Сьвяткаваньне ўгодкаў Слуцкага паўстаньня ў Адэлайдзе, Паўдз. Аўстралія

У нядзелю, 26-га лістапада 2000 году, парафія Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў горадзе Адэлайдзе сьвяткавала 80-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну, успаміналі герояў, каторыя аддалі свае жыцьці, каб жыла незалежная Беларусь. Царква й прыцаркоўная заля былі прыгожа прыбраныя жывымі кветкамі, і гэта добра ўздымала настрой удзельнікаў імпрэзы.

Літургія пачалася а 10-й гадзіне раніцы. Яе служыў айцец пратаярэй Пятро Касацкі. Царква была напоўненая прыхажанамі, шмат хто зь якіх апранулі ў гэты дзень нацыянальныя строі. Добра сьпяваў царкоўны хор. Айцец пратаярэй Пятро на пропаведзі сказаў вельмі добра пра герояў-случакоў. У канцы Божае службы хор адсьпяваў беларускі рэлігійны гімн "Магутны Божа".

Потым пачалася паніхіда. Два вайскоўцы трымалі сьцягі, беларускі і аўстралійскі. У канцы паніхіды сьвятар яшчэ раз сказаў вельмі чулыя словы пра слуцкіх паўстанцаў. Прамова яго кранула сэрцы ўсіх вернікаў, шмат у каго на вачах былі відаць сьлёзы.

Па заканчэньні паніхіды настаяцель царквы запрасіў усіх прысутных у прыцаркоўную залю на пачастунак, каторы прыгатавала сястрыцтва. Настаяцеля благаславіць ежу на агульным стале. Усе ўсталі й адсьпявалі малітву "Ойча наш..." Старшыня парафіяльнае Рады сп. Васіль Яновіч папрасіў царкоўны хор выйсьці на сцэну. З акампанэмэнтам на акардэоне сп. Міколы Кандрусіна хор прасьпяваў "Сьпі пад курганам герояў", "У гушчарах...". У канцы афіцыйнае часткі прагучаў беларускі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Абед прадоўжыўся да 5-й гадзіны папаўдні. Перад адыходам дахаты, айцец Пятро сказаў малітву-падзяку Богу і благаславіў усіх прысутных. Так усе ў добрым настроі адыходзілі дадому.

Уладзімер Акавіты