Ня стала ксяндза Уладзіслава Чарняўскага
Ксяндзу Ўладыславу Чарняўскаму лёс наканаваў служыць у Беларусі ў змрочныя пасьляваенныя часы. З 1953-га году ён служыў у Вішневе пад Валожынам. Тады яму далі дазвол жыць і служыць толькі ў адной парафіі й раз на месяц наведвацца ў нейкую іншую вёску.
У 60-я гады ксёндз пачаў перакладаць і пераклаў на беларускую мову ўсю Біблію - Стары й Новы Запаветы. У канцы 1967-га году Ватыкан выбраў айца Чарняўскага на пасаду Апостальскага адміністратара Беларусі. Ксяндза запрасіў у Рым і прыняў Папа Павал VІ. Але на пратэст ураду СССР яго так і не кансэкравалі на біскупа.
Ён быў апошні з друйскіх манахаў-марыянаў. Сёлета пась-ля хваробы яго наведаў гэнерал Закону марыянаў і прапана-ваў на выбар любы кляштар у любой краіне сьвету. Ксёндз Уладыслаў выбраў Летуву, бо з даваенных часоў належаў да Літоўскай правінцыі. Але праз два месяцы вярнуўся назад ў Беларусь. Апошнім часам ён жыў у плябані Чырвонага касьцёлу ў Менску. А памёр ва ўзросьце 85 гадоў напярэдадні Калядаў у Вішневе, дзе пражыў большую частку жыцьця. Вечная яму памяць.
Пацярпеў за Беларусь
20 сьнежня ў Гомлі загубіў сябе сябар руху "Зубр" і цэнтру "Гарт" Андрэй Зайцаў. Перад сьмерцю 24-гадовы хлопец пакінуў касэту з запісам ягонай тэлефоннай размовы з супрацоўнікам КДБ А. Еўсьцігнеевым і заяву ў Беларускі Гэльсынскі камітэт, у якой Андрэй распавёў, што спэцслужбы цягам месяцу спрабавалі зрабіць яго сваім інфарматарам. У КДБ сьцьвярджаюць, што супрацоўніка з такім імем у іх няма. Сябры Зайцава лічаць вінаватымі ў сьмерці юнака спэцслужбы. Яны ладзілі ля будынку КДБ у Менску пікет пратэсту.
Інфляцыя ў Беларусі
Самы высокі ўзровень інфляцыі ў Беларусі ў сьнежні - адзначае беларуская статыстыка. Толькі за тры тыдні апошняга месяца году спажывецкія кошты вырасьлі на 4,3%. Дагэтуль самы высокі ўзровень інфляцыі быў зафіксаваны ў студзені 2001 году - 4,8%. У сярэднім кошты за год падвысіліся на 45%, аднак па асобных пазыцыях, да прыкладу, па коштах на электраэнэргію, водазабесьпячэньне, мэдыкамэнты, рост склаў больш за 100% - падае афіцыйная статыстыка. У рэальнасьці-ж кошты вырасьлі нашмат больш.
У сьнежні 2001 году працягваўся рост тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Гэтак, на 3,7% падаражэла кватэрная плата, плата за карыстаньне ліфтам, тарыфы на падачу вады й вываз сьмецьця. Найбольш падаражэў газ - на 20%. Усяго за 2001-ы год рост тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі склаў ад 33% да 143%.
Улічваючы такую інфляцыю заробкі за гэты перыяд зьнізіліся прыкладна на 4%.
Дэмаграфічная небясьпека
Паводле статыстыкі, з 1990-га па 1999-ы год нараджаль-насьць у Беларусі зьнізілася на 34,5%, а сьмяротнасьць, наадварот, узрасла на 26%. Колькасьць шлюбаў скарацілася на 28%, а колькасьць разводаў на 35%. За апошнія сем гадоў колькасьць беларускага насельніцтва скарацілася амаль на 300 тысяч чалавек. Згодна прагнозаў, праз 50 гадоў насель-ніцтва Беларусі можа зьменшыцца на 2 мільёны чалавек.