РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
ПРЭЗЫДЫЮМ
Зварот да беларускага народу
ў Дзень Герояў, 27-га лістапада 2001-га году
Дарагія суродзічы!
Сьвяткуючы ўгодкі слаўнага Слуцкага Збройнага Чыну, Беларусы ўва ўсім сьвеце аддаюць гонар случчакам, якія "пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына". Было іх толькі каля дзесяці тысяч, мелі толькі дзьве тысячы вінтовак і дзесяць кулямётаў. Аднак праз тры тыдні пасьля пачатку баявых дзеяньняў, бальшавікі былі змушаныя ўзмацняць сваё войска азіяцкімі аддзеламі, каб іх перамагчы.
Ёсьць у нас героі й сёньня. І ёсьць шмат. У гэты Дзень Герояў хацела-б аддаць гонар моладзі, якая змагаецца ў Курапатах, каб не дазволіць пакрыць асфальтам косьці ахвяраў сталінізму. Іх зьбіваюць, іх арыштоўваюць, іх штрафуюць, а яны - на варце. Бароняць Бацькаўшчыну й яе адвечныя вартасьці. Яе славу. Яе годнасьць. Яе незалежнасьць.
Гэтыя дзяўчаты й хлопцы - нашыя сёньняшнія случчакі - паказваюць волю нашага маладога пакаленьня захаваць гістарычную памяць беларускага народу й даказаць сьвету, што Беларусь Жыве!.
Зьвяртаюся сёньня да ўсіх тых, хто яшчэ іх не падтрымаў. У Курапатах муселі-б вартаваць магілы ахвяраў чужацкага тэрору не дзесяткі ці сотні герояў, а ўвесь беларускі народ! Не дазвольце спраўдзіцца стэрэатыпам пра нашую пасыўнасьць і абыякавасьць да ўсяго беларускага! Яшчэ ёсьць час выратаваць гонар нашага народу. Ідзіце тысячамі ў Курапаты! Пакажэце сьвету Вашую салідарнасьць! Пакажэце, што беларускі народ вольны, мужны, годны, сапраўды існуе, і што ён заслугоўвае на павагу міжнароднай супольнасьці.
Жыве Беларусь! Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Атава, Канада. Лістапад 2001 году.