Візыт дэлегацыі аб'яднанай беларускай апазыцыі ў ЗША скончыўся 28 траўня. Па вяртаньні дахаты палітыкі "новай-хвалі" дадуць прэсавую канфэрэнцыю па выніках гэтае сэнсацыйнае, безь перабольшаньня паездкі.
24 траўня сэнатар Хэлмс правёў вельмі плённую сустрэчу зь лідэрамі беларускай апазыцыі, якія знаходзіліся ў Вашынгтоне. Ён паведаміў аб намеры выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб павелічэньні дапамогі з боку ЗША дэмакратычным сілам у Беларусі.
Сэнатар Хелмс правёў амаль гадзінную размову са старшынём Беларускага Народнага Фронту Вінцуком Вячоркам, лідэрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, галоўным рэдактарам газэты "Наша свабода" Паўлам Жуком і прадстаўніком праваабарончай групы "Хартыя-97" Зьміцерам Бандарэнкам. Сэнатар упершыню сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
Беларуская дэлегацыя расказала пра ўзмацненьне палітыкі рэпрэсыяў з боку рэжыму Лукашэнкі, уключаючы нерастлумачаныя зьнікненні асноўных беларускіх апазыцыянэраў, а таксама зьвярнулася да ЗША з просьбай аб павелічэньні падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі. Сэнатар Хэлмс сказаў, што яму вядома пра спаўзаньне Беларусі да дыктатуры савецкага стылю, што ён зьяўляецца прыхільнікам дапамогі дэмакратычным сілам у Беларусі з мэтай аднаўленьня дэмакратыі, сувэрэнітэту і незалежнасьці.
Па ягоных словах, ён быў уражаны прагрэсам у яднаньні беларускай апазыцыі й упэўнены, што ў змаганьні за дэмакратыю ў Беларусі магчыма перамагчы.
Сэнатар таксама адзначыў, што ён мае намер выступіць з новай заканадаўчай ініцыятывай з мэтай забесьпячэньня непасрэднай фінансавай падтрымкі ЗША дэмакратычным сілам і незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
А беларускае Міністэрства Замежных Справаў спужаўшыся маштабаў візыту, недасяжных для афіцыйных уладаў, зрабіла 27 траўня сваю заяву, у якой выказвае свой сумніў у шчырасьці дэклярацыі амэрыканскіх заканадаўцаў аб зацікаўленасьці ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі і пратэст супраць "грубага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннае дзяржавы", якое можа выявіцца ў аказаньні непасрэднай фінансавай дапамогі дэмакратычным сілам у Беларусі. У заяве выказваецца шкадаваньне, што амэрыканскія палітыкі ў сваіх заявах, якія яны зрабілі пад час кантактаў з прадстаўнікамі беларускае апазыцыі, ігнаравалі пазытыўныя зрухі ў перамовах паміж уладамі й апазыцыяй аб стварээньні ўмоваў для правядзеньня ў Беларусі ўвосень гэтага года свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў.