12-га траўня прайшлі выбары кіраўніцтва аддзелу. На пачатку абралі старшыню й сакратара выбарчага сходу (В. Дворнік, А. Багдановіч) і 2-х сябраў падліковай камісіі (Дз. Качан, A.Гайнутдзінава). Затым зарэгістравалі сябраў аддзелу, пасьля чаго заслухалі справаздачы старшыні В. Зайкі, сакратара В. Якімовіч і скарбніка аддзелу В. Кузьменкі. Па выніках былі вынесеныя рэзалюцыі: справаздачы старшыні й сакратара прыняць з падзякай, скарбніка - прыняць з умовай прадстаўленьня ў рэвізыйную камісію больш дэталёвай фінансавай справаздачы ў двухтыднёвы тэрмін.
Пасьля прайшло высоўваньне кандыдатураў на пасаду стар-шыні аддзелу. Былі пададзеныя 2 кандыдатуры - сп. Віталя Зайкі й сп-ні Алы Кузьміцкай, але сп-ня Кузьміцкая ўзяла самаадвод. Сп. Зайка прапанаваў сваю праграму, у якой зрабіў націск на ўзмацненьне таварыскіх сувязяў паміж сябрамі аддзелу, на прыцягненьне новых сяброў, на паляпшэньне ін-фармаваньня пра дзейнасьць БАЗА ў Амэрыцы й на Бацькаўшчыне, на ўзмацненьне кантактаў з амэрыканскімі ўладамі.
Адбылося галасаваньне, па выніках якога (43 галасы "за", 2 устрымаліся), старшынём нью ёрскага аддзелу быў пераабра-ны сп. Віталь Зайка. Сакратаром пакінулі сп-ню Валю Якімовіч, новым скарбнікам быў абраны сп. Валеры Дворнік. Склад управы застаўся амаль такі, які быў да выбараў, але замест некалькіх неактыўных сябраў ў яе склад ўвайшлі сп.сп. Алесь Багдановіч, Нэлі Ржэвуцкая, Віктар Едзіновіч.
Затым выступіў намесьнік Старшыні Рады БНР, супрацоўнік "Радыё Свабода" сп. Сяргей Навумчык. Ён даў аналіз сы-туацыі ў Беларусі, ахарактэрызаваў кандыдытаў у прэзідэнты ад апазыцыі, з большасьцю зь якіх ён нядаўна сустракаўся. У прыватнасьці ён падрабязьней спыніўся на паездках кандыдатаў у Маскву для пошукаў падтрымкі ў кіруючых колах Расеі. Падтрымкі там яны не знайшлі таму, што Лукашэнка сёньня Маскву цалкам задавальняе.
Сп. Навумчык адзначыў, што акцыі беларускай грамады ў Амэрыцы мелі шырокі розгалас, асабліва дэманстрацыі ў Вашынгтоне перад амбасадамі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі. Афіцыйныя амэрыканскія ўлады на высокім узроўні жадаюць у бліжэйшы час сустрэцца з дэлегацыяй беларусаў Амэрыкі.
З кароткім словам перад прысутнымі выступіў фотамастак сп. Анатоль Кляшчук, выстава чарнобыльскіх здымкаў якога экспануецца у адной з заляў Фундацыі Крэчэўскага. Сп. Кляшчук распавёў пра свае здымкі, як яны ствараліся, і пра выставы, што адбыліся ў Эўрапарляманце ў Брусэлі й у ААН.
В. Зайка