Сьнежаньскі сход аддзелу БАЗА

9-га сьнежня адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. На пачатку ср. Віталь Зайка, старшыня аддзелу, зьвярнуў увагу сябраў на тэрміновую ўплату сяброўскіх складак за бягучы год і на год наступны.

Затым выступіў сп. Сяргей Навумчык, супрацоўнік Радыё Свабода. Ён зрабіў агляд падзеяў у Беларусі за апошнія месяцы, які скарочана ў пераказе падаецца ніжэй. Госьць з Прагі перадаў прывітаньне ад беларусаў Чэхіі, колькасьць якіх за апошнія гады значна павысілася.

Сп-ня Ала Орса-Романо распавяла пра вандроўку, якую арганізавалі сябры аддзелу ў пячоры ў ваколіцах сталіцы штату Нью Ёрк горада Албані. Удзел у ёй узалі 15 чалавек. Яны пабачылі адную з самых вялікіх пячораў на ўсходнім узьбярэжжы ЗША з сталактытамі й падземным возерам. Падчас вандроўкі сп. Юрка Васілеўскі прачытаў рэфэрат да 80-годзьдзя Слуцкага Збройнага Чыну. Сп. Іна Фанская распавяла пра лёс некаторых слуцкіх паўстанцаў. Сп. Сяргей Капытка прачытаў паэмы Ўладзімера Караткевіча, а сп-ня Нэля Ржэвуцкая вершы свае сяброўкі паэткі Веры Буланды. Удзельнікі вандроўкі засталіся вельмі задаволеныя і прапанавалі часьцей арганізоўваць літаратурныя вечары. Таксама была выказаная думка стварыць музычную групу ці свой беларускі хор.

Сп-ня Ала таксама паінфармавала аб выставе нацыянальных строяў ва ўнівэрсытэце Луізіяны, на якую сябры аддзелу перадавалі шэраг строяў. Калі арганізатары гэтае выставы зьвярнуліся ў беларускую амбасаду з прасьбаю дапамагчы ім знайсьці беларускія строі, то там дапамагчы адмовіліся. Між тым, беларускія строі карысталіся на выставе вялікаю цікавасьцю ў наведвальнікаў.