Добры дзень, спадару рэдактару!
Атрымаў ад Вашаці "Весткі й Паведамленьні" Нр. 6 (410). Вялікі дзякуй за інфармацыю, ня супраць атрымліваць яе надалей. Разам з гэтым мяне засмуціў рэпартаж "ВП" аб сьвяткаваньні Дня Волі ў Беларусі.
Падзеі гэтага галоўнага сьвята падрабязна асьветленыя толькі па Менску. І тое збольшага. У той час пра Вітабск узгадана мімаходзь, нароўні зь іншымі гарадамі. Але ня ведаю, каб у іншых гарадох адбыліся затрыманьні й арышты як у Вітабску. Да вітаблянаў з асабістым зваротам зьвярнулася Івонка Сурвіла. І Вітабская Рада Партыі БНФ арганізавала шэсьце (несанкцыянаванае). Аб гэтым ні слова. У той жа час на пл. ЛЕНІНА адбыўся дазволены мітынг. Сваім маўчаньнем прыніжаеце Вітабскую Раду Партыі БНФ перад Менскам і перад "дазвольнымі" мітынгоўцамі ў Вітабску ды іншых гарадох.
Раўняць усіх нельга. У Менску пабілі в. а. Старшыні Партыі БНФ Юрыя Беленькага, а сп. Вячорка тым часам ехаў на машыне да пл. Бангалор (інфармацыя з Сойму Партыі БНФ). У Вітабску тое самае: адныя ў міліцыі галадуюць, другія (дазволеныя) ў гэты ж час -- у кавярні на фуршэце. Па іншых гарадох горш - яны глядзяць толькі у бок "сталіцы". Для нас сталіца - Вітабск.
У Статуце Вялікага Княства Літоўскага казалася, што суды маюць чыніць справядлівасьць. Дык мне штосьці нялюбая роўнасьць без разбору. Кожны мае ганарыцца сваім па-справядлівасьці. Дарэчы, калі будзе нагода, перадайце, калі ласка, сп. Навумчыку, што я асабіста і нашая Рада Партыі БНФ ў Вітабску незадаволеныя працай Радыё Свабода. Пад кіраўніцтвам сп. Лукашука Радыё Свабода зышло да расейскамоўных уставак без перакладу як мінімум. А болей, дык зь іхнай кадравай абрусельнай палітыкай увогуле ня маюць маральнага права вяшчаць на Беларусь.
Добра яшчэ, што ў замежжы адбываюцца беларускія імпрэзы. Гэта цешыць. Толькі мне, ці што, у расейскіх бацькавых родных душу адводзіць, калі тут такая несправядлівасьць? Дык тама лічаць за "бедного родственника".
Цяпер трохі пра грошы (чытаю пра уплаты ў аддзел). У нас у Вітабску штатныя палітыкі за даляры чамусьці "дазволеныя" мітынгоўцы, таксама карэспандэнты Радыё Свабода. У той жа час у Вітабскай Радзе Партыі БНФ амаль усе цяпер беспрацоўныя. Зарабляюць як умеюць. Напрыклад пазаўчора старшыню Рады Ул. Плешчанку абрабавалі на дарозе, калі ён гандляваў бэнзынам (заробак беспрацоўнага). Мае асабістыя аплаты засяроджаныя на інтэрнэтаўскім сайце, якія пакуль што беруцца ад продажу газэтаў. Усё. Вось так і жывем ды чынім сваё.
Што тычыцца цытаваньня Васіля Быкава аб пераводзе палітыкі з ідэалістычнага рэчышча ў прагматычнае, дык у сёньняшнім кантэксьце ягоны прагматызм - паездка ў Маскву да Ельцына па грошы прэміі трыюмф? У нас гэтага не ўхваляюць, калі не сказаць горш. Як раз здаровы ідэалізм і ёсьць самым карысным у справе. Бо йначай будзе толькі дазволеная ўладай барацьба зь ёй самай пад кантролем той жа улады.
Юрась Карпаў. Вітабск
Паважаны, Марат!
Я хачу папрасіць цябе, як рэдактара з плюралістычнымі поглядамі, надрукаваць гэты мой ліст.
