МАЦІ

Лунае ў паветры маці мая
і мёртвая, ледзьве дыхае ў плачы:
- Дзе сын мой, якого люляла я?
На шлях яго насылаю удачы.

Я ў болях насіла яго
сысуном
смактаў сынок маю сьвежую сілу.
Вучыла малітву чытаць перад сном,
вяла за руку да людзей, прасіла.

Мой сын дзе цяпер ты, ў якой старане?..
Ты ў маёй памяці, што не астыла.
Глыбока зорная ноч ва мне
начуе і вочы мне зачыніла.

Ляжыш ты самотна сярод камянёў,
няма тваёй былой прыгажосьці,
мяне тут пакінула прывідам сноў,
адно ад цябе засталіся косьці.

І я б цалаваў твой пясок і траву,
і плакаў бы сам як усохлы твой камень,
каранаваў бы тваю галаву
каронаю сьветлай дзьвума рукамі.

Марк Шагал

пераклад Рыгора Барадуліна