СЬВЯТКАВАНЬНЕ 25-га САКАВІКА Ў НЬЮ ЁРКУ

18-га сакавіка ва Ўкраінскім Народным Доме нью ёрскі аддзел БАЗА сьвяткаваў 83-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Урачыстую акадэмію вёў сп. Янка Запруднік. На пачатку сход прывіталі Старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Шукелойць і старшыня нью ёрскага аддзелу сп. Віталь Зайка. Затым прачыталі грамату ад мэру Нью Ёрку сп. Р. Джуліяні, якою ён абвесьціў 25-га сакавіка 2001 г. Днём Беларусі ў Нью Ёрку. Падобную грамату выдаў і губэрнатар штату Нью Ёрк сп. Дж. Патакі.

З прывітальным словам да прысутных зьвярнулася Стар-шыня Рады БНР сп-ня Івонка Сурвіла, яна адзначыла важнасьць Акту 25-га Сакавіка, падкрэсьліла неабходнасьць салідарнасьці ўсіх сьведамых беларускіх сілаў і заклікала магчымымі сродкамі дапамагаць змагарам на Бацькаўшчыне.

З прывітаньнем і прамоваю выступіў кіраўнік аддзелу Беларусі Дзярждэпартамэнту ЗША сп. Джон Армстронг. Ён павіншаваў прысутных з нацыянальным сьвятам і адзначыў, што сёньня беларускі народ вядзе барацьбу за адраджэньне ідэалаў БНР, супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Для гэтага вельмі важным, сярод іншага, ёсьць мацаваньне памяці пра падзеі 25-га Сакавіка 1918 году і пра падзеі сапраўднай беларускай гісторыі, даўняй і нядаўняй. Урад ЗША добра ведае, што адбываецца ў Беларусі й добра памятае ўсе падзеі мінулых гадоў. З прыходам новай адміністрацыі палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі не зьмянілася, дэмакратыя й незалежнасьць Беларусі былі й будуць вызначальнымі прынцыпамі гэтай палітыкі. Прамова скочылася воклічам "Жыве Беларусь !" па-беларуску.

Затым прысутных прывітаў Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ сп. Зянон Пазьняк. Ён адзначыў, што абвешчаньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ёсьць найважнейшаю падзеяй 20-га стагоддзя, ідэалы 25-га Сакавіка працерабілі беларускаму народу шлях да незалежнасьці праз дзесяцігодзьдзі ўціску й генацыду. Але сапраўдная незалежнасьць і свабода яшчэ наперадзе. Мы ўдзячныя амэрыканскаму ўраду за падтрымку, але разам з тым трэба падкрэсьліць, што не правы чалавека ёсьць сёньня галоўная праблема ў Беларусі, а незалежнасьць і свабода, бо няма правоў чалавека пад акупацыяй.

Затым выступіў каардынатар Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека па Беларусі сп. Пітэр Заламаеў. Ён павіншаваў прысутных са сьвятам, а ў прамове адзначыў, што ягоная арганізацыя шчыльна назірае за падзеямі ў Беларусі й дапамагае праваахоўчым і апазыцыйным сілам, незалежнаму друку й адвакатам. Сп. Заламаеў лічыць, што антынацыянальная палітыка Лукашэнкі пачала працаваць супраць яго, бо усё болей людзей у русіфікаванай Беларусі хочуць вяртаньня сваёй унікальнай культуры, мовы, нацыянальнай тоеснасьці.

Затым сп-ня Ірэна Цупрык цудоўна прачытала беларускія вершы. Пасьля гэтага прачыталі прывітаньні, дасланыя аддзелу, ад іншых беларускіх арганізацыяў і асобаў.

З рэфэратам, прысьвечаным Акту 25-га Сакавіка, выступіў д-р. Вітаўт Кіпель. Даўшы агляд падзеяў 83-гадовай даўніны, ён адзначыў, што Акт 25-га Сакавіка ёсьць важнейшым чыньнікам у аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў 1990-1991 г.г. Кожны нацыянальны ўздым параджаў хвалю эміграцыі. Першымі ў Амэрыцы беларускімі дзеячамі былі Янка Чарапук (Змагар), Язэп Варонка. Сёньня мы маем новую хвалю палітычнай эміграцыі, якая не пагадзілася з тым, што робіцца ў краіне Лукашэнкам. Зьвярнуўшыся да маладых, сп. Кіпель працытаваў словы Язэпа Лёсіка: "Вашыя сьвечкі запаленыя, вы становіцеся апосталамі беларушчыны. Пільна сачыце, каб ня згасьлі сьвечкі, калі адроджаная Беларусь прыйдзе судзіць ў сіле й славе дзеі кожнага зь яе сыноў."

Прысутныя прывіталі кветкамі старэйшую беларускую дзяячку сп-ню Яніну Каханоўскую і актыўнага адраджэнца, сябра "Дванаццаткі" сп. Васіля Шчэцьку, у якога акурат у дзень імпрэзы быў дзень народзінаў.

Пасьля банкету адбыўся сьвяточны канцэрт, у якім выступілі Зьміцер Яўтуховіч, Алесь Балотнік ды іншыя.

Сп-ня Валя Якімовіч падрыхтавала выдатную выставу беларускіх нацыянальных строяў.

Выказваем падзяку тым, хто браў актыўны ўдзел у сьвяткаваньні: сп-ві Юлі й Паўла Андрусышыных, Але Шчэцька, Але Орса-Рамана, Сяргею Капытку, Валі Якімовіч, Нэлі Ржэвуцкай, Анатолю Тальянскаму, Валеру Дворніку, Сяргею Пятровічу, Марату Клакоцкаму, Уладзімеру Цяліцу.

Віталь Зайка