Сустрэча з Марыяй Круповец і яе канцэрт
5-га студзеня ў Фундацыі Крэчэўскага прайшоў канцэрт сьпявачкі й фалькларысткі Марыі Круповес. Яна нарадзілася ў Вільні, скончыла там унівэрсытэт, пачала займацца музычным фальклёрам Віленшчыны. Яшчэ ад бабулі й маці, што паходзяць з Эйшышак і Салечнікаў на беларуска-літоўскім памежжы, яна чула беларускія песьні, і ў хаце гучала беларуская мова, хоць яе сям'я, па ўзору пераважнай большасьці каталікоў таго краю, называе сябе палякамі.
Сама Марыя лічыць сябе чалавекам трох культураў -польскай, беларускай і літоўскай, і ня можа акрэсьліць сябе ў межах толькі адной нацыянальнасьці або культуры. Таму яна падала свой канцэрт як паказ песенна-музычнай культуры Вялікага Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, што аб'ядноўвала шмат народаў і культураў.
Марыя вучылася ў музычнай школе, выдатна грае на спрыпцы, гітары, фартэпіяна. Акрамя музычнай падрыхтоўкі мае філялягічную адукацыю, цікавіцца філязофіяй і тэалёгіяй. Марыя зьбірала музычны фальклёр на Віленшчыне й скарыстала яго ў дысэртацыі "Аб польскіх народных песьнях у Літве ў кантэксьце літоўскага й беларускага музычнага фальклёру". Дэсэртацыю яна з посьпехам абараніла ў Варшаўскім універсытэце. Асноўнай ідэяй дысэртацыі ёсьць тое, што аб'ектыўны аналіз разнастайнага музычнага фальклёру Віленшчыны дае падставы сьцьвярджаць аб моцным уплыве беларускіх народных мэлёдыяў на песьні палякоў Віленшчыны й аб тым, што тэксты песень ёсьць у асноўным пераклад з адпаведных беларускіх і летувіскіх песень . Гэта ўсё паказвае, што тут узьнік адметны фальклёр, роднасны ўсім тром культурам, і тры плыні нагэтулькі цесна перапляліся за стагодзьдзі сумеснага існаваньня, што шмат песьняў існуе у варыянтах на трох мовах і кожны народ лічыць іх сваімі.
У канцы 1980-х гадоў, калі пачалі адраджацца нацыянальныя рухі ў былым Савецкім Саюзе, Марыя Круповес з сястрою бралі актыўны ўдзел у акцыях за незалежнасьць Летувы, а таксама у канцэртах, што ладзілі віленская беларуская суполка "Сябрына" й Таварыства Беларускай Культуры Летувы. Калі ў студзені 1991-га году савецкае войска спрабавала спыніць рух Летувы да незалежнасьці, захапіла тэлевізыйную станцыю, радыё й дом друку ў Вільні, Марыя была ў шэрагах змагароў за свабоду й запісала на Радыё "Свабода" сатырычную песьню пра прыход Саветаў у 1939-м годзе, у якой ёсьць такія словы "Шырокім гасьцінцам танкі ідуць, ды ўжо нам Саветы свабоду нясуць", якая шмат разоў гучала на хвалях расейскай службы Радыё "Свабода" ў тыя трывожныя дні. Гэтую песьню сьпявачка выканала й перад слухачамі ў Фундацыі.
Сп-ня Круповес сказала, што заўсёды яе ўражвала сумная прыгажосьць беларускіх песень, якія апяваюць долю маладой замужняй жанчыны. Яны часта ўздымаюцца да ўзроўню харалу, да высокага драматызму, што адлюстроўвае лёсы ўсяго народу. З гэтага цыклю ў яе канцэрце прагучалі песьні "А ў полі курна да дымна", "Прыляцелі гусі з далёкага краю", "А ў полі вярба", "Маці, мая маці, што маю казаці", "Каб я тое знала", лірычная калыханка "Матыль".
Цікавячыся музычным фальклёрам Віленшчыны, Марыя натуральным чынам пазнаёмілася з музычнай творчасьцю іншых народаў краю - татараў, гэбраяў, караімаў, цыганоў. Прысутныя пачулі караімскую калыханку "Jukla uvlum (Сьпі, сыночак)", цыганскую песьню "Nane cocha (Ня маю кашулі)", татарскую "Ojrylmagyz (Не разлучайцеся)". Цяпер д-р М. Круповес выкладае фальклёр і гісторыю Ўсходняй Эўропы ў Віленскім універсытэце.
Апошнім часам Марыя прысьвячае асаблівую ўвагу вывучэньню песень на ідыш. Яна выяжджала ў экспедыцыі ў Пінск, Баранавічы, Полацак, дзе запісала шмат песень ад старых гэбраяў, што яшчэ жывуць ў Беларусі. Тры з гэтых песьняў -"Sapozhkelech (Боцікі)", "In hober un in korn (У аўсе ды ў жыце)", "Gabe, vos vil der rebe ? (Гэй служка, чаго жадае рабін?)" Марыя засьпявала на канцэрце. Прагучалі таксама песьні польская "Выезд на вайну" на словы паэта Яна Чачота й музыку Станіслава Манюшкі (абодва беларусы), летувіская "Grazi tu mano brangi Tevyne (Якая ты цудоўная, Айчына)", жвавую песьню "Хава нэгіла" па-гэбрайску. Прагучала беларуская патрыятычная песьня "Шумныя бярозы" на словы Янкі Купалы. Марыя шмат паезьдзіла па сьвеце, брала ўдзел ў міжнародных фэстывалях, канцэртах ЮНЭСКА, і заўсёды ў яе выкананьні гучалі беларускія песьні.
Прысутныя з задавальненьнем слухалі сьпявачку, а потым скарысталі шанец пагутарыць зь ёю пры сяброўскай пачостцы, а жадаючыя набылі ейную кампакт-кружэлку. Сп-ня Марыя шчыра падзякавала за цёплы прыём і сказала, што ў гасьціннай і дабразычлівай беларуска-амэрыканскай грамадзе чуецца сярод сваіх.