ў менскім выдавецтве «Мэдысан» накладам 1 тыс. асобнікаў, уключана каля 25 тыс. слоўнікавых артыкулаў і 50 тыс. слоў. У кнігу, над якой складальнік працаваў 11 гадоў, увайшла фразэалёгія ідыш з прымаўкамі і прыказкамі, пажаданьнямі і прывітаньнямі, дражнілкамі і праклёнамі, загадкамі і скарагаворкамі, калямбурамі, цытатамі з яўрэйскіх песень, анэкдотаў і літаратурных твораў. Пры складаньні кнігі А.Астравух выкарыстоўваў шмат слоўнікаў, што выходзілі ў розных краінах сьвету ў XIX—XX стагоддзях.
Адкрываючы прэзэнтацыю, намесьнік старшыні ТБМ Алена Дзіцэвіч адзначыла сымбалічнасьць акцыі, што праходзіць у Дзень эўрапейскіх моў і сьведчыць аб тым, што беларуская мова «ўліваецца ў сусьветныя мовы». Паводле яе слоў, за 20 гадоў існаваньня аб’яднаньне выдала каля 10 слоўнікаў. Намесьнік старшыні ТБМ выказала ўпэўненасьць, што маладое пакаленьне прадоўжыць гэту традыцыю, бо ў народаў Беларусі «вельмі магутная грыбніца».
Складальнік слоўніка мяркуе, што без мовы ідыш не будзе існаваць беларуская мова. Ён нагадаў, што Беларусь зьяўляецца адзінай краінай сьвету, дзе з 1920 па 1938 гады ідыш быў дзяржаўнай мовай.
Кандыдат філялягічных навук Пётр Садоўскі назваў слоўнік «жывым сьвятам душы», а доктар філялягічных навук Адам Мальдзіс — «сапраўднай энцыкляпэдыяй яўрэйскага жыцьця».
Паводле слоў кандыдата гістарычных навук, дырэктара Музэя гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі Іны Герасімавай, выданьне гэтага унікальнага слоўніка, які не мае аналягаў у гісторыі, зьяўляецца подзьвігам яго складальніка, што дапамагае адрадзіць ідыш. «Ён застаўся ў кнігах, але перастаў быць мовай зносін, бо ў выніку Халакосту зьніклі носьбіты ідыш. Выхад слоўніка даказвае, што нават у такіх умовах мова можа жыць і разьвівацца», — сказала І.Герасімава.
А.Астравух вывучае ідыш з 1984 года. У 2004 годзе скончыў Віленскі яўрэйскі інстытут Віленскага ўнівэрсытэту (Літва). Цяпер А.Астравух працуе над стварэньнем ідыш?расейскага слоўніка.
Марат Гаравы, БелаПАН.
12:15, 27 верасьня 2008