ВАСІЛЬ БЫКАЎ - НАРОДНЫ ПІСЬМЕНЬНІК

Мы ведаем Быкава як найвыдатнейшага пісьменьніка, як выразьніка нацыянальных і дэмакратычных памкненьняў нашага беларускага народу, як сымбаль нязломнасьці духу нашых людзей. У наш час, як ніколі раней, Быкаў стаў сумленьнем Беларусі. Словы "народны пісьменьнік" напоўніліся новым сэнсам.

Васіль Быкаў нарадзіўся ў 1924 г. на Вушаччыне, у вёсцы Бычкі. Сям'я зьведала ўсе цяжкасьці пымусовай калектыві-зацыі - голад, бяспраўе, атмасфэру сталінскага тэрору. У адным з інтэрвію, запісаных у 1991 годзе, Быкаў сказаў: "У мяне не было шчасьлівага дзяцінства, і таму ўспаміны пра яго невясёлыя... Азіраючыся на сваё прайшоўшае жыцьцё, бачу што толькі пад пэнсыю чалавек майго пакаленьня атрымаў магчымасьць больш-менш годнага жыцьця". Сёньня да гэтых словаў трэба дадаць, што такое жыцьцё, дзякуючы рэжыму Лукашэнкі, дагэтуль застаецца недасягальнай марай.

Пасьля школы Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме й у фабрычна-заводскай вучэльні. З пачаткам савецка-нямецкай вайны ў 1941 г. мабілізаваны на абарончыя працы, з 1942 ён у Чырвонай арміі. Скончыў пяхотную вучэльню, лейтэнантам трапіў на фронт. Быў некалькі разоў паранены, а пасьля цяжкіх баёў пад Кіраваградам, на Ўкраіне, яго залічылі у сьпісы загінуўшых, аб чым прыйшло паведамленьне бацькам Быкава. Будучы пісьменнік ваяваў у Румыніі, Мадзяршчыне, Югаславіі, Аўстрыі, быў узнагароджаны.

Вайна назаўсёды стала асноўнай тэмай творчасьці Быкава. Амаль усё сваё творчае жыцьцё ён асэнсоўваў падзеі, сьвед-кам і ўдзельнікам якіх яму давялося быць. Вайна - перш як гераічнае змаганьне з захопнікам, потым як складанае спалучэньне памкненьняў і характараў людзей у пэўных гістарычных умовах і, нарэшце, як нагода для развагі над лёсам беларускага народу ў 20-м стагоддзі, калі народ гэты абудзіўся да жыцьця, але ня выйшаў як усе ягоныя суседзі на шлях волі й незалежнасьці, хоць і падступіўся да яго.

У аповесьцях В. Быкава "Жураўліны крык" (1960), "Трэцяя ракета" (1962) дадзена рэалістычнае адлюстраваньне жорсткіх рэаліяў вайны, якое не ўкладалася ў афіцыйныя конаны сацрэалізму. Таму аповесьць Быкава "Мёртвым не баліць" (1965) была фактычна забароненая савецкімі ідэёлягамі. Беларуская эміграцыя аператыўна зрэагавала на гэта й выдала гэтую аповесьць ў 1966 годзе ў Нью Ёрку. У 1970 г. выйшла аповесьць "Сотнікаў", што закранула тэму жыцьця пад акупацыяй, адкідаючы старыя савецкія штампы. Па гэтай аповесьці ў 1977 г. быў зьняты фільм, які стаў заўважнай падзеяй для сусьветнага кінематографу.

Аповесьць "Знак бяды" (1982) стала паваротнаю ў творчасьці пісьменьніка. У ёй Быкаў зрабіў спробу глыбей пра-аналізаваць падзеі нядаўняй гісторыі - вайны й сталінскай калектывізацыі, і супаставіць іхны ўплыў на лёсы людзей. У аповесьці лірычныя старонкі, поўныя замілаваньня сваім краем і ягоным людам перамяжаюцца з апісаньнем трагічных падзеяў, якія прыходзілі разам з чужынцамі з усходу й захаду.

З прыходам ідэалягічных палёгкаў перабудовы Быкаў пачы-нае шырэй і сьмялей закранаць забароненыя датуль тэмы. Выйшлі творы "Аблава" (1989) - пра лёс раскулачанай і высланай у Сібір беларускай сям'і, "Кар'ер" - пра незьнікаючы ўплыў падзеяў ваеннага часу на сучаснае жыцьцё, "На чорных лядах" - пра падзеі з часоў Слуцкага паўстаньня.

Васіль Быкаў бярэ актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці. Ён стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі памяці ахвяраў ста-лінізму "Мартыралёг Беларусі", а таксама Беларускага Народнага Фронту. Публіцыстыка Васіля Быкава, якая зьяў-лялася ў гэты час у беларускім друку, уздымае сэрцы беларусаў, кліча на абарону сваёй мовы й культуры, на вывучэньне сапраўднай беларускай гісторыі, на здабыцьцё незалежнасьці.

З набыцьцём незалежнасьці прыходзяць новыя надзеі, але кебічаўскі "застой" і прыход да улады Лукашэнкі мяняюць дзяржаўнае стаўленьне да Быкава й да іншых сумленных творцаў. Творы Быкава паступова здымаюцца з выдавецкіх плянаў, а набор кнігі "Сьцяна" рассыпаецца па загадзе новых таталітарных ідэолягаў. Недвухсэнсоўная пазыцыя пісьмень-ніка ў абарону культуры й незалежнасьці Беларусі, супраць дыктатуры, выклікае кампанію цкаваньня праз ідэалягічныя органы лукашэнкавага рэжыму. Кніга Быкава "Сьцяна" тым ня менш выходзіць у 1997 годзе "на народныя грошы", як напісана ва ўступе. Новыя творы пісьменьніка працягваюць выходзіць у газэце "Наша Ніва". Быкаў змушаны выехаць зь Беларусі. А рэжым працягвае цкаваньне, не спыняючыся нават перад эпітэтамі кшталту "літаратурны паліцай".

Для змагароў з рэжымам імя й творчасьць Васіля Быкава даўно ўжо зрабіліся сынонімамі Беларусі, змаганьня й свабоды. Дай жа, Бог, сапраўды народнаму Пісьменьніку здароўя й сілаў для далейшай плённай працы для свайго народу.

В. Зайка