8-га красавіка адбыўся сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. На гэтым сходзе я меў гонар выступіць па справах Беларускае Аўтакефальнае Царквы. Большасьць прысутных ведае пра стан нашае царквы, што хутка можа прыйсьці час, калі Беларускае Аўтакефалія апынецца без адзінага япіскапа. Добра ўяўляючы гэта, царкоўная Рада (401 Atlantic Ave) прыдпрыня-ла шэраг намаганьняў па высьвячэньню япіскапам а. Аляксея Драздоўскага, беларуса па паходжаньню, якога большасьць з нас ведае. Але гэта становішча хвалюе ня толькі нас, але і пэўныя сілы ў Расеі і Беларусі. Таму я і лічу вельмі небясьпечным зьяўленьне эмісара Маскоўскае Патрыярхіі ў ЗША. Я не заклікаў прыймаць заяву, а проста паінфармаваў прысутных, а таксама заклікаў тых, каго хвалююць справы нашае царквы,выказацца, падпісаўшыся пад заявай, якую прыме Рада нашае царквы.
Што тычыцца заўваг паважанага спадара заступніка старшыні М. Клакоцкага й спадарыні А. Кузьміцкай пра тое, што мы не павінны лезьці ў царкоўныя справы, то магу нагадаць, што апошні зьезд Беларусаў Паўночнай Амэрыкі прыняў зварот да двух Першагерархаў з заклікам да аб'яднаньня. І толькі людзі, якія ня ходзяць ў царкву, якім абыякавы яе стан, могуць не разумець, што БАПЦ - гэта адзін з найважнейшых сродкаў аб'яднаньня беларускае дыяспары.
Ў яшчэ мне не зразумела, якім чынам паважаны заступнік старшыні змог вызначыць, што большасьць прысутных падтрымліваюць ягоны лёзунг аб недачыненьні сябраў БАЗА да царкоўных справаў.
Яшчэ раз хачу нагадаць, што я зьвяртаўся не да сябраў БАЗА, а да вернікаў, і прашу прабачэньня за эмацыйнасьць свайго выступу.
З павагай І. Шаламіцкі
Друкуючы гэты ліст лічу неабходным адказаць на пастаўленае пытаньне й даць некаторыя каментары.
Не ўдаючыся ў дыскусыю пра важнасьць усіх цэркваў "нашых" і нянашых, хачу сказаць, што вялікая частка сябраў БАЗА ня ёсьць праваслаўныя. Яны ходзяць у свае цэрквы й там вырашаюць праблемы веры, а не на сходах грамадзкіх арганізацыяў.Я ўжо не кажу пра тое, што праваслаўныя падзеленыя на некалькі плыняў. Такі склад нашае арганізацыі, а таксама гісторыя яе дзейнасьці падказваюць, што нам ніяк ня можна схіляцца да падтрымкі нейкай адной царквы, бо гэта абавязкова прыводзіць да варожасьці паміж сябрамі. І я, як вядучы сходу, стараўся гэтага пазьбегнуць. І ніяк ужо ня можна затыкаць рот сваім апанэнтам, як гэта спрабаваў рабіць сп. Шаламіцкі, выказваньнем:"А табе ўвогуле ніхто слова не даваў. Ты - неправаслаўны."
Удзельнікі сходу, упэўнены, добра памятаюць, чаго так эмацыйна дамагаўся сп. Шаламіцкі, заявы ці магчымасьці выказацца. Слова ён атрымаў пры першым жаданьні. А ўся нашая дыскусыя была менавіта з-за яго патрабаваньня прыняць заяву сходу ўжо пасьля таго, як ён без усялякіх перашкодаў выказаў свае погляды. І вельмі дзіўна цяпер чытаць, як паважаны ў нашай грамадзе беларус, замест таго, каб прызнаць памылку, адмаўляецца ад сваіх словаў. І цікава, як можна было на сходзе падпісацца пад заяваю, каторую Рада царквы прыме пазьней?
А вызначыць погляд большасьці ўдзельнікаў сходу было лёгка, бо калі пасьля заклікаў сп. Шаламіцкага ў залі ўзьняўся шум і гвалт, то пасьля майго тлумачэньня пачуліся апладысмэнты.
І, удакладняючы аўтара ліста, напомню, што мой "лёзунг" быў не ў недачыненьні сябраў БАЗА да царкоўных справаў, а аб недачыненьні БАЗА, як арганізацыі агульнай для ўсіх беларусаў, да гэтага.
Марат Клакоцкі