Дакумэнты Таварыства Беларускай Мовы
На мінулым тыдні Сакратарыят Таварыства Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны прыняў тры дакумэнты. У заяве выказалі пратэст супраць мэтадычнага маральнага й фінансавага задушэньня Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі. Цягам апошніх пяці гадоў СП церпіць знявагі, абразы й зьдзекі. Спачатку забаранілі называцца Беларускім, затым адабралі маёмасьць, пазбавілі сродкаў для існаваньня й пастаянна ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі зьдзекваюцца з тых, хто складае гонар беларускай літаратуры, гонар беларускае нацыі. Вядомы культурна-асьветніцкі асяродак сталіцы Дом літаратара ператварылі ў "раскіданае гняздо".
Усё гэта робяць тыя, хто мае ўладу й зацята змагаецца з аплотам беларушчыны, з беларускай мовай, на якой пішуць пераважную бальшыню твораў нашыя літаратары. Такія дзеяньні інакш, як вандалізмам, не назавеш.
"Сёньняшнія ўладары Беларусі! Пакайцеся перад Богам і людзьмі, вярніце нарабаванае й спыніце перасьлед пісьменьніцкай арганізацыі" - такімі словамі канчаецца заява.
Сакратарыят ТБМ таксама выдаў прапанову з нагоды конкурсу на новы беларускі гімн. ТБМ падтрымлівае ідэю правядзеньня такога конкурсу й прапаноўвае зрабіць беларускім гімнам рэлігійны гімн "Магутны Божа" на словы Натальлі Арсеньневай, музыка Міколы Равенскага.
"Ваяцкі марш" ("Мы выйдзем шчыльнымі радамі...") на словы Макара Краўцова, музыка Ул. Тэраўскага, які ад часоў БНР лічыцца беларускім нацыянальным гімнам, нашым паважаным актывістам ТБМ для такой мэты здаўся нягодным.
Заклік Сакратарыяту ТБМ да людзей Беларусі кліча іх патра-баваць ад мясцовай улады выканання Пастановы Мі-ністэрства адукацыі "Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі", патрабаваць адкрыцьця беларускіх дзіцячых садкоў, клясаў, школаў, ліцэяў, гімназіяў, беларускіх плыняў у ВНУ, калэ-джах і тэхнікумах, Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту.
Конкурс на беларускі гімн
Рэспубліка Беларусь да сёньня ня мае дзяржаўнага гімну. Музыка ад старога БССРаўскага засталася, а словаў няма.
Умовы конкурсу на словы й музыку беларускага гімну камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Ўладзімера Дражына ўжо разгледзела. Да 1-га красавіка арганізацыі, творчыя саюзы й простыя грамадзяне могуць падаваць прапановы. 5 лепшых будуць запісаныя духавым аркестрам. Зь іх выберуць 3 творы, зь якіх застанецца найлепшы. Ён і будзе гімнам і ўпершыню прагучыць на дзень вызваленьня Менску, які цяпер сьвяткуецца ў краіне, як Дзень Незалежнасьці, 3-га ліпеня.
Вельмі слушна выказаўся па гэтаму пытаньні народны пісьменьнік Ніл Гілевіч. Адзначыўшы, што не зьбіраецца падаваць ніякіх прапановаў, ён сказаў:"Нават калі нейкі верш Купалы, Коласа, Багдановіча й варты таго, каб стаць словамі гімна, дык хіба цяперашнія кіраўнікі прымуць яго? Ды ніколі! Вершы будуць не прыдатныя, бо выяўляюць дух нацыянальнага адраджэньня. Яшчэ мы наслухаемся й гімнаў, і прамоваў, і дакладаў... І ўсяго такога, ад чаго сорамна й перад людзьмі, і перад сьветам, і перад самім сабою. За тое, што ты жывеш у гэты час і павінны чуць, бачыць, быць сьведкам."
Афіцыйны погляд уладаў выказаў міністар культуры Беларусі Леанід Гуляка, ён не выключае, што музыка новага гімну застанецца старая, а словы зьявяцца новыя. То бок зробяць так-жа, як і ў Расеі.
У Віцебску зьнік сябра БНФ
19-га студзеня ў Віцебску зьнік сябра БНФ "Адраджэньне", кіраўніка цэнтру моладзевых ініцыятываў Юрась Корбан.
