Міжнародны кангрэс, арганізаваны па ініцыятыве правааба-рончых віленскіх арганізацыяў, супаў з чарговаю гадавінаю акупацыі савецкімі войскамі ў 1940-м годзе Літвы, Латвіі ды Эстоніі. І гэта не выпадкова: гады панаваньня камуністычнага рэжыму лічацца найтрагічнымі ў гісторыі гэтых краінаў. І гэта стала першаю ў гісторыі спробаю даць маральную й юрыдычную ацэнку злачынстваў камуністычнай ідэялёгіі.
Больш за 60 выступоўцаў са ўсяго сьвету ў абвінаваўчых дакладах называлі жахлівыя лічбы загінулых і рэпрэсаваных. На агульную думку ўдзельнікаў, злачынствы камунізму па маштабах шматкроць пераўзыходзяць колькасьць ахвяраў фашызму. Камуністы вынішчылі каля 100 мільёнаў. Зь іх на тэрыторыі былога СССР - больш за 20 мільёнаў.
У сваю чаргу, найбольшая колькасьць ахвяраў, сярод бы-лых саюзных рэспублік прыходзіцца на Беларусь. Пра гэта ў сваіх выступах гаварылі прысутныя на кангрэсе Зянон Пазьняк, Сямён Шарэцкі, а таксама Мая Кляшторная і Радзім Гарэцкі, чые бацькі беларускія пісьменьнікі, заплацілі жыцьцём за сьвядомую беларускасьць. Дапрэчы, у Беларусі было зьнішчана 80% беларускае інтэлігенцыі й гэтулькі-ж ад агульнай колькасьці заможных сялянаў. Падлічыць маральны генацыд - катаваньне ў турмах і высылкі, выгнаньне з ўнівэрсытэтаў і працы - проста не магчыма.
І тое, што сёньня нэакамуністычныя сілы спрабуюць аспрэ-чваць сапраўднасьць сталінскіх рэпрэсыяў, гаворыць на тое, што сапраўдныя маштабы трагедыі нашага народу спрабуюць схаваць. І больш таго, сёньня ў Беларусі, на думку ўдзельнікаў кангрэсу, існуе рэальная пагроза рэанімацыі часоў 30-х гадоў - хлусьні, страху. Таму разам з выніковай рэзалюцыяй кангрэсу была прынятая і спэцыяльная заява па Беларусі.
Міжнародны кангрэс у Вільні ў завяршэньне вынес маральнае абвінавачваньне камуністычнаму рэжыму. Аднак працягвае працу грамадзкі трыбунал, які падрахоўвае ўсё новыя факты злачынстваў. Вынікам гэтай работы стане абвінаваўчае заключэньне, якое будзе абвешчанае на восеньскай сэсыі ў верасьні гэтага году.
У адрозьненьне ад Нюрнбэргу, ён ня будзе мець юрыдычнай сілы, але, на думку ўдзельнікаў кангрэсу, сталінізм не загіне на нашай зямлі, пакуль не атрымае маральную рэабілітацыю хоць адзіная ахвяра камунізму.