Натальля Арсеньнева
"АКЦЫЯ"
Гарэлі ў тыя дні ня толькі што кляны -
сквярлося на вагні усё, на што ёсьць слова.
І ранаў з гэных дзён нялюдзкіх і дзіўных
ніякаю замовай не замовіш...
Ськідалі ў сутаргах з намоклага гальля
апошнія лісты прысады ў золь і мокрадзь...
Як прыгаршні лісьця, іх кінулі на пляц,
і латы жоўтыя пайшлі лістамі ў скокі...
Выў вецер...
......................Але й ім казалі засьпяваць,
і за часіну ўсе і пляскалі й сьпявалі:
прысеўшы на бруку, брахаў у самы твар
ім кулямёт загады сталяй.
Каб дагадзіць яму -
..................................чырвоным языком
пачау лізаць агонь бажніцу...
.....................................................аж у неба
шугнулі з дымам Торы, талесы ускок, рыўком,
маўляў скакаць пайшлі у тахт із рэбэ.
А рэбэ, штож, сьпяваў...
рыпелі, як жарства
пад пятамі скакух, і ўсё...
..............................................і толькі Ёсель,
хоць маці тузала яго: "Сьпявай", -
біў пустку пясткамі, заходзіўся і тросься.
Біў пясткамі й тады, калі апёк агнём
бізун дзіцячы твар,
...................................калі асела маці
на брук снапом аусяным,
..............................................калі ён
папоўз, маўляў шчанё, ў прыпол яе схавацца,
калі пайшлі зьдзіраць зь дзявочых шый і рук
каралі гордыя і ўпартыя пярсьцёнкі,
калі, як з крапяжа, паплыў з крывёй на брук
чыйсь енк прарэзьлівы і тонкі,
калі усьцешны шум зьмяшаўся у вушшу
зь пякучай роспачай,
.......................................апаў на сэрцы жудзяй...
Ён плакаў...
.....................а вакол, здавалася, душу
ў вапошняй песьні высьпяваюць людзі...
Так прычакалі змрок...
..........................................Папоўз асеньні дзень
за восеці...
...................Тады - усім далі лапаты,
і зашуршэў, заплёхкаў па вадзе
пясок важкі і макраваты.
Пасьлей - казалі збыць людзям апошні стыд,
і пачалі усьлед расьці стагі апраткі,
аж пырснула сьвятло на целау сплёт густы,
а кулі пляскаць узяліся ў ладкі.
Гадзіны дзьве брахаў у золкасьць кулямёт,
ды заліла й яму ноч ляпу чорным лякам.
Спыніла лёт лісьцё, сплыло на целау сплёт,
і нават Ёсель сьціх, ужо ня плакаў.
І спад павек яго, хоць ён ня знаў Хрыста,
глядзеў Хрыстос з тугой нянаскаю, дзівоснай
на тых, каму зь пяску крывавага ня ўстаць,
на катаў у крыві...
.................................слату...
..............................................і восень...