Увечары 19-га студзеня Юрась Корбан патэлефанаваў баць-кам з уласнае кватэры, каб паведаміць, што пазьней плянуе да іх прыехаць. Але ў той вечар бацькі яго не дачакаліся. Маці Юрася паведаміла, што ніколі раней сын ня меў звычкі зьяжджаць або сыходзіць некуды надоўга без папярэджаньня. Яна распавяла, што сын патэлефанаваў ёй на наступны дзень ды паведаміў, што мусіў тэрмінова зьехаць зь нейкім чалаве-кам і што ў яго ўсё добра. Яшчэ праз тыдзень ён зьвязваўся зь ёю апошні раз зь Менску ды сказаў, што яны, магчыма, больш не пабачацца. Прычым у спадарыні Корбан склалася ўражаньне, што Юрась тэлефанаваў з уласнага тэлефону, але пад чужым наглядам і, падобна, быў моцна зьбіты…
Пасьля гэтага бацькі падалі заяву на вышук. Ніякіх сьлядоў Юрася Корбана пакуль ня выяўлена.
Беларусы на Алімпіядзе
Беларусь паслала ў Салт Лэйк Сыты дэлегацыю ў складзе 61 спартоўца, якія возьмуць удзел у спаборніцтвах у 9 з 15 алімпійскіх дысцыплінаў: гакеі, фрыстайле, біятлёне, лыжах, каньках і ў фігурным катаньні ды лыжным двухбор'і. Так званыя "група падтрымкі" й "спэцгрупа", якія заўсёды былі надта прадстаўнічымі, цяпер з прычыны нястачы сродкаў невялікія па колькасьці. Дадаткова да афіцыйнай дэлегацыі, удзел якой аплочваюць арганізатары спаборніцтва й Міжнародны алімпійскі камітэт, у Салт Лэйк Сыты паехалі 10 чалавек - іх паездку аплацілі спонсары.
Усяго на падрыхтоўку й удзел беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях пайшло 2857000 даляраў, у тым ліку каля мільёна даляраў спонсарскіх. Аднак вялікіх спадзявань-няў на мэдалі беларускія спартоўцы ня маюць. Зімовыя гульні пройдуць з 8-га да 24-га лютага. Галоўная надзея на эстафэтную гонку ў біятлёне, дзе беларуская каманда можа паказаць добры вынік. Ёсьць спадзяваньні й на фрыстайл. Трэці мэдаль можа стацца ў жаночым бегу на каньках.
Матэрыяльныя стымулы для камандаў альбо асобных гульцоў, якія заваююць мэдалі, вельмі высокія, за залаты мэдаль абяцана 60 тысяч даляраў, 30 - за срэбраны і 22,5 за бронзавы. можа таму й абяцаюць такія значныя сумы, што мінімум людзей гатовыя заваяваць гэтыя мэдалі.
Па дапамогу да Івонкі Сурвіллы
Зінаіда Ганчар, жонка Віктара Ганчара, які бясьсьледна зьнік 16-га верасьня 1999 году, зьвярнулася па дапамогу да Івонкі Сурвіллы Старшыні Рады БНР. Яна піша, што ёй амаль няма да каго зьвярнуцца ў роднай краіне: намаганьні беларускай грамадзкасьці не даюць плёну. Паводзіны ўлады й афіцыйнага сьледзтва толькі яшчэ раз пацьвярджаюць, на чыім сумленьні лёс яе мужа.
Яна просіць скарыстаць вялікі аўтарытэт Старшыні Рады БНР у беларусаў ва ўсім сьвеце й давесьці да ведама суайчыньнікаў сапраўдную інфармацыю пра тое, што адбываецца на іх гістарычнай радзіме. Зінаіда Ганчар вельмі просіць ўзьняць праблему палітычнага тэрору ў Беларусі перад урадамі тых краінаў, дзе жывуць беларусы, бо сёньня толькі міжнародная грамадзкасьць можа прымусіць А Лукашэнку сказаць праўду пра тое, што здарылася зь яе мужам і іншымі зьніклымі людзьмі.
"Нельга маўчаць, калі на пачатку 21-га стагодзьдзя нашая краіна зноўку абрынецца ў бездань тэрору й крыві, як у 1937 годзе…" - заканчвае яна свой ліст.