ПРАМОВА МАРШАЛА ПАРАДУ ПАНЯВОЛЕНЫХ НАРОДАЎ
СП. СЛАВАМІРА АДАМОВІЧА

Нью Ёрк, 16 ліпеня 2000 г.

Не чакайце, што я буду гаварыць пра паняволенасьць. Я ненавіджу гэтае слова. Паняволены - значыць пазбаўлены Волі, Духу. Інакш кажучы - раб. Я гавару і мушу гаварыць пра Беларускі Нацыянальны супраціў ад "А" да "Я", пра беларускую нацыянальную й этнасацыяльную рэвалюцыю пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам "Пагоня".

Апошнія 15 гадоў Беларусь выбаўляецца з кокану талеранцыі і самапаняверкі, атрасае сваё белае цела ад шэрых выпаўзьняў акупацыі - паўзучай у правінцыі й адчайна-адкрытае ў гарадох. Нацыя паўстае ад процілеглага. Процілеглае - гэта часова існуючы сёньня ў Беларусі крымінальны й марыянэтачна-параноідны рэжым. Упэўнены, што ў тысячагадовай гісторыі Беларусі шклоўскі ўнікум (ня блытаць з ідэалам) застанецца самым ненавідным суайчыньнікамі. Але, паўтараю, Нацыя сёньня паўстае ад процілеглага - ад былога першага прэзыдэнта, які зьяўляецца правадніком расейскае акупацыйнае палітыкі.

Чым хучэй нас згінаюць, тым хучэй мы распростваемся. І тысячы ўжо паўсталі ў поўны рост. Гэта шараговыя сябры БНФ і байцы патрыятычнае арганізацыі "Край", Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і Маладога Фронту. Гэта беларусы Кабанчук, Шыдлоўскі, Лабковіч, гэта легендарны Мірон і міронаўцы. Гэта іхнай ахвярнасьцю, іхнай рашучасьцю, любoўю да Бацькаўшчыны прабіваецца мур паняверкі, нерашучасьці, абыякавасьці, які дзесяцігодзьдзямі будавалі ў нашай краіне расейскія шавіністы й іх мясцовыя халуі.

Воля і Дух вяртаюцца ў Беларусь. Будзем-жа працаваць і змагацца, каб яны ніколі не пакінулі беларускі прастор, каб паняволенасьць засталася толькі на старонках гісторыі - як навука нашым нашчадкам у сапраўды вольнай і беларускай Беларусі.