Робячы агляд падзеяў у Беларусі за апошні перыяд, сп. Навумчык спыніўся на выніках выбараў у т. зв. палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі, структуры, створанай рэжымам для выкананьня бачнасьці існаваньня парлямэнту ў Беларусі. Ён адзначыў, што выбары фактычна праваліліся. Апазыцыя байкатавала іх, і, дзякуючы гэтаму, а таксама пазыцыі краінаў вольнага сьвету, вынікі не былі прызнаныя ў сьвеце, а самая "палата" абвешчаная нелегітымнай у заявах Рады Эўропы і Дзярждэпартамэнту ЗША. Чатыры дзеячы, што зьвязвалі сваю дзейнасьць з апазыцыяй, Статкевіч, Чыгір, Нававяд, Абрамава, усё-ж пайшлі на выбары. Апошнюю нават прапусьцілі ў "палату", але, відаць, не ў апошнюю чаргу дзякуючы ейным расейска-шавіністычным поглядам.
Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі на чале з Г.-Г. Вікам займала падчас выбараў не да канца ясную пазыцыю, і, магчыма, вынікі маглі-б прызнаць, калі апазыцыя афіцыйна ўзяла ў іх удзел. На няшчырую пазыцыю Віка яшчэ раней зьвяртала ўвагу Партыя БНФ пад кіраўніцтвам З. Пазьняка. На семінары ў Беластоку сп. Вік сказаў, што дэмакратычная Расея зробіць дэмакратычнаю й Беларусь, і таму ён ня супраць саюзу Расеі з Беларусьсю, нават калі гэта пагражае апошняй стратаю суверынітэту. Пазьней АБСЭ адхрысьцілася ад гэтае заявы, але відавочна, што ў такой манэры думае частка дзейнікаў АБСЭ. Сёньня надзвычай важную ролю можа адыграць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня й ягоны старшыня С. Шарэцкі. Нявыключана, што колькасьць ВС можа павялічыцца за кошт былых сябраў, што былі ў палаце, а цяпер засталіся не пры справах.
Другой важнай падзеяй былі перастаноўкі, якія Лукашэнка правёў у сваім атачэньні. "Правая рука" Лукашэнкі В. Шэйман быў зьняты са старшынства Саветам Бясьпекі, неафіцыйна другой па значнасьці пазыцыі ў кіраўніцтве дзяржавы. На пасаду старшыні КГБ быў прызначаны Ерын з расейскага КГД/ФСБ. Цяпер у вышэйшым эшалоне ўлады ў Беларусі засталіся толькі этнічныя расейцы. Найбольш верагоднай прычынаю перастановак ёсьць тое, што праз апошні інцыдэнт са зьнікненьнем апазыцыянэраў Расея атрымала больш інструмантаў уплыву на Лукашэнку.
Вядома, што яшчэ за часы Захаранкі ў структурах МУС існавала спэцгрупа па барацьбе з арганізаванаю злачыннасьцю. Лукашэнка выкарыстоўваў яе для тэрарызаваньня апазыцыі, выкраданьня людзей. Адзін з афіцэраў гэтае групы быў злоўлены расейцамі ў Чачні, дзе ён падрабляў на баку чачэнскіх паўстанцаў.. Каб купіць сабе жыцьцё, ён расказаў усё пра сябе і пра спэцгрупу. Інфармацыю расейцы скарысталі для ціску на Лукашэнку, і змусілі яго абсадзіць усе найбольш значныя пасады ў кіраўніцтве Беларусі этнічнымі расейцамі і нават грамадзянамі Расеі. Масква дала да ведама Лукашэнку, што валодае ўсёй інфармацыяй пра яго, агалосіўшы некаторыя весткі ў прэсе й на тэлебачаньні. Пуцін вядзе прагматычную жорсткую палітыку, і за кожную паслугу Лукашэнка мусіць плаціць. І сродак платы - гэта заўсёды беларуская незалежнасьць.
Для Масквы пакуль выгадны варыянт паступовага аншлюсу, але пасьлядоўнага і накіраванага. Яна далей ставіць на Лукашэнку, дае 100 млн. даляраў стабілізацыйны крэдыт. І таму вельмі важна, каб апазыцыя ўдала правяла падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў і выставіла адзінага кандыдата.
Сп. Навумчык адказаў на пытаньні прысутных пра розныя аспэкты палітычнага і грамадзкага жыцьця ў Беларусі.